“Жывы дыялог”

Чарговую спробу засяродзіць увагу на пытаннях добраўпарадкавання сельскіх паселішчаў, а таксама надзённых клопатах і турботах вяскоўцаў і іх вырашэнні зрабіла кіраўніцтва рэгіёна. З гэтай мэтай прадстаўнікі ўлады і службаў наведаліся ў населеныя пункты Марохараўскага, Чырвоненскага і Дзякавіцкага сельсаветаў.

Падчас семінару яго ўдзельнікі найперш знаёміліся з работай старшынь вышэйзгаданых Саветаў па вынесеных на парадак пытаннях у малых вёсачках. Такіх як Навуць, Відошын і Хвойка. Так, даўно ў іх не бурліць жыццё, а асноўныя жыхары – людзі пенсійнага ўзросту. І гэта накладвае пэўны адбітак на дзейнасць вясковай улады, каб задаволіць попыт такіх людзей у самым неабходным. Хаця і з акна аўтобуса, але добра было бачна, што пра старых не забываюць.  У тым жа Відошыне прывялі ў парадак вуліцы, пакасілі пустазелле, пазносілі аварыйныя дрэвы і пабудовы. Праца па добраўпарадкаванні вядзецца і ў Навуці, хаця і не без праблем. Прыемна здзівіў усіх парадак і на вуліцах у Хвойцы. Як запэўнілі кіраўнікі ўпамянутых адміністрацыйных тэрыторый, гэта з’яўляецца вынікам сумесных намаганняў як на мясцовым узроўні, так і дапамозе раённых прадпрыемстваў і арганізацый, а таксамам мэтанакіраванай рабоце з насельніцтвам. Па словах старшыні райвыканкама Віктара Атліванава, у такім рэчышчы патрэбна рухацца і далей, пры Саветах варта ствараць брыгады, якія б аказвалі дапамогу пенсіянерам у добраўпарадкаванні. Не павінны  па аказанню паслуг заставацца ў баку і сельгаспрадпрыемствы.

На жаль, у сельскіх паселішчах застаецца нямала нявырашаных праблем. І некаторыя з іх узнікаюць менавіта па прычыне недапрацовак адказных службаў. Аб гэтым яскрава засведчыў выяздны дыялог з грамадзянамі Дзякавіцкага сельскага Савета, што адбыўся ў старшыні райвыканкама і яго намеснікаў. Аказалася, што адной з самых балючых праблем для вяскоўцаў застаецца стан дарог. Нараканні  на гэта паступалі ад жыхароў кожнага паселішча. Скардзіліся і на кепскую арганізацыю вулічнага асвятлення. Патрабавалі людзі і паляпшэння гандлёвага абслугоўвання. У прыватнасці, жыхары вёскі Буда прасілі, каб вярнулі трохдзённы графік наведвання іх населенага пункта аўтамагазінам, а ў Ветчыне – большага асартыменту тавараў. Выказаліся грамадзяне і за тое, каб знайсці магчымасць  пусціць па суботах пасля абеда аўтобусны рэйс  з райцэнтра, бо адтуль у такі час не можна дабрацца да дому. А ўладальнікі кароў з Хвойкі турбаваліся за тое, каб дапамаглі паглыбіць копанку, бо ў спякоту няма дзе жывёлу напаіць. Людзей запэўнілі, што іх праблемы будуць вырашацца. І гэта так. Толькі палепшыць усё незайздросную долю вёсак, здаецца, часова. Колькі прыкладаў маецца, калі яшчэ дзесяцігоддзі з два ў тым жа Відошыне пражывала больш як дзвесце жыхароў. А цяпер адзіны населены пункт у раёне, дзе цэнтральная вуліца без асфальту і ад пылу, які ўзнімаецца з пад колаў праязджаючай тэхнікі, пенсіянеры не могуць адчыніць вокны. Не засталося ў іх і будынка, дзе б яны змаглі сабрацца разам і пагутарыць аб надзённым. Віктар Атліванаў запэўніў, што ўлада будзе імкнуцца знайсці выхад з сітуацыі. Толькі дбаць аб будучыні сваіх паселішчаў людзям варта ўжо зараз. Менавіта на гэтую тэму і ішла размова ў старшыні ў аграгарадку Дзякавічы.  Час не шкадуе і яго. Па словах дырэктара мясцовай навучальнай установы Пятра Кушніра, у школе зараз няма вучняў у двух класах, а ўсяго выхаванцаў не набярэцца і паўсотні. Не чакаецца ў бліжэйшыя гады і вялікага папаўнення.    Наперадзе, праз гадоў пяць-шэсць пры такім раскладзе, закрыццё школы. Канечне, апошняй надзеі пакуль не губляюць. Ля аграгарадка плануецца будаваць вялікі малочнатаварны комплекс на дзве з паловай тысячы галоў дойных кароў. А гэта дадатковыя рабочыя месцы. Тым больш што ў гаспадарцы і жыллё маецца. Яго патрэбна толькі прывесці ў парадак. Але справядліва было сказана, што сельгасвытворчасць дэмаграфічнага ўздыму не зробіць. Не патрэбна столькі працаўнікоў як у ранейшыя гады. Ды і не вельмі жадае цяперашняя моладзь у трактарысты і даяркі. І тут на першы план павінна выходзіць прыватная ініцыятыва.  Яна ў тым жа развіцці прыватных гаспадарак. Зямлі ў Савеце для гэтага дастаткова.  Прыдатная глеба ў Дзякавічах і для развіцця агратурызму. Возера Чырвонае побач. Кожныя выхадныя сюды прыязджае сотня рыбакоў з усёй рэспублікі. А для начоўкі прыстойнага месца няма.

– Чаму б не прыцягнуць да справы прадпрымальных землякоў, якія б інвеставалі ў гасцінічны бізнес. Ды і мясцоваму сельгаспрадпрыемству варта над гэтым задумацца, – канстатаваў  старшыня райвыканкама Віктар Атліванаў. – І пустуючыя будынкі з усімі камунікацыямі для такой справы маюцца. Там толькі рамонт зрабіць патрабуецца.

Вызначальная роля ў дзейнасці па адраджэнню  сельскіх населеных пунктаў належыць вясковай уладзе і яе актывістам. Менавіта яны павінны працаваць так, каб іх родныя мясціны сталі прыцягальнымі для пражывання і стваральнай дзейнасці. Таму наводзіць парадак і ўхіляць негатыўныя з’явы ў іх кампетэнцыі і ўмення арганізавацца.  На семінары менавіта на гэтым аспекце і быў зроблены асноўны акцэнт. Жывы дыялог  паміж уладай і жыхарамі рэгіёна будзе толькі набіраць моц, бо гэта не толькі пляцоўка для абмеркавання праблемных спраў, але і зона канкрэтных дзеянняў.

Сяргей БЕЛКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.