Грошы любяць разумных

Што такое франшыза, які элемент абароны не прымяняецца пры вырабе беларускіх рублёў і калі банк мае права зменшыць памер працэнтнай стаўкі па ўкладу датэрмінова? На гэтыя і іншыя падобныя пытанні адказвалі ўдзельнікі раённага этапа рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці, што прайшоў на мінулым тыдні.

У спаборніцтве, якое трэці год сумесна з міністэрствам адукацыі праводзіць ААТ “АБ “Беларусбанк”, свае веды праверылі 25 вучняў 10-11 класаў з дзесяці школ. Хлопцаў і дзяўчат, рассадзіўшы па аднаму за парты, экзаменавалі у дзвюх аўдыторыях СШ №1 г. Жыткавічы. На працягу стандартнага ўрока, за 45 хвілін, ім трэба было запоўніць анкету з 31 пункта. Тэст, акрамя выбару азначэнняў, утрымліваў і некалькі задач, накшталт разліку сумы дэпазіту, а ў апошнім, творчым заданні трэба было выказаць уласнае меркаванне, паразважаўшы, як, плануючы сямейны бюджэт, прымяніць пагаворку “готовь сани летом, а телегу зимой”.

Правяраючы работы, супрацоўнікі жыткавіцкага падраздзялення Беларусбанка Таццяна Жураўская і Алена Галавач адзначылі даволі высокі ўзровень дасведчанасці вучняў, пры тым, што фінансавую грамату не выкладаюць у школах, і рост цікавасці да алімпіяды, колькасць удзельнікаў якой штогод павялічваецца. Дарэчы, цяперашнім школьнікам ёсць на каго раўняцца, двойчы нашы вучні выходзілі пераможцамі абласнога ўзроўню і адзін раз абаранялі раён на рэспубліцы.

Свае лідары вызначыліся і на гэты раз. Аднолькавую колькасць балаў, па 65 з сотні магчымых, набралі два адзінаццацікласнікі. З улікам вышэйшай адзнакі за рашэнне задач, трэцяе месца аддалі Андрэю Леўкаўцу (Рычоўскі д/с-СШ), другое прысуджана Аляксею Кузьмічу (Тураўская СШ №2). А лідарам спаборніцтва з вялікім адрывам стала вучаніца 10 класа Жыткавіцкай СШ №2 Дар’я Шчур, вынік якой – 82 ачкі.

Па прызнанні школьніцы, перамога стала вялікай нечаканасцю. Яе маці працуе эканамістам, але сама Даша марыць пра прафесію перакладчыка, таму займаецца ў “гуманітарным” профільным класе. Тым не менш, удзел у фінансавай алімпіядзе даў новы карысны вопыт, падкрэсліла выдатніца.

Ганаровыя дыпломы і прыемныя падарункі тройцы раённых фіналістаў уручыла дырэктар  мясцовага ЦБП №311 філіяла №317 ААТ “Ашчадны банк “Беларусбанк” Тамара Катовіч. Яна падзякавала ўсім вучням за старанне, выказаўшы надзею, што атрыманы досвед кожнаму спатрэбіцца ў паўсядзённым жыцці, а некага магчыма падштурхне і да выбару звязанай з фінансамі спецыяльнасці.

Праверце сябе

*Франшыза – неаплачаная частка ўрону.

*На беларускіх банкнотах адсутнічае мікраперфарацыя.

*Змяншэнне памеру працэнтнай стаўкі дапускаецца як па дамоўленасці бакоў, так і ў выпадку, калі гэта прадугледжана дагаворам банкаўскага ўкладу.

Святлана ШАКАЛЯН,

фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.