Самыя цёплыя і шчырыя словы ўдзячнасці выказаў старшыня райсавета Уладзімір Кулеш Марыі Кіслюк

Самыя цёплыя і шчырыя словы ўдзячнасці і віншаванняў выказаў старшыня райсавета Уладзімір Кулеш напярэдадні Дня маці Марыі Кіслюк  з аграгарадка Кольна і Вользе Мароз (на здымку) з вёскі Бярэжцы. Каб аддаць належную павагу гэтым мужным жанчынам, Уладзімір  Мікітавіч  наведаўся да іх дадому.

Для Марыі Ільінічны такая ўвага з  боку кіраўніка раённага Савета дэпутатаў стала прыемнай нечаканасцю, але і яна, і яе родзічы ўзрадаваліся госцю, які прыйшоў з кветкамі і падарункам. Таму  ў яго нязмушаная размова з гаспадынямі  сядзібы завязалася вельмі хутка. Гаварылі пра здароўе, пра надзённыя клопаты, успомнілі і сына-героя Анатоля, які загінуў у Афганістане.

– Канечне, страта гэтая вялікая для маці, але ўжо такі ў мужчын лёс – абараняць Айчыну, – суцяшаў пажылую жанчыну Уладзімір Мікітавіч. – І такія людзі, як Марыя Ільінічна, заслугоўваюць асаблівага шанавання  ўжо толькі за тое, што вырасцілі  сапраўднага патрыёта сваёй Радзімы, што не страцілі ў горы чуласці і душэўнасці.

Не менш шчымліва разгортваліся падзеі і ў хаце Вольгі Іванаўны.  Пра яе сына, які ахвяраваў уласным жыццём дзеля таго, каб выратаваць  сваіх таварышаў студэнтаў ад смяртэльнай небяспекі, Уладзімір Кулеш ведаў  з юначых гадоў. Школьнікам з аднакласнікамі прыязджаў з Турава на веласіпедах у Бярэжцы, каб ад маці героя пачуць аповед пра Мішу, як гартаваўся яго характар.  Пякучы боль і зараз працінае яе сэрца, нават прайшоўшыя дзесяцігоддзі не могуць зацягнуць душэўнай раны. Для такіх маці светлая памяць пра іх сыноў, якая жыве дагэтуль, і з’яўляецца найвялікшай падзякай ад усіх нашчадкаў.

Сяргей БЕЛКА

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.