Шэсць дзясяцігоддзяў выхоўвае юныя таленты Жыткавіцкая дзіцячая школа мастацтваў

– Люблю гартаць гэту кнігу, – беражліва пагладжвае вокладку старога фаліянта гаспадыня нотнай бібліятэкі і сакратар Ілона Макляк. – Паглядзіце, якія натхнёныя твары былых выкладчыкаў, а дзеці на здымках выглядаюць больш дарослымі чым іх цяперашнія равеснікі. Шкада, пустых старонак засталося няшмат.

Высокі прэстыж

Каліграфію першых, яшчэ чарнільных, радкоў вялізнага альбома, дзе занатавана біяграфія храма музыкі, паступова змяняюць запісы шарыкавай ручкі, фатаграфіі перамяжаюцца выразанымі з раёнкі заметкамі пра святы і будні дружнага калектыву. Кожная картачка і сказ тут літаральна дыхаюць гісторыяй. Свой пачатак яна бярэ ў 1958 годзе. Калі гаварыць дакладна, то тады, 3 кастрычніка, было толькі прынята рашэнне райвыканкама аб адкрыцці ў г.п. Жыткавічы музычнай школы, а стартавала навучанне праз 10 месяцаў, з верасня. Першым дырэктарам прызначылі Мікалая Маркава. Дзяцей па класу баяна вучылі Валянціна Куракіна і Адам Макарэвіч. У 1964 годзе адбыўся дэбютны выпуск, з якога праславіліся  адразу два выхаванцы: Мікалай Гарбаба стаў выкладчыкам музыкі, а Уладзімір Буднік – вядомым беларускім кампазітарам, імя якога цяпер носіць даўшая земляку пуцёўку ў жыццё родная альма-матар.

Паступова расла колькасць жадаючых спасцігаць свет музыкі, прырастаў кадрамі педсклад. Разам з тым дабаўляліся і новыя аддзяленні, дзе навучалі іграць на духавых, струнных і клавішных інструментах. Шмат увагі калектыў установы надаваў развіццю самадзейнасці. Акрамя шэрагу ансамбляў і аркестраў з ліку настаўнікаў і дзяцей, тут існавала нават оперная студыя. Многія выкладчыкі кіравалі мастацкімі калектывамі, створанымі на падшэфных прадпрыемствах горада. 

– Прэстыж школы быў надта высокі, – успамінае залатую пару адзін са старэйшых педагогаў Павел Ярмош. Каб стаць яе вучнем, жыткавіцкі чацвёртакласнік перадолеў конкурс у пяць чалавек на месца. – На баяне я займаўся ў будынку, што знаходзіўся на месцы цэнтра культуры, а тэарытычныя дысцыпліны выкладалі ў суседняй двухпавярхоўцы. Быў яшчэ адзін адрас, дзе вучыліся піяністы і балалаечнікі, цяпер там стаіць магазін, вядомы як “Явар”.

Выхаванне музыкай

За мінулы час школа пераязжала чатыры разы. Апошняя наваселле на радасць дзецям і настаўнікам адбылося ў 1991 годзе. Калектыў нарэшце атрымаў свае лепшыя апартаменты, а горад яшчэ адно сімпатычнае месца, з вясны да восені ўпрыгожанае кветкамі. Можна толькі прыблізна падлічыць, колькі дзяцей выпусціла гэта ўстанова. Дыпломы штогод атрымліваюць па сорак і больш чалавек. І ў кожнага з іх свая гісторыя ўзаемаадносін з нотным станам.

— Людзі, якія займаюцца музыкай, адрозніваюцца ад тых, хто гэтаму не вучыўся, — за 28 гадоў педагагічага стажу ў гэтым ўпэўнілася дырэктар ДШМ Жана Гарэлава. – У іх іншы кругазор і светаўспрыманне, мысленне і памяць больш трывалая. Гады, праведзеныя за інструментам, духоўна ўзбагачаюць, выхоўваюць характар, культуру і мастацкі густ. Нават, калі дзеці і не стануць прафесіяналамі, гэта будзе карысна.

Жана Валер’янаўна не без гонару канстатуе: калектыў паспяхова спраўляецца і са сваёй галоўнай задачай – падрыхтоўкай адоранай моладзі да працягу профільнай адукацыі. Сярод нашых выпускнікоў ёсць выканаўцы, залічаныя ў штат такіх вядомых у краіне калектываў, як Нацыянальны канцэртны аркестр Міхаіла Фінберга, народны хор пад кіраўніцтвам Міхаіла Дрынеўскага і іншыя. Яшчэ больш чалавек пайшло па педагагічнаму шляху, стаўшы выкладчыкамі – дзіцячых школ, музкаледжаў, універсітэта культуры і нават акадэміі музыкі. Настаўнік наогул не прафесія, а прызванне. Мала валодаць ведамі самому – варта ўмець перадаць іх вучню, а гэта па сілах далёка не кожнаму.

Поспехі вучняў, гонар настаўнікаў

Сёння любоў да высокага мастацтва падрастаючаму пакаленню прывіваюць 36 педагогаў, з якіх роўна дзве траціны маюць пасведчанні сваёй жа школы. І гэта пераемнасць – адна з фірмовых адметнасцяў установы. Больш за тры дзясяткі гадоў адданыя любімай прафесіі Алена Жукоўская, Марыя Кацянёва, Ірына Белаус, Алена Анучкіна, Алена Вадніцкая, Ірына Бандзюк, Аляксандр Пісанік, Петр Трасцянюк, Павел Ярмош, Таццяна Юхневіч. У іх вучацца ўжо нашчадкі першых выхаванцаў. Пра майстэрства педагогаў сведчыць і іх кваліфікацыйны ўзровень. Шасцёра чалавек маюць вышэйшую катэгорыю, 12 – першую, восем абаранілі другую.

Паводле слоў дырэктара, цякучасці кадраў практычна няма. Пенсіянераў змяняюць учарашнія студэнты. Толькі за апошнія тры гады ў штат уліліся шэсць маладых спецыялістаў. Настаўнік музычна-тэарытычных дысцыплін Наталля Аляксеенка пасля каледжа вярнулася дадому ў Жыткавічы.

– Тут усё сваё, роднае, – зусім не шкадуе пра такое размеркаванне дзяўчына. – Мае педагогі сталі калегамі. Люблю сваю работу, хочацца, каб дзеці выхоўваліся на самых лепшых узорах класікі, а не аднадзённых мелодыях.

Вядома, шчасце настаўнікаў – у вучнёўскіх поспехах. І яны не падводзяць, рэгулярна перамагаючы ў розных спаборніцтвах – ад раённых да міжнародных. У дзевяностыя па гуманітарнай праграме юныя таленты гастралявалі ў Германіі. А сем год таму ў красавіку школа пачала праводзіць адкрыты рэгіянальны конкурс дзіцячага мастацтва “Залатая нота Палесся”, прымеркаваны да дня нараджэння выбітнага земляка Уладзіміра Будніка.      

Акрамя эстэтычнага выхавання моладзі, ДШМ выконвае яшчэ адну вельмі важную міссію – папулярызуе культурнае жыццё грамадства. Без удзелу выхаванцаў і выкладчыкаў школы не праходзіць ніводнае гарадское свята. Адметным абяцае быць і ўласны юбілей, да якога зараз рыхтуюць сцэнарый. Урачыстасці з нагоды 60-годдзя запланаваны на пачатак 2019 года.

З дырэктарскай папкі

У дзіцячай школе мастацтваў імя У. Будніка дзейнасць ажыццяўляецца па трох накірунках – музычнае (11 інструментаў), выяўленчае і харэаграфічнае (на базе Ленінскай СШ). На 1 верасня ва ўстанове займаецца 381 чалавек, 73 з іх – ў класах, размешчаных ў аграгарадках Людзяневічы, Кольна, Ленін і Юркевічы. Штогод кантынгент навучэнцаў павялічваецца на 0,5 працэнта. Арганізаваны чатыры падрыхтоўчыя групы, у якія залічаны 38 рабят, і адна для адораных, колькасцю 26 навучэнцаў.

Для развіцця творчага патэнцыялу ў школе створаны 12 калектываў, у тым ліку тры маюць званне ўзорных, і два са статусам народны.

За мінулы навучальны год ДШМ дала 48 канцэртаў, зладзіла 28 выстаў работ навучэнцаў класа жывапісу, спаборнічала ў 14 конкурсах, па выніках якіх заваявала 29 дыпломаў, 9 грамат, адну падзяку і чатыры сэртыфікаты ўдзельнікаў.

Сямёра выпускнікоў паступілі ў профільныя сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Прачытана ў памятным альбоме

«Готовясь достойно встретить 100-летие со дня рождения В.И. Ленина, коллектив преподавателей Житковичской музыкальной школы принял социалистические обязательства, главной задачей которых было способствовать претворению в жизнь Программы КПСС, нести искусство в широкие массы трудящихся, активно пропагандировать музыкальную культуру, воспитывать музыкальный вкус трудящихся на лучших образцах народной музыки, произведениях русских и зарубежных классиков, сочинениях советских композиторов».

Кіраўнікі школы:

Н. Маркаў, Ф. Бабушкін, П. Брухавецкі, М. Галавач, В. Леановіч, В. Санюк, В. Комар, В. Хаміцэвіч, Т. Варапаева, Ж. Гарэлава.

Святлана ШАКАЛЯН

Фота аўтара і з архіва ДШМ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.