Бацькоўскае цяпло ў засені “Бярозы”

Жыткавіцкі раён стаў адным з піянераў стварэння дзіцячых дамоў сямейнага тыпу не толькі на Гомельшчыне, а і ў рэспубліцы. А па іх колькасці мы і зараз у лідарах. Днямі першы такі прытулак адзначыў круглую дату.

Штуршком для яго арганізацыі паслужыла закрыццё ў 2008 годзе мясцовай школы-інтэрната. Каб сіроты не пакідалі родыя мясціны, улада прыняла рашэнне частку выхаванцаў, пераважна старэйшага ўзросту, аб’яднаць пад адным дахам, даверыўшы іх лёс выхавацелям Зарэцкім. Так на вуліцы Якуба Коласа сонечным днём 28 кастрычніка расчыніў свае дзверы дом сямейнага тыпу. Яго, вобразна кажучы, хроснымі бацькамі стала італьянская дабрачынная асацыяцыя “Бяроза” (BETULLA). Меўшая шэфства яшчэ над інтэрнатам, яна выдзеліла сродкі на набыццё будынка і яго абсталяванне, а пазней прафінансавала газіфікацыю ды іншыя неабходныя камунікацыі. Сяброўства з фундатарамі з горада Тарэлія не перарываецца дагэтуль. У якасці пачэсных гасцей група валанцёраў з далёкага паўвострава прыехала на юбілей.

— Нельга не радавацца таму, што нашы сумесныя намаганні далі добры плён, — падкрэсліў прэзідэнт асацыяцыі Дуіліо Баланіні. — Дзеці, што па волі лёсу засталіся без бацькоўскай апекі, атрымалі шанс расці не ў казённых сценах, а ў сям’і. Наша мэта — даць ім лепшую будучыню, разам дапамагчы дасягнуць пэўных жыццёвых поспехаў.

Спадар Баланіні расказаў, што за 18 гадоў знаёмства з нашым рэгіёнам у яго склаліся вельмі цёплыя стасункі з многімі людьмі. Шмат маленькіх жыхароў Жыткаўшчыны за гэты час адпачылі на Апенінах, важкай была і гуманітарная падтрымка. З 19 хлопчыкаў і дзяўчынак, што выйшлі са сцен дома сямейнага тыпу, чацвярых усынавілі грамадзяне Італіі, яшчэ адзін паўналетні знайшоў у гэтай краіне працу. Вельмі кранулі радкі з прачытанага госцем ліста, што перадала маці хлопчыка Сашы, стаўшага для яе доўгачаканым сынам.

У зваротным слове старшыня райвыканкама Віктар Атліванаў падзякаваў італьянскім партнёрам за дабрачыннасць і павіншаваў віноўнікаў урачыстасці, выказаўшы у адрас усіх бацькоў-выхавацеляў, якія таксама прысутнічалі на свяце, словы ўдзячнасці за іх высокародную справу.

Апошнія тры гады ва ўстанове працуюць Святлана і Яўгеній Гарбары, якія зараз выхоўваюць шасцёра дзяцей. Яны змянілі сужэнцаў Прахарэнка. Клопат пра сірот — гэта хутчэй не прафесія, а своеасаблівая місія і па сілах яна людзям адметным – з вялікім сэрцам і добрай душой. Аб тым, як пачуваюць сябе пад іх патранатам малыя, яны распавялі мастацкімі сродкамі ў спецыяльна падрыхтаваным да ўрачыстасці канцэрце, дзе знайшлося месца і выступленням з гірамі, малыя сябруюць са спортам. Былі, як і патрэбна на дні нараджэння, і іншыя прыемныя падарункі. Не абыйшлося свята без забаў і частаванняў для дзяцей.

Дарэчы

На Жыткаўшчыне створана пяць дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Як сказана вышэй, першы з’явіўся дзякуючы італьянскай асацыяцыі “Бяроза”. Другі адкрыўся пры падтрымцы Беларускага дзіцячага фонду, яшчэ два — ірландскай дабрачыннай арганізацыі. Рудніцкія з вёскі Вільча выхоўваюць малых з 2009-га. На год пазней адкрыліся градаўскі і жыткавіцкі ДДСТ, дзе бацькамі-выхавацелямі працуюць Цупікі і Яроменка. Муж і жонка Калоська з Турава арганізавалі такую ж ўстанову ў 2013 годзе на свае сродкі ва ўласнай сядзібе. Сёння ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу жыве 31 непаўналетні, а яго выпускнікамі сталі 80 детей.

Святлана ШАКАЛЯН,

фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.