Гэты восеньскі прызыў па колькасці навабранцаў на Жыткаўшчыне самы вялікі

У бліжэйшы месяц стаць у строй прадстаіць 91-му юнаку. Першай партыі маладых людзей днямі ўручылі павесткі. Урачыстая падзея адбылася на сцэне дзіцячай школы мастацтваў імя У. Будніка.

Максім Папок з Бялёва да сваіх 20 гадоў паспеў атрымаць некалькі дыпломаў і прафесій, а разам з тым і першы працоўны вопыт у якасці электраслесара на “Беларускаліі”.

– Служыць выпала ў роце ганаровай варты, – ахвотна паведаміў пра бліжэйшую перспектыву ўсмешлівы хлопец. – У сям’і я не першы салдат. Брат тэрміновую праходзіў у дэсантных войсках, бацька мой танкістам быў. Армія дрэннаму не навучыць, а час, спадзяюся, праляціць хутка і не без карысці.

– Канечне, мы хвалюемся за сваіх дзяцей, – уступае ў размову Святлана Васільеўна, мама другога бялёўскага навабранца Дзмітрыя Яцукевіча. – Але ж іхні абавязак такі – аддаць доўг Радзіме.

Аляксей Мароз, выкладчык СШ №2 г. Турава прыехаў падтрымаць свайго выпускніка, а цяпер і калегу, настаўніка хіміі Уладзіслава Вашкова:

– За два месяцы ён добра сябе зарэкамендаваў, мы будзем радыя вяртанню педагога ў калектыў, няхай хлопцам лёгка служыцца.

Ад імя ўлады будучых навабранцаў павіншаваў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Уладзімір Гулюта, выказаўшы ўпэўненасць, што з нашай моладзі атрымаецца добры рэзерв узброенных сіл, юнакі памужнеюць і імі будуць ганарыцца землякі.

Перш чым уручыць павесткі, начальнік групы прызыву раённага ваеннага камісарыята маёр Уладзімір Дзямко нагадаў аўдыторыі пра тое, што служба была і застаецца пачэснай місіяй кожнага мужчыны, гэта своеасаблівы рубеж, за якім пачынаецца дарослае жыццё.

Усяго дакументы ў гэты дзень атрымалі 60 чалавек. Як адзначыў прадстаўнік ваенкамата, на прызыўныя мерапрыемствы выклікаліся 218 хлопцаў. Кожная трэцяя адтэрміноўка выдадзена для працягу адукацыі, кожная шостая – па прычыне нездавальняючага стану здароўя. 16 жыхароў раёна не з’явіліся па выкліку і знаходзяцца ў вышуку. Якасны склад навабранцаў у цэлым даволі нядрэнны.

Першая адпраўка ў воінскія злучэнні адбудзецца 15 лістапада. А самую вялікую партыю з Жыткавічаў – 20 хлопцаў – правядуць на наступны дзень.

Святлана ШАКАЛЯН

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.