Свята маладосці і прыгажосці

Талент і прыгажосць – гэтыя якасці дамінавалі на сцэне гарадскога Цэнтра культуры падчас конкурсу “Міс – Восень 2018”.  І дзякуючы ім саперніцтва атрымалася даволі пазітыўным.

За галоўны тытул самай прыгожай жыткаўчанкі змагаліся пяць прэтэндэнтак. Гэта навучэнкі СШ №3 Паліна Сахарава, СШ №1 Марыя Рамановіч, прафесійнага ліцэя Ганна Лой і гарадской гімназіі Арына Карамян і Вікторыя Макух. Арганізатары падабралі для дзяўчыт нялёгкія выпрабаванні, але тыя з імі справіліся вельмі годна. Ужо падчас візітоўкі ў сваіх відэароліках канкурсанткі пераканаўча даказалі, што на галоўнай канцэртнай пляцоўцы раёна яны апынуліся невыпадкова. Па- першае, яны добра вучацца ў школах, па-другое, з’яўляюцца  ва ўстановах актывісткамі грамадскага жыцця, па-трэцяяе, маюць шмат разнастайных творчых захапленняў, якія гарманічна спалучаюць з духоўнасцю і высакароднасцю, а па-чацвёртае, яны — проста прыгажуні. І на працягу ўсёй праграмы дзяўчаты імкнуліся данесці гэта гледачам.  Напрыклад, у намінацыі, дзе  канкурсанткі дэманстравалі уласнаручна створаныя нарады.  Каб тыя выглядалі прывабна  старшакласніцы пррыклалі нямала намаганняў, а яшчэ больш праявілі фантазіі і выдумкі. Ды і на этапе, калі патрабавалася паказаць пародыі на вядомых артыстаў, дзяўчынкі па-сапраўднаму раскрылі свой творчы патэнцыял. Надзвычайныя зачараванне і замілаванасць выклікалі ў прысутных у зале выхад канкурсантак у вясельных сукенках.

Падтрымлівалі апладысментамі гледачы прыгажунь і падчас інтэлектуальнага змагання. Тут яны прадэманстравалі свае жыццёвыя ідэалы. Гэта сяброўства, добразычлівасць, міласэрнасць, дабрачыннасць і іншыя высокія маральныя якасці, якімі дзяўчаты кіруюцца ў жыцці.  Дзея шоў глядзелася на адным дыханні, чаму спрыялі не толькі выступленні яе галоўных гераінь, але і канцэртныя нумары вакалістаў і танцораў гарадскога Цэнтра культуры. Гледачы, на жаль іх было не так і шмат, засталіся вельмі задаволенымі. Прычым, не толькі відовішчам, якое адбывалася на сцэне, але і тым, што кожная канкурсантка не засталася без узнагарод. А самую галоўную з іх тытул “Міс – Восень 2018” журы прысудзіла Паліне сахаравай.

Сяргей БЕЛКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.