Кацярына Ханеня даглядае самых маленькіх цялятак

У дзень наведвання структурнага падраздзялення аднайменнага акцыянернага таварыства Кацярына Віктараўна ва ўсю завіхалася на сваім працоўным месцы. Разам з напарнікам мянялі  падсцілку ў клетках-доміках. Жывёлаводы спрытна закідвалі туды свежую салому і спыніліся толькі тады, калі поўнасцю справіліся са справай.  Хаця было бачна, што аператар па вырошчванню маладнячку крыху і прытамілася, але адпачываць не стала. Адразу накіравалася за малаком, бо прыйшоў час выпайкі гадаванцаў.

– Каб мець належныя прывагі, патрэбна строга трымацца распарадку пры кармленні, – гаворыць Кацярына Віктараўна, – а гэта даволі нялёгкая дзейнасць.  Зараз мы даглядаем больш як сто цялятак, каб напаіць іх  малаком тры разы на дзень, патрэбна прынесці з фермы амаль тону прадукту. А яшчэ і вада цёплая патрабуецца. Пасля чаго усё раздаць жывёле неабходна. Гэта ўручную робіцца. І такі рытм амаль штодня.

Ханеня да сваіх гадаванцаў адносіцца, нібы да малых дзяцей. Яна ўпэўнена, калі з першага дня пасля ацёлу маладнячок атрымае належны  клопат, то і ў далейшым ён будзе расці здаровым і ў канчатковым выніку парадуе добрай прадуктыўнасцю. Таму і рупіцца жанчына не пакладаючы рук. Закончыла раздаваць корм, як адразу бярэцца за навядзенне парадку на тэрыторыі замацаванага за ёю імправізаванага цялячага гарадка. Нават выканаўшы ўсе абавязкі, даглядчыца не спяшаецца да дому, а яшчэ раз пройдзе па праходах, каб пераканацца, што ўсё ў парадку, што  цяляты здаровыя. Пра апошняе клопат у Кацярыны Віктараўны асаблівы. Толькі ўбачыць, як  фізіялагічны стан нейкага бычка ці цялушачкі пагоршыўся, адразу бяжыць да ветэрынара, а потым  строга выконвае яго рэкамендацыі. Не цураецца і сама заняцца лекаваннем, варыць  і выпойвае маладняку чай з зёлкамі. Таму, як адзначыла галоўны заатэхнік сельгаспрадпрыемства Марына Друк, і прывагі па групе Ханені адпавядаюць тэхналагічным патрабаванням. Штосуткі гадаванцы Кацярыны Віктараўны прыбаўляюць па сямсот грамаў.

Да прыходу ў жывёлагадоўлю яна адпрацавала ў гаспадарцы на многіх вытворчых участках. Але менавіта на ферме зразумела, тут яе прафесійнае прызванне. Дапамагло гэтаму і тое, што пачынала пад кіраўніцтвам больш вопытных калег, сапраўдных майстроў, якія шчыра падзяліліся вытворчымі сакрэтамі. Яны, па меркаванні жанчыны, аказаліся не такімі і мудрагелістымі: праяўляй старанне і нацэленасць на добрыя вынікі, адносся да абавязкаў з душою і тады ўсё атрымаецца. Кацярына Віктараўна спасцігла гэтую навуку вельмі хутка, бачачы гэта, кіраўніцтва гаспадаркі і даверыла ёй самы адказны  вытворчы ўчастак галіны. І варта сказаць, не памылілася ў выбары. Дарэчы. вялікі аўтарытэт мае людзяневіцкі аператар па вырошчванні маладнячку і сярод калег. А гэта яшчэ адзін яскравы доказ, што працавітасці Кацярыне Ханені не займаць.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.