Мець важкія надоі і высокую якасць прадукцыі задача для жывелаводаў Жыткаўшчыны

Мець не толькі важкія надоі, але і забяспечыць высокую якасць прадукцыі — гэта для працаўнікоў ферм з’яўляецца першаступеннымі задачамі. Безумоўна, апошні паказчык залежыць ад многіх фактараў, але менавіта ад таго, якім гатункам вытворцы паставяць малако перапрацоўшчыкам,  будзе складацца і выручка, і рэнтабельнасць вынікаў  работы галіны. Усё ж розніца істотная, калі за кілаграм прадукту першага гатунку аплочваецца шэсцьдзясят капеек, а за “экстру” – семдзясят адна. На жаль,  у раёне склалася негатыўная тэндэнцыя з якаснымі параметрамі. На цяперашні час са 115 тон сырадою, што рэалізуецца гаспадаркамі  на малочныя камбінаты, гатункам “экстра” залічваецца толькі 49 тон.

Безумоўна, значную ролю на якасць малака аказвае праца аператараў машыннага даення, але і намаганні слесараў па абслугоўванні даільных установак і халадзільнага абсталявання таксама ўплываюць на канчатковы вынік. Менавіта  падчас вучобы з гэтай катэгорыяй работнікаў, якую правялі майстры і выкладчыкі цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Жыткавіцкага райвыканкама сумесна са спецыялістамі ТМК, “Жыткавіцкага агратэхсервісу”, райсельгасхарчу на малочнатаварным комплексе “Пасека” камунальнага сельгаспрадпрыемства “Коленскае”, асноўная ўвага ўдзельнікаў і была скіравана на тое, каб высокатэхналагічна правесці працэс даення і захаваць высокія параметры прадукту пры яго далейшым захоўванні.

Распачалося мерапрыемства з выкладання тэарэтычных звестак, якія да слесараў давяла майстар цэнтра Алена Агіевіч. Яна падрабязна спынілася на  асноўных  працэсах граматнай эксплуатацыі абсталявання, якое выкарыстоўваецца для ахалоджвання  і першаснай апрацоўкі малака, на сістэме работы аўтаматычнага, санітарна-гігіенічнага догляду за малочнымі ёмістасцямі закрытага тыпу. Спецыяліст не толькі акрэсліла задачы ў гэтай дзейнасці для слесараў, але і прааналізавала найбольш пашыраныя недапрацоўкі, якія прыводзяць да зніжэння якасці сырадою.

Далей слухачы ўжо непасрэдна ў даільным зале малочнатаварнага комплексу на практыцы замацавалі атрыманыя веды. У прыватнасці, ім прадэманстравалі, як правільна неабходна правесці прамыўку малакаправода, халадзільніка, якім чынам наладзіць іх бесперабойную  работу, нагадалі пра своечасовасць замены фільтраў. Важным падчас заняткаў аказалася і вывучэнне тыпаў даільных установак і іх тэхнічных характарыстык. Як патлумачыў ветэрынарны ўрач рэгіянальнага цэнтра па ідэнтыфікацыі сельскагаспадарчых жывёлін Сяргей Тарасаў, многія захворванні кароў у пэўнай ступені ўзнікаюць ад дрэнна адладжанай работы даільнага абсталявання. Напрыклад, не дагледзеў слесар па яго абслугоўванню, што знасілася сасковая гума і рагулі мастыт забяспечаны. Або не праверыў работу пульсатараў, ціск на вакумнай устаноўцы, і гэта таксама адмоўна скажацца на здароўі жывёліны. А ад хворай каровы, дакладна, малака высокай якасці не атрымаеш. Уладзімір Ярмаш, слесар па рамонту і абслугоўванні даільных установак ААТ “Жыткавіцкі агратэхсервіс”, падзяліўся з калегамі вопытам работы па правядзенні арганізацыяй тэхнічных аглядаў абсталявання. І аб санітарным стане дойкі слесару таксама варта клапаціцца не меней чым аператарам машыннага даення. Закранулі падчас вучобы і пытанні, якія звязаны з захаваннем правілаў аховы працы і тэхнікі бяспекі пры рабоце з фермскім абсталяваннем. І гэта невыпадкова, бо абачлівасць і перасцярога тут вельмі важныя. Усё ж, напрыклад, для той жа прамыўкі выкарыстоўваюцца шчолачы і кіслоты, а гэтыя рэчывы пры няправільным прымяненні могуць нашкодзіць чалавеку.

Вынікі вучобы падвяла загадчык сектарам па інтэнсіфікацыі вытворчасці ў жывёлагадоўчай галіне райсельгасхарчу Алена Прышчэпа. Слухачы на мерапрыемстве былі ўважлівымі, задавалі выкладчыкам і майстрам шмат удакладняючых пытанняў. А гэта прамое сведчанне таго, што зацікаўленасць у больш паспяховай уласнай дзейнасці ёсць вялікая. І праведзеныя заняткі са слесарамі па абслугоўванні даільнага і халадзільнага абсталявання  дапамогуць ім у тым.  Больш таго, у бліжэйшы час спецыялісты цэнтра падрыхтоўкі рабочых, ТМК і райсельгасхарчу наведаюць кожную малочнатаварную ферму, каб прайшоўшых навучанне ў КСУПе “Коленскае” праэкзаменаваць непасрэдна на сваіх рабочых месцах.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.