Навядзення парадку для Людзяневіцкага сельвыканкама галоўная справа

Аб тым сведчаць і заклікі да насельніцтва “Ніхто акрамя нас не навядзе парадак у нашым агульным доме”, што размешчаныя адразу на двух інфармацыйных стэндах ля будынка сельскага Савета. Менавіта кіраўніцтва мясцовай улады і дэпутаты з’яўляецца  тым рухавіком, які ўпэўнена і планамерна ператварае вышэйзгаданы лозунг у практычнае рэчышча, што і дазваляе кожны год паляпшаць добраўпарадкаванасць паселішчаў.

Сярод сёлетніх найбольш значных  вынікаў у важнай і патрэбнай справе на карысць роднай зямлі ў сельвыканкаме лічаць праведзеную работу ў вёсках Вязаў Лес і Дзедаўка. Як расказала кіраўнік справамі сельсавета Аксана Ярмольская, усю працу ў гэтых населеных пунктах распачыналі  практычна з нуля.

– Сумесна з дэпутатамі вызначыліся з прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці, – расказвае Аксна Яўгеньеўна. – Каб уцягнуць насельніцтва і акрэсліць яму задачы, жыхарам усіх падворкаў выдалі прадпісанні з пералікам упушчэнняў, якія патрабуецца выправіць.  Нашы пачынанні падтрымала і  кіраўніцтва такіх арганізацый як ААТ “Людзяневічы”; «Жыткавічыхімсервіс»,  Жыткавіцкі РЭС, ДЭУ -111, Людзяневіцкай амбулаторыі і іншых. Вось так сумеснымі намаганнямі ў Вязавым Лесе зрабілі ямкавы рамонт на вуліцах, спілавалі аварыйныя дрэвы, павысякалі хмызняк на пустуючых участках, выканалі іншыя работы па добраўпарадкаванні. І гэта за два месяцы. На жаль, не з усім з намечанага справіліся ў Дзедаўцы. Гэты населены пункт прыводзілі ў парадак у кастрычніку-лістападзе і па прычыне неспрыяльных пагодных умоў не ўдалося часткова пафарбаваць агароджы. Але ў наступным годзе гэты хіб ухілім.

Важнай прыкметай у рабоце Людзяневіцкага сельвыканкама па навядзенні парадку на зямлі, асабліва гэта бачна на прыкладзе Дзедаўкі, з’яўляецца тое, што дзякуючы ёй парадку на вясковых вуліцах прымнажаецца.

– Некалькі гадоў назад мы ўжо грунтоўна браліся за гэтае паселішча, – гаворыць кіраўнік справамі Савета, – але прыйшлі да высновы, што настала пара, каб паправіць тое, што з раней зробленага парушылася з часам. Нас не задаволіў знешні выгляд крамы, месцамі стан агароджаў, з’явіліся і пустыя агароды, якія неадкладна патрабавалася ўвесці ў гаспадарчы севазварот. Вёска транзітная, стаіць на ажыўленай  дарозе, таму і выглядаць павінна адпаведна. 

У сельсавеце добраўпарадковаўвалі не толькі малыя паселішчы, але і сам аграгарадок Людзяневічы. Дзякуючы чаму на цэнтральнай сядзібе адміністрацыйнай тэрыторыі пафарбавалі агароджы, малыя архітэктурныя формы. І тут не абышлося без людзей і мясцовых арганізацый. Важным дасягненнем  у працы па навядзенні парадку сельвыканкам лічыць, што тут не засталося старых трухлявых быдынкаў і пустуючых участкаў зямлі. Шмат іх аддадзена ААТ “Людзяневічы” і Жыткавіцкаму лясгасу. Зямля запатрабавана і ў жыхароў для развіцця асабістых падсобных гаспадарак.  На жаль, як адзначыла Аксана Ярмольская, зусім мала бяруць людзі надзелы пад будаўніцтва. За апошнія некалькі год толькі дзве сям’і звярнуліся ў Савет, каб атрымаць пляц для ўзвядзення жылых дамоў.  Але тутэйшая ўлада гатовая задаволіць усіх жадаючых, бо  мае салідны рэзервовы фонд.

Але найбольш радуе кіраўніцтва Людзяневіцкага сельвыканкама, што змяніліся адносіны жыхароў да добраўпарадкавання. Гэта відаць і па тым, як на такія справы людзі па самаабкладанні сталі актыўней здаваць грошы. За бягучы год – больш за тры тысячы рублёў. Ды і ахвотней насельніцтва прымае ўдзел у суботніках, выконвае выдадзеныя Саветам прадпісанні. З 780 дасланых такіх папер гаспадарам, толькі 33 з іх прыцягнуты да адказнасці за нядбайнасць. Вось так разам і працуюць у Людзяневіцкім сельскім Савеце дзеля прыгажосці на роднай зямлі.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.