Ні дня без прыбаўкі

Кіраўніцтва камунальнага сельгаспрадпрыемства “Бялёў”  дакладна акрэсліла першачарговыя задачы ў развіцці малочнай галіны на бліжэйшую перспектыву. Галоўная з іх – выйсці на штодзённы паказчык па продажу малака ў дзесяць тон. Для гэтага ў гаспадарцы  ўжо сёння прыкладваюць адпаведныя намаганні.

— Самым важным для нас зараз з’яўляецца заканчэнне рэканструкцыі другога памяшкання на ферме “Возера”, — расказвае загадчык МТФ Уладзімір Козел. — Тут засталіся апошнія штрыхі, парадак забяспечыць пасля рамонту. Яго правялі ўласнымі сіламі, а спецыялісты райагратэхсервіса  дапамаглі нам малочнае абсталяванне адладзіць па-новаму. Хутка пачнем тут размяшчаць жывёлу.

Што Уладзімір Канстанцінавіч пачаў размову аб дзейнасці бялёўскіх малочнікаў з вышэйзгаданага факта,  з’яўляецца невыпадковым. Адноўлены кароўнік дазволіць размясціць адразу дзвесце глыбокасцельных цялушак, ад якіх не прыйдзецца доўга чакаць аддачы. Усё гэтае пагалоўе маецца. Пасля перагону на ферму «Возера» жывёла будзе ўтрымлівацца больш камфортна, чым на МТФ «Бялёў». Але менавіта  значнае папаўненне рагуль у грамадскім дойным статку дазволіць наблізіцца да жадаемага аб’ёму.

Увогуле  для аператараў машыннага даення КСУПа бягучы год складваецца ў цэлым нядрэнна. За адзінаццаць месяцаў атрымана 2618 тон прадукцыі, што на 4,3 працэнта больш чым было на адпаведны час летась. Пацяжэў і надой ад адной  каровы, кожная з іх парадавала мясцовых працаўнікоў прадуктыўнасцю ў 4830 кілаграмаў з прыбаўкай да мінулагодняга перыяду 172 кілаграмы. І хаця зараз рост запаволіўся, бялёўскія жывёлаводы прыкладваюць намаганні, каб узнавіць яго да ранейшых велічынь.

Яшчэ адзін накірунак дзейнасці на бялёўскіх фермах — павышэнне не толькі колькасных паказчыкаў малочнай прадукцыі, але і якасных. Поле для работы тут даволі вялікае. Канечне, цяжка працаваць, калі ў гаспадарцы няма ні заатэхніка, ні ветэрынара, а іх абавязкі ўскладзены на загадчыка малочнатаварных фермаў Уладзіміра Козела. Пры такім непамерным цяжары, спецыялісту хаця б за асноўнымі тэхналагічнымі працэсамі дагледзець: каб жывёла своечасова была накормлена і напоена, выгнана на прагулку, каб у памяшканнях чысціня падтрымлівалася і многае іншае. І сачыць за ўсім патрэбна на дзвюх фермах, якія адна ад адной знаходзяцца ў аддаленасці. Таму ён справядліва і лічыць, што якасць малака найперш знаходзіцца ў руках даярак. Аператары, якія строга прытрымліваюцца тэхналогіі даення, і вынік маюць адпаведны. Сярод такіх Жанна Козел і Ганна Волк, якія  працуюць у даільна-малочным зале. І хаця ўдзвюх яны абслугоўваюць больш як дзвесце дойных кароў, малако атрымліваюць гэтыя жывёлаводы толька экстра і вышэйшым гатункамі. А вось каляжанкі з іншых групаў падводзяць, дапускаюць выхад першагатунковага прадукту. А ўсё таму, што недапрацоўваюць, могуць дазволіць сабе расслабіцца, парушыць дысцыпліну. Вось кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства сур’ёзна задумваецца, ці варта трымаць такіх нядбайніц, ці не пара перайсці на больш прагрэсіўныя формы арганізацыі працы, як гэта практыкуюць у перадавых гаспадарках.

— Падмурак для паспяховай работы закладзены добры, — расказвае  загадчык фермаў. — Маецца дастатак кармоў, якія паступаюць  жывёле строга па распарадку. Раздача канцэнтратаў, як пакупных, так і ўласнага вырабу, ажыццяўляецца пад пільным наглядам спецыялістаў, каб кожны грам фуражу трапіў каровам. Застаецца толькі больш сумленна падыходзіць да справы, тады і паказчыкі будуць .

На цяперашні час дзённы надой на бялёўскіх грамадскіх фермах складае чатырнаццаць кілаграмаў, што на чатырыста грамаў болей за леташні перыяд. На перапрацоўку гаспадарка адпраўляе прыкладна па сем тон малака. Каб ад гэтай колькасці прадукцыі мець большую аддачу, мясцовым аператарам патрэбна павысіць яе якасць, кожны кілаграм сырадою прадаваць на камбінат толькі экстрай, а не як зараз вышэйшым і першым гатункамі. Магчыма, гэта выпадковая з’ява, але кошт яе для гаспадаркі даволі высокі. Самае галоўнае, што кіраўніцтва і спецыялісты рук не апускаюць, а імкнуцца пераламіць негатыўныя тэндэнцыі ў малочнай вытворчасці.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.