Па заслугах і пашана

У райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу  добра адладжана работа па віншаванню членаў  пярвічных арганізацый з юбілейнымі датамі і за добрасумленную працу. Днямі старшыня галіновага прафесійнага саюза  Уладзімір Радавец разам  з кіраўніком раённага аб’яднання прафсаюзаў Уладзімірам Гулютам, а таксама лідарам мясцовай пярвічкі Наталляй Вакульчук наведаліся на малочнатаварную ферму “Новая Казаргаць-2” акцыянернага таварыства “Тураўшчына”, дзе аказалі належную пашану жывёлаводу Валянціне Белка.

Такой увагі Валянціна Уладзіміраўна заслужыла невыпадкова. Па-першае, ёй споўнілася пяцьдзясят пяць гадоў. Па-другое, жанчына большую палову з іх, а дакладней дваццаць восем, аддала грамадскай жывёлагадоўлі. Прычым шчыравала і шчыруе вельмі вынікова. Напрыклад, прывагі па яе групе цялят за лістапад перавысілі сямсот грамаў. Каб мець добрыя вынікі, за сваю працоўную кар’еру Валянціне Белка  давялося асвоіць нямала сучасных тэхналагічных патрабаванняў. Яна і дагэтуль успамінае, як пасля рэканструкцыі фермы “Казаргаць” ручную выпайку цялятак замянілі спецыяльныя ўстаноўкі “мамы”, і аператару добра-такі прыйшлося памучыцца ў зімовы перыяд, каб гэтае абсталяванне працавала бездакорна. Жанчыну і зараз бярэ шкадаванне, што такая тэхналогія не прыжылася на іх ферме, бо прывагі тады атрымлівалі адменныя, штосуткі па кілаграму трыста грамаў і болей. Не забыцца Валянціне і на тыя гады, калі ўсё даводзілася рабіць без механізацыі, як разам з калегамі ў роспачы змагаліся за жыццё кожнага бычка і цёлачкі. Для яе яны былі, нібы дзеці. Таму жывёлавод упэўнена, што нават самая разумная машына на яе ўчастку работы не заменіць клапатлівых людскіх рук і душэўных адносін да гадаванцаў. У групе Белка знаходзяцца цяляты ад дваццаці да шасцідзесяці дзён, а гэта такі перыяд, калі за кожнай галавой маладнячку патрэбны надзвычайны догляд, каб жывёла вырасла здаровай і належнай прадуктыўнасці.  Выступаючыя на імправізаваным мерапрыемстве з нагоды юбілею жывёлавода, яно адбылося ў прысутнасці калег непасрэдна на рабочым месцы, кожны госць не толькі адзначаў яе працавітасць і старанне, але і жадаў новых поспехаў, а таксама сямейнага дабрабыту. Валянціна Уладзіміраўна можа ганарыцца не толькі ўласнымі вытворчымі набыткамі, але і ладам у сям’і. вырасціла трох дзяцей, мае ўнукаў. Зразумела, што віноўніцу ўрачыстасці надзялілі Ганаровай граматай райвыканкама, падарункамі, а таксама  кветкамі. Сапраўды, павага, якую Валянціна Белка заслужыла сумленнай працай.

Дарэчы, зусім нядаўна Уладзімір Радавец разам са спецыялістам райсельгасхарчу Надзеяй Рамановіч гэтак жа цёпла віталі і майстра — выкладчыка цэнтра падрыхтоўкі кадраў Анатоля Лахвіча. Па падліках Уладзіміра Іванавіча штогод райкам АПК  на такія высакародныя мэты не шкадуе сродкаў. Прыкладна сотня працаўнікоў і ветэранаў галіновага прафсаюза атрымліваюць разнастайныя ўзнагароды. Прычым, уручаюцца яны не толькі на святах і ўрачыстасцях, але і на грамадскіх фермах (акцыя “Наш жывёлавод”), на палетках і майстэрнях. І гэта правільны і неабходны крок  у дзейнасці кіраўніцтва райкама прафсаюза АПК, бо людзі павінны мець падзяку за зробленыя карысныя справы. Таму, як запэўніў Уладзімір Іванавіч, і надалей будзем вітаць, віншаваць  і ўзнагароджваць лепшых працаўнікоў яшчэ ў большай колькасці.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.