Пасыл добрай волі для жыхароў вёсак Малыя Сцяблевічы і Буды

Своеасаблівым Дзедам Марозам выступіла нямецкае дабрачыннае таварыства “Саарландская дзіцячая дапамога. Жыццё пасля Чарнобыля”. Яе актывісты спакавалі персанальныя падарункі для жыхароў вёсак Малыя Сцяблевічы і Буды. Днямі пасылкі знайшлі сваіх адрасатаў.

Добраахвотнае аб’яднанне з горада Мандэлбахтал (кіраўнік Петэр Хадорскі) супрацоўнічае з нашым рэгіёнам больш за 20 гадоў. У яго складзе цяпер каля 170 чалавек, пераважна старэйшага ўзросту. Акрамя арганізацыі адпачынку беларускіх рабят у Германіі, валанцёры збіраюць гуманітарныя канвоі, каб падтрымаць нашы маламаёмасныя сем’і. Апошнім часам партнёрскі акцэнт змясціўся да вясковага насельніцтва. З нашага боку ўжо тры гады дзейнасць каардынуе старшыня Жыткавіцкага раённага дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Дзеці Палесся” Людміла Мароз. У асаблівым прадстаўленні гэты чалавек не мае патрэбы. Людміла Вячаславаўна, урач Ленінскай участковай бальніцы, якога ведае літаральна кожны месціч, як і яна за сваю кар’еру добра вывучыла тутэйшых людзей.

У адзін з апошніх выяздных прыёмаў супрацоўнікі ўстановы разам з медыцынскім чамаданчыкам прыхапілі і нямецкія прэзенты, тры дзясяткі імянных каробак з прадуктовымі наборамі і падабраным па памерах адзеннем. Дапамагалі іх раздаць фельчар Лілія Рудніцкая, заўхоз і дэпутат Савета Наталля Прыбаровіч і кіраўнік справамі Ленінскага сельвыканкама Інэса Глушань.

Малыя Сцяблевічы даўно адпавядаюць сваёй назве, тут засталіся заселенымі крыху больш за дзясятак хат, дзе пераважна адзінокія гаспадыні. Зімой многіх бабуль забіраюць да сябе дзеці. Толькі ў адным доме жыве пара, Валянціна і Іван Лунцэвічы. Адчувалася: “свежаму” чалавеку вяскоўцы радыя. Вось і нам ахвотна расказалі пра сваю крыўду на раённае спажывецкае таварыства за тое, што аўталаўка да іх амаль заўсёды спазняецца. Іншы раз на зімовай вуліцы пад адкрытым небам пенсіянеры вымушаны чакаць хлеба да дзвюх гадзін. Рэдакцыя спадзяецца, што гэты сігнал не застанецца не заўважаным і на яго правільна адрэагуюць маючыя дачыненне службы.

У размовах час праляцеў хутка. Былыя калгасніцы Алена Глушань, Соф’я Хацяновіч і іншыя сцяблевіцкія пенсіянеры сціпла дзякавалі за падарункі і ўвагу да сябе. Пасля нашага развітання бальнічны мікрааўтобус узяў курс на Буды.

Дарэчы, з падобнай місіяй Людміла Мароз, асабіста, як зараз, і разам з прадстаўнікамі фонда, наведала шмат вёсак Жыткаўшчыны. Жанчына ўпэўнена, што супрацоўніцтва з нямецкім бокам будзе працягвацца. Гэта садзейнічае не толькі матэрыльнай падтрымцы тых, хто мае ў тым патрэбу, але і вучыць нашы народы прымірэнню і ўзаемапаразуменню.

Святлана Шакалян

Фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.