Жыткаўшчына: як гэта было

Вялікія ўзрушэнні напаткалі Беларусь у гады Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, дзвюх рэвалюцый і замежнай інтэрвенцыі.

Вось як мяняліся ўлады на тэрыторыі Жыткавіцкай воласці ў гэты час: з 25 кастрычніка 1917 года — бальшавікі, з  13 лютага 1918-га  — немцы, з красавіка — гетманшчына і немцы, з 4 снежня – саветы, з 27 жніўня 1919 года — палякі, з 15 ліпеня 1920-га – зноў саветы. Усе яны і іх вайсковыя злучэнні ўтрымліваліся за кошт мясцовага насельніцтва.

27 студзеня 1919 года апошні эшалон з нямецкімі войскамі праследаваў праз Жыткавічы на захад. Але неўзабаве пачалася польская інтэрвенцыя. У лютым на Палессі стаяла суровая зіма з вялікімі снегападамі, насельніцтва Жыткавіцкай воласці мабілізавалі на нарыхтоўку дроў і расчыстку чыгуначнага палатна, засыпанага гурбамі. Заходні фронт, які супрацьстаяў наступленню палякаў, займаў абарону ў раёне Пінска. У Жыткавічах размяшчаўся шпіталь і тыпавыя часці. У сакавіку вельмі шмат нашых добраахвотнікаў уліліся ў Чырвоную Армію і змагаліся з войскамі буржуазна-памешчыцкай Польшчы.

У маі-жніўні 1919 года актыўныя баявыя дзеянні развярнуліся на тэрыторыі Жыткавіцкай, Тураўскай і Ленінскай воласцей. Іх вялі войскі 8 і 17 дывізій шаснаццатай арміі пры падтрымцы Прыпяцкай флатыліі. У журнале баявых дзеянняў прыгадваюцца многія нашы вёскі: Пагост, Чэрнічы, Азяраны, М. Малешаў, Мілевічы, Старушкі, В. Сцяблевічы, Ленін. Ішлі працяглыя баі за Тураў. Яго разам з навакольнымі паселішчамі ўдавалася ўтрымліваць на працягу ўсяго лета, таму што сухапутныя падраздзяленні кулямётным і гарматным агнём падтрымлівалі маракі.

Сяляне з тураўскіх вёсак, якія сутыкаліся з польскімі вайскоўцамі, адзначалі, што тыя былі добра ўзброены і апрануты ў амерыканскае адзенне. Чырвонаармейцам жа не хапала боепрыпасаў, абмундзіравання і абутку. Па гэтых прычынах яны і адступалі. Да канца жніўня ўся тэрыторыя Тураўскай і Жыткавіцкай воласцей была акупіравана польскімі войскамі.

Частка насельніцтва чакала, што з прыходам палякаў з’явяцца патрэбныя ім сельскагаспадарчыя прылады, мануфактура і іншыя прадметы побыту, але гэтыя надзеі не спраўдзіліся, затое ўлады белага арла з першых дзён вельмі жорстка паставіліся да мясцовых жыхароў. Патрабавалі сала, мяса, іншых прадуктаў. Паборы прынялі вялікія памеры: было ўзята 100 коней, больш за 350 галоў буйной рагатай жывёлы і да сотні — дробнай. У Жыткавічах, Бялёве, Людзяневічах, Грэбені быў пакошаны хлеб. Назіраліся выпадкі забойства людзей, гвалтавання жанчын. Жыткавіцкія лесапільны завод і мельніцу разбурылі.

Зачынілі школы. Выкладанне на беларускай ці рускай мовах забаранялася. Настаўніцу прызначалі польскія ўлады, навучанне ішло выключна па-польску. Такая палітыка настроіла ўсё насельніцтва супраць. У Ляхавічах з мясцовых жыхароў стварылі партызанскі атрад, які змагаўся з акупантамі. Людзі чакалі прыходу Чырвонай Арміі.

Польскія войскі, меўшы поспех на першым этапе вайны, к сярэдзіне 1920 года пацярпелі паражэнне. Заходні фронт перайшоў у наступленне і пачаў ачышчаць землі Беларусі. Гэтаму спрыяла і дапамога Чырвонай Арміі з боку рабочых і сялян. 11 ліпеня вызвалілі Мінск, а ў жніўні 1920 года і ўсю тэрыторыю Беларусі.

Зноў паўстала пытанне аб паўторным абвяшчэнні БССР. Тым больш што 12 ліпеня ўрад РСФСР прызнаў незалежнасць Літвы, заключыўшы з ёю дагавор, такім чынам фармальна існаваўшая да гэтага часу Літоўска-Беларуская рэспубліка была скасавана. Часовай уладай на вызваленай тэрыторыі стаў Ваенна-рэвалюцыйны камітэт, створаны 30 ліпеня 1920 года. Старшынёй яго абраны А. Чарвякоў, намеснікам В. Кнорын. На наступны дзень Ваенрэўком выдаў “Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь”.

В. НІКАНОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.