Чырвоны вектар хімсервіса

Ад возера Чырвонага, спавітага ў гэтыя дні ледзяным панцырам, аддае спакоем і цішынёй. Але толькі на першы погляд здаецца, што зімовы сон вадаёма моцны і ніхто не можа яго парушыць. На самой справе паўсюдна тут рупяцца людзі. Арандатар, акцыянернае таварыства “Жыткавічыхімсервіс”, зыходзячы са сваіх абавязацельстваў, ні на дзень не спыняе ўласнай дзейнасці. Клопатаў жа, па словах дырэктара прадпрыемства Ігара Галавача, хапае.

З ім едзем да палескай жамчужыны. Дарога, вобразна кажучы, хоць бокам каціся: прагрэйдзіравана, ачышчана ад снегу. На базе, дзе знаходзіцца земснарад, нас сустракае механізатар Данііл Купрацэвіч. Догляд за дарогай — яго справа, хаця і іншай работы мае нямала.

— Загружаю сапрапель, часова за вартаўніка даглядаю птаства, ахоўваю маёмасць, — пералічвае абавязкі Данііл Паўлавіч. — Калі патрэбна дапамагаю рыбакам. Праца ў нас шматгранная цяпер. У ліку першачарговай арганізацыя аматарскай і прамысловай рыбнай лоўлі.

— Бачыце, колькі сёння людзей выйшла з прыладамі на лёд. Не меней двух дзясяткаў чалавек, — паказаў удалечыню Ігар Уладзіміравіч. — У некаторыя выхадныя  аматараў палавіць рыбу даходзіць да некалькіх соцень. І гэта не толькі з навакольных вёсак жыхары. Дарэчы, для іх займацца старажытным промыслам можна бясплатна.  

Думаю, такое наша рашэнне справядлівае, бо  людзі стагоддзямі жылі з возера, і іх нашчадкі не павінны быць ушчэмлены ў сваіх правах пры карыстанні народным багаццем. Вось прыезджыя з другіх рэгіёнаў — справа іншая. Тым больш што  кошты кожнаму па кішэні.

І сапраўды так. Напрыклад, для жыхара раёна пуцёўка на разавую рыбалку каштуе 0,25 базавай велічыні (крыху больш шасці рублёў), на месяц — базавая, на сезон — дзве. Прычым,  воіны-інтэрнацыяналісты і пенсіянеры, ліквідатары аварыі на ЧАЭС, падлеткі да пятнаццаці гадоў таксама вызваленыя ад набыцця квіткоў. Важнае ў гэтай справе і тое, што прадпрыемства ў сціслыя тэрміны здолела наладзіць шырокую сетку іх рэалізацы. Кожны рыбак можа набыць пуцёўку практычна з любога боку пры падыходзе да Чырвонага, а таксама ў райцэнтры. Канечне, для насельніцтва з суседніх рэгіёнаў выходзіць крыху даражэй. Але ж варта зразумець і кіраўніцтва акцыянернага таварыства, якое па абавязацельствах павінна весці і зарыбленне вадаёма, і падтрымліваць належны парадак на яго берагах, ствараць прыстойныя ўмовы для адпачынку, і іншыя мерапрыемствы. А гэта грошы і даволі немалыя. З пачатку арэнды возера “Жыткавічыхімсервіс” ужо выдаткаваў на вышэйзгаданае сто шэсцьдзясят тысяч рублёў. Яны патрачаны на закуп лодак, матораў, невадаў, добраўпарадкаванне. Вынікі апошняга віду дзейнасці бачны практычна на кожным кроку берагавой лініі: альтанкі, прыбіральні, столікі, лавы, вогнішчы і іншае. І гэта, па словах дырэктара, толькі пачатак.

— Першую партыю,  тры з паловай тысячы карпоў, мы выпусцілі ў вадаём мінулай восенню, — расказвае кіраўнік. — Сёлета плануем дадаць яшчэ чатыры тысячы эксземпляраў таўсталобіка і дзве — белага амура. Няхай прыязджаюць аматары палавіць рыбу, яе колькасць не перавядзецца. Да таго ж прама на беразе ў нас ужо ёсць нядрэнныя ўмовы для пражывання.

 Паслугамі прадпрыемства па арганізацыі платнай рыбалкі скарысталіся 3615 чалавек. Безумоўна, у першую чаргу возера прываблівае багатымі ўловамі. Штогод рыбакам- аматарам у якасці трафеяў з яго дастаецца  некалькі дзясяткаў тон рыбы. І тыя амаль сорак тысяч рублёў, якія людзі заплацілі таварыству, у поўнай ступені акупляюць атрыманае задавальненне. Але для ААТ “Жыткавічыхімсервіс” гэта не асноўнае ў структуры даходаў. Важней за ўсё —здабыча і перапрацоўка сапрапелю. Гэтых донных адкладанняў вымываецца за год больш як дваццаць тысяч тон, што станоўча адбіваецца на экалагічным стане возера. Дзякуючы мадэрнізацыі структурнага падраздзялення, карэннаму яго пераабсталяванню прадукцыя мае шырокі і ўстойлівы попыт у пакупнікоў. Вось і зараз на земснарадзе ў разгары работы па яго падрыхтоўцы да новага сезону. У майстэрнях прадпрыемства рамантуюць электрарухавік. На вытворчай базе ідзе адгрузка каштоўнай сыравіны для нафтавікоў і агароднікаў. Гэта вынік старанняў матросаў, якія намывалі сапрапель, якія забяспечылі занятасць у зімовы час сямнаццаці работнікам арганізацыі.

Узровень гаспадарання  ААТ “Жыткавічыхімсервіс” на возеры Чырвонае — гэта не толькі бяздушная эксплуатацыя яго рэсурсаў, але і ўдумлівая праца па іх зберажэнні. На вадаёме  створана варта з трох чалавек. Для выканання сваіх прамых абавязкаў ім куплены аўтамабіль, лодка з маторам. Менавіта спецыялісты хімсервіса разам з супрацоўнікамі міліцыі і інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету пастаянна  абмяжоўваюць розныя парушэнні і злоўжыванні, якія чаго граха хаваць, бываюць учыняюць рыбакі. “Да значных пакаранняў справа не даходзіць, больш выкарыстоўваем прафілактычныя гутаркі, —гаворыць Юрый Альвінскі, — але нашы папярэджванні маюць добры вынік. І гэта вельмі важная састаўная ў дзейнасці арандатара, бо  ва ўзятых у часовае карыстанне ўгоддзях павінен падтрымлівацца парадак, каб яны і надалей радавалі нашчадкаў”.

Скажам так, што вадаём і цяпер з’яўляецца для мясцовых жыхароў надзейнай крыніцай уласнага дабрабыту. Ігар Уладзіміравіч пільна паглядзеў на азёрны прастор: “Вось ужо наша брыгада пачала невад выцягваць. У яе складзе ў асноўным працуюць тутэйшыя людзі, узяўшы возера ў арэнду мы забяспечылі іх работай, а гэта  два дзясяткі чалавек”.

У размове з людзьмі выяснілася, што такім паваротам у жыцці яны задаволеныя. Напрыклад, Сяргей Аліфяровіч ужо з дзясятак гадоў рыбаліць у складзе брыгад на Чырвоным. Таму на прапанову заняцца работай яшчэ раз доўга не раздумваў:

— Усё тут з дзяцінства знаёмае. Рыбы ў возеры дастаткова, лаві і атрымлівай годны заробак

— Сапраўды, вельмі добра, што ў возера з’явіўся гаспадар, — дапаўняе калегу начальнік участка Леанід Купрацэвіч. — Ёсць работа, прычым пастаянная, а для любога чалавека гэта найпершая ўмова стабільнага жыцця. У нас усё складваецца нядрэнна. Брыгада вылавіла ў цэлым 78 тон азёрнай рыбы. Яе рэалізуем у райцэнтры, суседніх Мікашэвічах, Лунінцы, Петрыкаве, іншых паселішчах. І на якасць нашай прадукцыі пакупнікі не наракаюць.

Па агульным настроі працаўнікоў, з якімі давялося пагутарыць падчас наведвання возера Чырвонае, склалася ўражанне, што гэты праект для акцыянернага таварыства “Жыткавічыхімсервіс” мае добрую перспектыву. На прадпрыемстве, пакуль шкадуюць аб адным, не так і шмат часу прайшло з таго моманту, як яны сталі арандатарамі. Але захоўваецца ўпэўненасць, тут здольныя моцна стаць на крыло, а значыць, яшчэ больш прыбавіць па розных напрамках дзейнасці.

Сяргей Белка,

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.