“Каб у людзей была работа”

Што такое застацца без справы, Таццяна Лысагорава амаль адчула на сабе. Гэта сёння яна займае пасаду намесніка начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, вядзе, калі можна так сказаць, усю кадравую службу раёна, а ў канцы 1990-х стаяла на ростанях: заставацца бухгалтарам у ідучым на дно кааператыве, ці шукаць сваім здольнасцям іншае прымяненне.

– Самой не верыцца, што з таго часу мінула ўжо два дзесяцігоддзі, – Таццяна Аляксандраўна прыгадвае старт службовай кар’еры, пачынала якую пад кіраўніцтвам сваёй маці Ніны Рыгораўны, што тады ўзначальвала цэнтр занятасці. – Адважыцца на кардынальную змену дзейнасці, перайшоўшы ад лічбаў да стасункаў з людзьмі, было цяжка, да таго ж з мяне і запыт прысутнічаў не па-роднаснаму больш высокі. Прафесійную ўпэўненасць, помню, адчула толькі гадоў праз пяць.

Субяседніца не хавае: цяжкасцяў хапала, асабліва адразу. Чалавеку, прыйшоўшаму на прыём, не патлумачыш, што сам навічок. Таму ёй прыходзілася ўсяму вучыцца па ходу, шмат займацца самаадукацыяй, удасканальваць веды ў розных галінах заканадаўства. Да таго і час тады быў нестабільны, на ўліку стаяла звыш 600 беспрацоўных, кожны спецыяліст вёў па сотні і больш спраў. Кампенсавала ж складанасці шмат плюсаў. Спачатку Таццяну Лысагораву падкупілі… камп’ютары. Біржа адна з нямногіх службаў стала піянерам ўкаранення гэтай разумнай тэхнікі ў вытворчы працэс, спасцігаць якую было цікава. А потым захапіла шматпрофільнасць занятку і адсутнасць штодзённай руціны.

– Працу нашу ні тады, ні зараз сумнай не назавеш дакладна, – прызнаецца ў любові да ўласнай справы суразмоўца. – Тут кожны раз не толькі новые людзі, але і новыя праекты: ад пошуку вакансій для беспрацоўных да прафарыентацыі школьнікаў, перакваліфікацыі грамадзян, арганізацыі іх самазанятасці і гэтак далей. Акрамя іншага мы з калегамі яшчэ бываем і псіхолагамі, прывыклі выступаць у якасці своеасаблівай “жилетки”, выслухоўваючы шмат чалавечых сповядзяў. Як ні кажы, а страта работы – вялікая псіхалагічная траўма.

Па словах Таццяны Аляксандраўны, цяжэй яе пераносяць старэйшыя людзі, маўляў, не ў тым узросце, каб пачынаць наноў. Але на гэтыя стэрэатыпы ў яе ёсць не адзін станоўчы прыклад. Запомнілася жыткаўчанка, якую ў 51 год літаральна ўгаворвалі вучыцца на прадаўца, потым яна і пасля пенсіі доўга не сыходзіла з магазіна. Ці яшчэ, нядаўна мужчына на шасцідзясятым годзе жыцця набыўшы кваліфікацыю качагара, уладкаваўся на працу. З біржы пачыналася і кар’ера аднаго мясцовага дзяржслужачага, дасягнуўшага высокай пасады. Дзякуючы выдзяленню безвыплатнай субсідыі, як стартавага капіталу, ў раёне нарадзілася некалькі паспяховых прадпрымальнікаў. Гэты пералік можна доўжыць і доўжыць.

– Галоўнае ў пошуку занятку не паддавацца адчаю, – дае параду спецыяліст. – Магчымасцяў для самарэалізацыі сёння шмат, варта толькі быць смялейшым, тады прымальны варыянт абавязкова знойдзецца. Калі гаварыць пра перспектывы рынку працы, то будучыня за сумяшчэннем прафесій і пашырэннем кваліфікацый.

Не злічыць, колькім людзям дапамагла служба занятасці і асабіста Таццяна Лысагорава. І калі ёй, як медыкам і пажарным, жадаюць застацца не пры справе, адказвае, што не супраць, “галоўнае, каб у людзей была работа, а мы тады будзем займацца аперажэннем беспрацоўя”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.