Сябру нашай раёнкі Міхасю Мамоньку споўнілася 90 гадоў

Яго радкі не зблытаеш ні з чыімі, настолькі адметная ў аўтара манера перадачы пачуццяў і думак. Тураўскаму паэту, даўняму сябру нашай раёнкі Міхасю Мамоньку споўнілася 90 гадоў.

З нагоды юбілею мясцовая бібліятэка ў сваіх сценах арганізавала вечар-партрэт “Душой і сэрцам беларус”. Супрацоўнікі ўстановы Таццяна Струк і Вера Вашкова пазнаёмілі ўдзельнікаў сустрэчы, сярод якіх пераважалі старшакласнікі, з жыццёвым і творчым шляхам самабытнага літаратара, справядліва заўважыўшы, што адны людзі перадаюць нашчадкам матэрыяльнае багацце, а іншыя, у ліку якіх і Міхаіл Паўлавіч, пакідаюць скарб духоўны — невычэрпную любоў да Радзімы.

2019-ты для яго стаў адметным не толькі круглай пашпартнай датай, а і знакавай творчай падзеяй — роўна 30 гадоў таму выйшаў з друку першы паэтычны зборнік. Усяго педагог-філолаг (па адукацыі) выдаў чатыры кніжкі сваіх твораў. Апошняя “Голас Палесся” пабачыла свет летась, аддрукавалі яе невялікім тыражом у Мазыры.

— Паэзія, літаратура — гэта такі духоўны матор для развіцця грамадства, — падкрэсліў віноўнік урачыстасці. – І ён павінен заўсёды рухацца, без яго не магчыма развіццё культуры.

Нарадзіўся юбіляр 13 студзеня, у Шчадрэц, на Стаўбцоўшчыне. Доўгі час жыў і настаўнічаў у Карэліцкім раёне Гродненскай вобласці. А 12 гадоў таму, пасля знаёмства з тураўчанкаю Кацярынай Карнееўнай, перабраўся на радзіму сваёй Музы і паплечніцы, з якой неўзабаве пабраўся шлюбам.

Галоўныя тэмы твораў М. Мамонькі, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, адзначанага ганаровым знакам “За ўклад у развіццё беларускай літаратуры”, — любоў да роднага краю, дзе “незабудкі ў вадаёмах палошчуць неба сіні плёс”, і мовы, якая “стала мне позвай і святлом вачэй”. А яшчэ  Вялікая Айчынная вайна і лірыка кахання. Наогул, па словах самога паэта, радкі нараджаюцца на падставе розных жыццёвых фактаў. І ў гэтым сэнсе яму ёсць чым дзяліцца. Правёўшы праз многія выпрабаванні, лёс не песціў чалавека. Хіба можна забыць ваеннае дзяцінства, калі цудам выратаваўся з пад дула фашысцкага аўтамата, ці напаўгалодны студэнцкі час, а потым і прафесійнае станаўленне, першыя крокі на літаратурнай ніве. 

— Я і сам не веру, — прызнаецца ўласнымі радкамі Міхаіл Паўлавіч, — што “мне дзевяноста на плечы спаўзло”. Сакрэт доўгажыхарства просты — быць праўдзівым да сябе і шчырым да людзей. І берагчы нервы, бо з’едзеныя яны забіраюць жыццё заўчасна.

Колькі б не адмераў стваральнік на гэтым свеце, імяніннік упэўнены, што з паэзіяй ён не развітаецца. Ужо зараз твораў назбіралася на некалькі кніжак, і ёсць планы выдаць яшчэ адзін зборнік.

Цёпла і ўдзячна павіншавалі паэта з юбілеем старшыня гарадскога выканаўчага камітэта Ігар Міцюрыч і кіраўнік мясцовай ветэранскай арганізацыі Галіна Рыжанкова. А ўпрыгажэннем вечарыны стала выступленне народнага калектыву “Залаты ўзрост” Тураўскага ГДК, які дарыў  свае лепшыя песні.

Святлана Шакалян,

фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.