Жыццё з любоўю

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны і працы Мікалай Сапановіч з Перароўскага сельсавета  годна прайшоў вялікі жыццёвы шлях, на якім было нямала цяжкіх выпрабаванняў. Днямі ў будынку аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў і пажылых людзей урачыста віншавалі заслужанага чалавека з яго 95-гадовым юбілеем.

Прывітаць Мікалая Васільевіча на святочнае мерапрыемства прыйшло шмат гасцей. У ліку іх кіраўніцтва і прадстаўнікі ветэранскага  і прафсаюзнага руху раёна, маладзёжных арганізацый, Перароўскага сельвыканкама, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, сельгаспрадпрыемства “Ляска-вічы”. Як адзначыў старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Адам Купрацэвіч, такога гонару Сапановіч заслужыў  тымі справамі, якія зрабіў дзеля карысці сваёй радзімы. У гады вайны ён мужна бараніў яе ад ворага, не раз рызыкаваў жыццём. Аб гэтым сведчаць ордэны Славы 1 і 2-й ступеняў, Вялікай Айчыннай вайны 2-й ступені, медалі “За вызваленне Варшавы”, “Узяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў”, а таксама некалькі асколкаў ад фашысцкіх куль і снарадаў, якія знаходзяцца ў целе героя і дагэтуль.

Не менш плённа праявіў сябе Мікалай Васільевіч і на мірнай працы. Сорак гадоў ён сумленна  шчыраваў у калгасе “Чырвоны Кастрычнік” кавалём. Вясковец адзін з нямногіх радавых працаўнікоў у нашым раёне, якому прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларускай ССР”. Таму і нядзіўна, што госці не скупіліся на пажаданні і віншаванні. Практычна кожны з выступаўшых  знайшоў нямала цёплых і шчырых слоў удзячнасці мужнаму і працавітаму чалавеку, бо многім не раз даводзілася з ім сустракацца, звяртацца да яго за дапамогай. Мікалай Васільевіч заўсёды ставіўся да людзей з адкрытай душою, дружалюбнасцю і павагаю. Гэтаму яго навучыла жыццё. Бо нездарма ж кажуць, як ты будзеш да людзей адносіцца, так і яны да цябе.

Нарадзіўся Сапановіч у сялянскай сям’і. Ужо з дванаццаці гадоў ён пасвіў цялят у калгасе.  Акрамя гэтага, на яго плячах ляжалі самыя працаёмкія абавязкі і па хатняй гаспадарцы. Менавіта ў сялянскіх клопатах гартаваўся характар Мікалая Васільевіча. Таму, калі напалі гітлераўцы, ён мужна стаў на абарону сваёй радзімы. Напачатку разам з аднавяскоўцамі ваяваў у партызанскім атрадзе, а калі прыйшло вызваленне – у Чырвонай Арміі. Тут у складзе супрацьтанкавага дывізіёна ён  гнаў гітлераўцаў на Захад, у іх логава. Вызваляў Кобрын, потым былі трохдзённыя баі за Брэст, тут атрымаў кантузію.

Далей вайсковую часць, дзе служыў Сапановіч, папоўнілі людзьмі і новай тэхнікай і накіравалі ў Прыбалтыку. Ён трапіў у артылерыйскі разлік. Падчас вызвалення гэтых рэспублік, а баі ў згаданай мясцовасці былі занадта жорсткімі, Мікалая Васільевіча параніла ў грудзі, але ён не пакінуў сваіх таварышаў у цяжкай сітуацыі. Адбіваючы адзін з партовых гарадоў, зноў атрымаў два раненні. Лячэнне ў шпіталі і накіраванне на фронт. Ля Фінскага заліва артылерысты трапілі ў няпростую сітуацыю, настолькі моцна супраціўляўся вораг. Адзін факт аб тым сведчыць, што разлік, у які ўваходзіў Мікалай Васільевіч, выпускаў па 25 снарадаў за хвіліну. І на гэты раз наш зямляк праявіў сябе з геройскага боку: на плячах вынес з-пад абстрэлу свайго баявога таварыша, чым выратаваў яго ад смерці.  За што і на грудзях Сапановіча зазіхацеў ордэн.

Чым бліжэй падыходзілі савецкія войскі да Германіі, тым бязлітаснейшымі ішлі баі, асабліва гэта тычыцца фарсіравання ракі Одэр. Сапановіч, будучы параненым, зноў не пакінуў поля бітвы. Мужнасць артылерыста адзначана другім ордэнам Славы. Потым  быў штурм Берліна і паход да Эльбы. З арміі салдат дэмібілізаваўся толькі ў 1947 годзе. Ён і цяпер упэўнены: страшнай была вайна, але паміралі савецкія вайскоўцы не дарэмна, ужо 75 год наш народ жыве пад мірным небам.

У калгасе для Сапановічаў знайшлася работа па яго байцоўскаму характару – кавалём. Адразу, як вярнуўся на радзіму, ажаніўся. У сям’і нарадзілася і вырасла пяцёра дзяцей. Бацька стараўся, каб выйшлі яны ў свет працалюбівымі і шчырымі. Нягледзячы на цяжкую сялянскую працу, Сапановіч ніколі не цураўся грамадскай работы. Не раз быў дэпутатам сельсавета, часта сустракаўся з дзецьмі ў школе, дзе расказваў пра гераічныя старонкі гісторыі сваёй краіны.  Нават ужо ў даволі пажылым узросце  з ахвотай хадзіў на мерапрыемствы ў навучальную ўстанову. Як справядліва заўважыла дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра  сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ніна Рамановіч у час святочнай вечарыны, зладжанай у гонар юбіляра, Мікалай Васільевіч з тых людзей, якія за ўсё бяруцца з любоўю. З гэтым пачуццём ён адстойваў незалежнасць радзімы, з ім жа працаваў на дабрабыт роднай зямлі і сям’і, гэтак жа ставіўся да патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. З любоўю аддзячыў Мікалай Сапановіч арганізатараў і гасцей свайго юбілею за падарункі, за песні, за цёплую ўвагу і пашану.

Сяргей Белка

Фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.