Ірына Давідовіч: «За прыгожай усмешкай трэба даглядаць»

Бадай што ні перад якім урачом мы так не пасуем, як перад дантыстам. Яго баяцца ўсе без выключэння, нават калі ў гэтым і сабе не прызнаюцца. Ці ўратуе ад карыесу адна шчотка, што такое фотапломба і як мяняюцца адносіны сучаснікаў да гігіены ротавай поласці? Пра гэта і не толькі мы пагутарылі са стаматолагам другой катэгорыі Ірынай Давідовіч, якая працуе ў раённай паліклініцы.

— Ірына Канстанцінаўна, недзе чытала, што зубных дактароў не вельмі і за ўрачоў лічаць. Маўляў, яны жыцці ж не ратуюць?

— Так гаварыць могуць толькі абывацелі. І сярод стаматолагаў ёсць хірургі, якія робяць жыццёва неабходныя аперацыі. А наогул, мы, як і другія калегі, таксама даём клятву Гіпакрата, згодна з якой заўсёды гатовыя аказаць чалавеку экстранную дапамогу. Нас гэтаму вучылі і перыядычна вучаць зараз. Што да прэстыжнасці прафесіі, то цягам часу яна значна ўзрасла, і сёння на стаматалагічных факультэтах, як вы ведаеце, самыя вялікія прахадныя балы.

— Яшчэ з савецкіх часоў, сядаючы ў гэта крэсла, у чаканні болю мы адчуваем шок і трапятанне. Але ж тэхналогіі мяняюцца. Раскажыце, як вы сёння лечыце зубы?

— Канечне, гэта непараўнальныя рэчы. Зараз мы працуем на высокахуткасных устаноўках, з аўтаматычнай падачай сціснутага паветра і вады. На змену колішнім сталёвым борам прыйшлі цвёрдасплаўныя свёрлы, з алмазным пакрыццём, якія мінімальна траўміруюць тканкі. І палімеры цяпер выкарыстоўваюцца дасканалейшыя, амерыканскай, японскай, нямецкай вытворчасці. Іх адрознівае большая эстэтычнасць і падабенства да натуральнага зуба. Пад уздзеяннем спецыяльнага свету так званая фотапломба становіцца моцнай як эмаль. Да таго ж у сучаснай стаматалогіі шырока прымяняюцца анестэтыкі, каб працэс праходзіў больш камфортна і без болю.

Але я лічу, што якасць лячэння найперш залежыць ад кваліфікацыі ўрача. Калі ўзровень яго майстрэства не адпавядае, то нават з супернавейшага матэрылу пломба трымацца не будзе.

— Прапаную намаляваць партрэт вашага сярэднестатыстычнага пацыента.

— Часцей гэта жанчына. Мужчыны, як правіла, большыя баязліўцы. Што тычыцца ўзросту, то бываюць наведвальнікі нават старэйшыя за 70, а самаму малому ледзь мінула тры гадкі. Радуе: усё больш становіцца тых, хто свядома сочыць за сваім стаматалагічным здароўем. І гэта не толькі дазваляе мець прыгожую ўсмешку. Ад стану зубоў залежыць многае ў арганізме, да прыкладу, правільнае функцыянаванне страўнікава-кішачнага тракту. Прыемна, што бацькі прыводзяць дзяцей на дыспансерызацыю, людзі цікавяцца прафілактыкай захворванняў поласці рота. Рабіць гэта, упэўнена, ніколі не позна.

— Для некаторых паход да зубнога становіцца ледзьве не подзвігам. За ручку такіх не трымаеце? Ці можа выпадала каго прыводзіць у прытомнасць?

— Так. Не часта, але бывае, што праз страх і перажыванні нехта і “ад’язжае” у крэсле, тады ратуем, канечне. Дзеля падтрымкі малых дазваляем прысутнічаць маме ў кабінеце. Іншы раз чакаюць, але ў калідоры, і дарослых. Часцей жонкі прыводзяць сваіх мужоў. Каб распаволіць чалавека, трэба ўсталяваць з ім кантакт. Стасункі паміж пацыентам і ўрачом павінны быць даверлівымі. Будуецца размова ў залежнасці ад таго, хто ў крэсле. Тут і кампліменты ідуць у ход, і абмеркаванне надвор’я, і нават псіхатэрапія здараецца. Калі б рэжысёры надумалі зняць серыял пра стаматолагаў, то гэта магла быць як камедыя, так і трылер. Гісторыі у нас здараюцца розныя.

— У магазінах зараз шмат розных сродкаў па догляду за зубамі: флосы, ёршыкі, апалосквальнікі. Ірына Канстанцінаўна, што скажаце пра іх эфектыўнасць?

— Адной шчоткі, лічу, недастаткова, дзеля таго, каб якасна сачыць за поласцю рота. Можна і патрэбна карыстацца ўсім, што прапануе гандаль. Але папярэдне варта пракансультавацца з прафесіяналам і навучыцца рабіць гэта правільна.

З дынастыі медыкаў

Малая радзіма нашай гераіні — Ельскі раён, вёска Славечна. Яе бацька працаваў фельчарам, маці — акушэркай. Пра тое, што будзе ўрачом, Ірына ведала з маленства, а вось спецыяльнасць выбрала амаль выпадкова, пры падачы дакументаў. На педыятрычным факультэце ўжо вучылася старэйшая сястра. Яна потым і перацягнула меньшую з дому на Жыткаўшчыну, куды трапіла па размеркаванні. Марына Войтава, дарэчы, дагэтуль паспяхова працуе ў нашай бальніцы.

Агульны стаж Ірыны Давідовіч складае 35 гадоў. Цікава, што 15 з іх яна пасля перападрыхтоўкі паралельна працавала яшчэ і афтальмолагам. Прызнаецца, што вельмі любіць сваю прафесію. Стаматолаг адначасова падобны і на ювеліра, і на скульптара, і на мастака. Субяседніца лічыць уласную справу досыць творчай. І нават калі б з абітурыентскіх спісаў выкрэслілі ўсе медінстытуты, яна ўсё роўна стала б доктарам — ветэрынарам, напрыклад.

Вольны час урач прысвячае такому нетрывіяльнаму для жанчыны захапленню, як рыбалка. Да вуды яе заахвоціў муж. Самы вялікі трафей — сом вагою 18,3 кілаграма. Задавальненне прыносіць таксама дача і іншы актыўны адпачынак.

Па слядах Ірыны Канстанцінаўны пайшоў і яе сын. Ён па волі лёсу нарадзіўся ў маміна прафесійнае свята, 9 лютага. Але стаць вырашыў хірургам. Іван Давідовіч зараз праходзіць інтэрнатуру ў Гомельскай абласной бальніцы.

Святлана Шакалян

Фота аўтара

 

 

Ірына Давідовіч: «За прыгожай усмешкай трэба даглядаць»: 1 комментарий

  • 11.02.2019 в 22:59
    Permalink

    У такога доктара лячыць зубы зусім ня страшна! Упэўненыя, дасведчаныя рукі ставяць такія надзейныя пломбы, з якімі не спраўляюцца нават ірыскі фабрыкі Чырвоны мазыранін! Спадарыня Ірына — жанчына з унутраным стрыжнем і бездакорным густам! І хоць лекарская маска хавае ад пацыентаў Вашую ўсмешку, мы ўсё адно яе бачым —
    бо над маскай заўжды так ярка і пяшчотна свецяцца добрыя вочы!..

    Рейтинг комментария:Vote +1+3Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.