На Беларусі і далёка за яе межамі добра вядома імя Міколы Котава

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

На Беларусі і далёка за яе межамі добра вядома імя Міколы Котава, выдатнага фалькларыста, харэографа, мастацкага кіраўніка тэатра фальклору “Матуліна хата”. 

Гэты чалавек дбае, каб народная музычная культура пашыралася не толькі дома, а і па-за межамі краіны. Неаднойчы са сваімі сябрамі-аднадумцамі  з канцэртам ён наведаў Прыбалтыку, розныя гарады Украіны, Расіі, некалькі разоў выступаў перад суайчыннікамі ў ЗША.

Хаця Мікола Котаў нарадзіўся ў Рэчыцкім раёне, але да Тураўшчыны, як і да іншых палескіх мясцін, у яго асаблівая любоў, таму што шматлікія куточкі Жыткавіцкага раёну – найбагацейшая скарбонка  этнаграфіі, вуснай народнай творчасці. А пачатак гэта прыхільнасць узяла ў 1964 годзе, калі Мікола Конанавіч прыехаў у г. Тураў. Тут з вучняў і настаўнікаў сярэдняй школы №1 ён стварыў танцавальны калектыў, які ў Маскве выступаў і на ВДНГ, і ў Калоннай зале Дома саюзаў, і ў гарадку касманаўтаў. З радасцю жыхары сталіцы сустракалі “Лявоніху”, “Бульбу” і іншыя беларускія танцы ў выкананні палескіх артыстаў. Дарэчы, дзякуючы  неабыякавасці і таленту кіраўніка “Прыпяці”, вялікіх  поспехаў у справе даследвання і папулярызацыі мясцовага фальклору і этнаграфіі дасягнулі  школы №№ 1 і 2 г. Турава, Верасніцы і іншыя. У народзе нават прыжылася трапная прымаўка: “Дзе Котаў ходзіць – там добры настрой родзіць, а дзе Котаў нагой – там аптымізм гарой”.

Я многа чуў пра  гэтага цудоўнага танцора, артыста высокага класа, але сустрэцца і наведаць яго выступленні не даводзілася аж да  сёлетняга 26 студзеня. Менавіта ў гэты дзень у Дзяржаўным  музеі гісторыі беларускай літаратуры ладзілася свята “Запрашаем  на вячоркі ў хату спадара Міколы Котава і спадарыні Кацярыны Пяршлевіч”, на якое ў тэлефоннай размове Мікола Конанавіч запрасіў і мяне. Уражанне ад знаёмства склалася такое, быццам пасярод зімы наступіла вясна. 

Віншавальным словам вячоркі адкрыла Эліна Свірыдовіч, загадчыца  навукова-асветніцкага аддзела музея. Затым ў невялічкай, але ўтульнай  зале адбыўся цудоўны канцэрт, у якім прынялі ўдзел народны ансамбль “Суседзі” з вёскі Прылепы, што ў Смалявіцкім раёне (яго складаюць ураджэнцы з адселеных тэрыторый Нараўляншчыны), мастацкі кіраўнік Марыя Гулевіч, артысты тэатра фальклору “Матуліна хата” і яго стваральнік, непараўнальны выканаўца чачоткі. З вялікім задавальненнем глядачы ўспрымалі выступленне. З салістаў адзначыліся Кацярына Пяршлевіч, сёстры Альвіра і Таццяна Корбут. На “біс” была сустрэта песня Міколы Котава “Дранікі – бульбянікі”. Яе, як і “Матуліну хату”, ён стварыў разам з кампазітарам Сяргеем Страхам. Сам гаспадар вячорак у час падтанцоўкі некалькі разоў рабіў шпагат, і гэта не гледзячы на амаль 78-гадовы ўзрост, другую групу інваліднасці і металічны пруток ў назе, ўстаўлены пасля складанай аперацыі. Даволі рэдка можна сустрэць чалавека з такой вытрымкай, загартаваннасцю і любоўю да мастацтва. Не губляючы бадзёрасці, ён дадае, што і ў 90 яшчэ сядзе на шпагат.

Перад развітаннем пагутарылі. Не ўсё так гладка склалася ў яго жыцці. Як і ў мяне, ураджэнца Мазыра, яго бацька таксама не вярнуўся з фронту. Нам, дзецям вайны, давялося галадаваць, капаць на калгасным полі мерзлую бульбу, каб неяк выжыць. На канцэртах Мікола Котаў часта спявае сваю песню, дзе ёсць такія радкі: “Ах, вайна, ты вайна – ліхалецце людское. //Нам з табой, тата мой, не сустрэцца ніколі”. Яна кранае і сэрца, і душу.

На другі дзень пасля канцэрта паважаны Мікола Конанавіч патэлефанаваў мне і папрасіў напісаць ў яго любімую газету “Новае Палессе” невялічкі артыкул пра вечарыну. Трэба спадзявацца, што выдатны грамадзянін нашай Беларусі не аднойчы яшчэ наведае родныя яго сэрцу мясціны Жыткаўшчыны.

Л. Целеш, г. Дзяржынск

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.