Вынікі раённага этапа рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод” падведзены райкамам прафсаюза

Вынікі раённага этапа рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод” падведзены райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Яго лідар Уладзімір Радавец у гэтыя дні ўшаноўвае лепшых працаўнікоў грамадскіх ферм, якія дабіліся ў мінулым годзе высокіх вытворчых паказчыкаў.

Першым, хто атрымаў ад прафсаюза заслужаную ўзнагароду за ўласнае старанне, стаў аператар па абслугоўванню даільнага і халадзільнага абсталявання Анатоль Быхан, які шчыруе на азяранскай малочнатаварнай ферме акцыянернага таварыства “Тураўшчына”. Са словамі віншаванняў старшыні райкама Уладзімір Радавец і пярвічкі прадпрыемства Наталля Вакульчук уручылі дбайнаму работніку ганаровую грамату і падарунак. Гэтым госці падкрэслілі важнасць працы Анатоля Апяксеевіча па атрыманню высокіх надояў.

Быхан  жывёлагадоўлі гаспадаркі аддаў дзесяць гадоў. Як адзначыла загадчыца фермы Вольга Бобрык, ён вельмі адказна ставіцца да выканання ўскладзеных на яго абавязкаў і вызначаецца прафесіяналізмам, таму і ўпушчэнняў у сваёй дзейнасці не дапускае.

На азяранскую МТФ Анатоль Аляксеевіч прыйшоў ужо з даволі грунтоўным практычным вопытам. Да гэтага, вобразна кажучы, рознага хлеба паспрабаваў, але найбольш праявіў сябе ў АПК. Два дзесяцігоддзі быў вадзіцелем машыны тэхдапамогі ў мясцовай гаспадарцы. Работа ж гэтая патрабуе не толькі віртуознага кіравання аўтамабілем, але і добрага ведання характарыстык сельгасагрэгатаў і фермскага абсталявання, іх матэрыяльнай часткі. Брыгадзе рамонтнікаў больш даводзілася працаваць у палявых умовах, таму заўсёды знаходзілася справа і для шафёра.  Быхан не адмаўляў у дапамозе. Вось так, самавукам, і спасцігаў сакрэты цяперашняй прафесіі.

Змяніць спецыяльнасць Анатолю Аляксеевічу прыйшлося з-за аўтамашыны. Па прычыне значнага перыяду эксплуатацыі яе спісалі на металалом.  На новую ў гаспадарцы на той час грошай не знайшлося. Канечне ж, мужчына, які ніколі не сядзеў без справы, не стаў наракаць на такую акалічнасць, а пайшоў на азяранскую ферму, дзе заняўся абслугоўваннем дойкі і халадзільнікаў. Тым больш работа для яго была даволі знаёмай і звычнай. Захапіла яна  мужчыну, нават  не захацеў  пераходзіць у вадзіцелі, калі ў таварыстве з’явілася іншая машына тэхдапамогі.

Цяпер Анатоль Аляксеевіч разумее, наколькі важная яго праца на ферме. На першы погляд яна падаецца простай і лёгкай, але ж ад правільна наладжанай дойкі, бездакорнай работы гэтага абсталявання залежыць і колькасць малака, і здароўе самой каровы. А яшчэ і якасць прадукцыі. Добра не прамыў аператар абсталяванне ці не праверыў ціск у помпе, або сасковую гуму і праблем не пазбегнуць. Падводзіць калег-жывёлаводаў, якія штодзённа  з рання да пазна змагаюцца за кожны грам малака, не ў правілах Быхана. Таму і працуе спецыяліст практычна без выхадных. У жывёлагадоўлі, каб мець належную аддачу, па-іншаму і нельга. Пра свае старанні Анатоль Аляксеевіч гаворыць даволі сціпла: “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”. Але ў гэтых словах закладзены вялікі жыццёвы вопыт, што і на сваёй малой радзіме можна заслужыць людскую павагу і пашану. Галоўнае, не ленавацца, а з найбольшай карысцю прымяняць уласныя веды і навыкі.

– Старанных і працавітых жывёлаводаў на фермах таварыства шчыруе нямала, — расказвае старшыня прафсаюзнай пярвічкі Наталля Вакульчук. – Мы імкнемся за ўсе іх поспехі  і дасягненні належна аддзячваць. І гэта тычыцца кожнага перадавіка сельгаспрадпрыемства.

– У межах акцыі “Наш жывёлавод” ад райкама прафсаюза работнікаў АПК падарункі атрымаюць   дзесяць работнікаў і спецыялістаў фермаў, – дадае  прафлідар аграрыяў Уладзімір Радавец. – А ўсяго па раёну будзе ўшанавана паўсотні жывёлаводаў. Праводзімае намі мерапрыемства – гэта ячшэ адзін крок, каб падкрэсліць значнасць і прэстыж прафесіі.

Сяргей Белка

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.