Аб чым раскажуць “Тураўскія легенды”

CREATOR: gd-jpeg v1.0 (using IJG JPEG v80), default quality

Германія, Польшча, Італія, Сербія, Чэхія, нават Японія. Гэта далёка не поўны пералік краін, грамадзяне якіх выбіраюць для адпачынку аргасядзібу “Тураўскія легенды”. Іншаземцы складаюць дзве траціны яе пастаяльцаў. У дыхтоўным, па-еўрапейску камфортным асабняку з відам на Струмень летась бавілі час 116 чалавек.

Адзін з самых папулярных у свеце сэрвісаў онлайн-браніравання атэляў «Booking» па водгуках пабываўшых тут турыстаў прысвоіў аграсядзібе даволі высокі рэйтынг – 9,5 бала з дзесяці. Людзі спасылаюцца на гасціннасць персанала, “нечаканы для невялікага гарадка перфекцыянізм ва ўладкаванні нумароў”, “суцэльныя магчымасці”, “выдатны сняданак з экалагічных прадуктаў” і іншыя выгоды. Гаспадыня Кацярына Шруб не хавае гонару ад такой ацэнкі:

– На яе мы не можам ніяк уплываць, толькі якасцю абслугоўвання, таму гэта дарагога варта. Стараемся дагадзіць кожнаму чалавеку, каб пра адпачынак засталіся найлепшыя ўражанні. Можа таму многія прыязджаюць і другі-трэці раз, раяць гэта месца сябрам, бацькам, калегам. Напрыклад, адна пажылая пара з Нідэрландаў спыняецца ў нас каля дзвевяці гадоў, ужо стаўшы практычна сябрамі.

 

Сямейны

бізнес

Кацярына Фёдараўна ў асаблівым прадстаўленні не мае патрэбы. Сялянская гаспадарка яе мужа Міхаіла Рыгоравіча вядомая далёка за межамі раёна. Арганізацыю прыёму турыстаў можна лічыць адным з напрамкаў шматвектарнага сямейнага бізнесу.

– Пачынаўся ён у 2009-ым з чатырох пакойчыкаў на другім паверсе кафэ “Будзьма”, – пасля экскурсіі па ўтульных нумарах распавядае гісторыю праекта гаспадыня гатэля. – Там сёння пераважна жывуць маладыя спецыялісты гаспадаркі, а ў аграсядзібу мы ператварылі гэтую новабудоўлю. Першых гасцей тут засялілі чатыры гады таму.

Ідэя, прызнаецца субяседніца, належыць Рыгоравічу, які ўпэўнены, што мясцовыя краявіды вартыя таго, каб іх бачылі не толькі тураўцы. Акрамя высакародных мэт, зразумела, неапошнюю ролю адыграў эканамічны разлік, магчымасць заробку на турыстычных паслугах. Тым больш што для развіцця гэтага сектара дзяржава аказвае падтрымку і спрыянне. Ільготны банкаўскі крэдыт і падатак – адна базавая штогод – істотная падмога для раскруткі ўласнай “аграсправы”. Але, як завярае бізнес-вумэн, для таго, каб яна давала фінансавую аддачу, гэтага мала. Падтрыманне станоўчага іміджу і даволі высокая канкурэнтнасць вымагаюць немалых расходаў і пастаяннай працы. І гэты “тонус”, здаецца, толькі заахвочвае Кацярыну Фёдараўну да прафесійных вяршынь. Яна ўпэўнена, што любая справа, зробленая з душой, абавязкова будзе мець прыбытак.

– Няўжо вашы госці ні на што не наракаюць? – не магу ўтрымацца ад пытання пра недахопы.

– Бываюць скаргі, якія ад нас не залежаць, – не хавае гаспадыня. – Вясной уражанні ад адпачынку могуць псаваць камары ды мошкі, ад якіх прыходзіцца ратавацца рэпелентамі. Толькі многія ўспрымаюць гэта як своеасаблівую палескую экзотыку. А з сур’ёзнага, не хапае  абсталяванага гарадскога пляжа, каб там было чыста і добраўпарадкавана.

 

Усё лепшае –

гасцям

“Тураўскія легенды” у новым будынку могуць максімальна размясціць 12 чалавек. Тут шэсць выдатных пакояў з усімі выгодамі, разлічаных на самых патрабавальных спажыўцоў. Нядаўна  для зручнасці кліентаў на “рэсэпшене” ўстанавілі тэрмінал для ажыццяўлення безнаяўнай аплаты паслуг.

Найбольш напружаны час, як не цяжка здагадацца, у цёплую пару, зіма – сезон амаль мёртвы. Асаблівай папулярнасцю атэль карыстаецца ў аматараў-арнітолагаў, якія з усёй Еўропы спяшаюцца на Тураўскі луг, што літаральна глядзіць у вокны нумароў, каб паназіраць за вясенняй міграцыяй птушак, якіх, у тым ліку рэдкіх, тут збіраецца безліч. Месцы ў Шрубаў на гэты час браніруюцца за некалькі месяцаў, а то і цэлы год. Па словах гаспадыні, на прыток турыстаў з далёкага замежжа акрамя іншага істотна паўплывала ўвядзенне Беларуссю безвізавага рэжыму. Любяць хавацца тут ад гарадской мітусні таксама масквічы, жыхары Санкт-Пецярбургу, іншых расійскіх мегаполісаў. Едуць і фінансава паспяховыя беларусы. 

– Акрамя чыстага паветра сваім гасцям мы прапануем настольны тэніс, пракат веласіпедаў. Можна яшчэ ўзяць лодку ці кацер, арганізаваць рыбалку ці знаёмства з гісторый горада і яго ваколіц. Задавольваем і жадаючых паглядзець, як працуе сялянская гаспадарка, – распавядае Кацярына Фёдараўна, дадаючы, што яна сама выконвае ўсе функцыі, ад горнічнай і афіцыянткі да экскурсавода і нават перакладчыка для замежнікаў. За нямецкую мову – удзячнасць школе, а каб валодаць англійскай, жанчына зараз займаецца на спецыяльных інтэрнэт-курсах. – Толькі большасць нашых суайчыннікаў, як правіла, любяць адпачываць шумна, іх не надта цікавіць краязнаўства, а еўрапейцы найперш атрымліваюць асалоду ад сузірання некранутай прыроды, параўноўваючы Тураў з новай Галандыяй.

 

Лідары

галіны

Наш аповед пра сядзібу Кацярыны Шруб будзе не поўным, калі не дадаць яшчэ адзін значны факт. Акрамя згаданага ў пачатку публікацыі рэйтынгу «Booking», “Тураўскія легенды” другі год запар трымаюць і званне лепшага ў раёне аб’екта аграэкатурызму. Толькі, на думку гаспадыні, важней за любыя дыпломы шчырая падзяка ад’язжаючых гасцей і іх жаданне вярнуцца сюды зноў.

Мовай лічбаў

На Жыткаўшчыне зараз дзейнічае 20 аб’ектаў аграэкатурызму. Гаспадарамі дванаццаці з іх з’яўляюцца фізічныя асобы. За мінулы год яны прынялі на адпачынак  481 чалавека. У тым ліку – 83 замежных грамадзяніна. Топ-3 па наведваемасці: “Тураўскія легенды” (116 гасцей), “Островок” (91), “Случь” (64).

Прыватныя аграсядзібы раёна летась аказалі паслуг на агульную суму звыш 58 тысяч рублёў.

Святлана Шакалян

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.