Аляксандр БРЫНЯВЕЦ: «Работа ў камандзе дазваляе выходзіць пераможцам»

Аляксандр Міхайлавіч Брынявец, трактарыст-машыніст  КСУПа “Бялёў”:

— Які з мяне перадавік. Толькі пяць гадоў працую ў гэтай гаспадарцы на трактары. У аграгарадок Бялёў наша сям’я пераехала з Кіраўскага раёна, там і асвоіў патрэбную для вёскі спецыяльнасць. Што казаць, да тэхнікі мяне заўсёды цягнула, цяпер вось мара збылася, аб чым ніколькі не шкадую. А справы для трактарыстаў у нашым сельгаспрадпрыемстве заўсёды хапае. Тэхнікі ў наяўнасці не так і шмат.  Зімой вось перавозкай кармоў займаюся, рыхтую да работы ў полі замацаваныя за мной агрэгаты.Тэхнікі ў гаспадарцы падчас гарачых палявых кампаній не дастае, таму ўжо выпрацавалася  беражлівае стаўленне да трактара і прычапнога інвентару. Яны, хаця і жалезныя, але клопат любяць не менш дбайны, чым жывыя істоты. 

На сваім МТЗ-1221 мне даводзіцца і араць, і глебу рыхтаваць, і кукурузу сеяць, і на кармавых угоддзях шчыраваць, адным словам, заняты круглы год. На якім бы ўчастку вытворчасці не працаваў, заўсёды стараюся сумленна выконваць даведзеныя заданні. Не навучаны па-іншаму да работы адносіцца. Ды ў нашым КСУПе такіх земляробаў і жывёлаводаў нямала. І адміністрацыя з павагай адносіцца да тых рупліўцаў, якія ўносяць найбольшы ўклад у агульную справу. Вось нядаўна ў нас быў справаздачны сход, дык дырэктар казаў, што сельгаспрадпрыемства па выніках мінулага года знаходзіцца  ў ліку тых нямногіх гаспадарак раёна, дзе не дапусцілі спаду вытворчасці ў параўнанні з папярэднім перыядам. Прыемна чуць такую навіну, парадавацца за калег, усвядоміць, што і ты асабіста працаваў разам з усімі на агульны вынік. Магчыма, супольны інтарэс, зладжаная работа ў камандзе і дазваляюць нават у самых складаных сітуацыях выходзіць пераможцам.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.