Белы халат ёй да твару

Алена Іванаўна ТАРГОНСКАЯ, старшая медыцынская сястра стаматалагічнага аддзялення ЦРБ: — Пытанне, кім быць, вырашыла задоўга да заканчэння школы, бо пра медыцыну з дзяцінства марыла. Лічу, што для жанчыны — гэта самая прыдатая сфера дзейнасці. Мой шлях да прафесіі пачаўся ў Бабруйскім вучылішчы. Пасля атрымання дыплома адразу трапіла ў нашу стаматалогію. Да гэтай пары памятаю свой першы працоўны дзень — 7 ліпеня 1992 года. Папрасілася выйсці на тры тыдні раней, чым было напісана ў накіраванні. Хацела, напэўна, хутчэй апрануць белы халат і адчуць самастойнасць. З таго часу ні разу не расчаравалася ў сваім выбары. Я люблю тое, чым займаюся. Хіба не прыемна ўсведамляць, што ты дапамагаеш людзям, пазбаўляючы ад пакут і болю, робіш іх здаравейшымі, а значыць, больш шчаслівымі. Паралельна з работай у тандэме з урачом кабінета платнага лячэння дзесяць год таму стала выконваць функцыі старшай медсястры. Гэта досыць адказная справа, з шырокім колам абавязкаў — ад забеспячэння паліклінікі медыкаментамі і расходнымі матэрыяламі да вядзення табеля і іншых стасункаў з калегамі. Дарэчы, наш калектыў аб’ядноўвае 23 чалавекі. У чым сакрэт поспеху? Нават не ведаю, што адказаць. Напэўна, для кожнага, чыя работа звязана з людзьмі, і медыкі тут не выключэнне, найперш важныя такія якасці, як дабразычлівасць і паразуменне. Нездарма ж кажуць, што душэўнае слова лечыць, а благое, наадварот, — раніць. Ну і, канечне, не абысціся без вопыту, з ім прыходзіць упэўненасць у сваіх сілах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.