Кухня – месца для творчасці

Святлана Іванаўна Дзівенка,  повар 5 разраду кафэ “Бульбянае”:

— Згадзіцеся, кухар нечым падобны на ўрача, бо ад харчавання ў многім залежыць здароўе чалавека. Мая прафесія будзе запатрабаванай, пакуль жывуць людзі. Многія думаюць, што карміць народ – руціна і абыдзёншчына, я ж лічу, што гэта вельмі творчы працэс. Тут акрамя спецыфічных ведаў, акуратнасці і добрасумленнасці, не абысціся без фантазіі і крэатыўнасці. На стравы, як на адзенне, таксама існуе мода, і ёй трэба падпарадкоўвацца.

У райспажыўтаварыстве працую 10 гадоў. Гэта арганізацыя аб’яднала многіх родзічаў – дзядзьку, цётку, брата, сястру. Па іх слядах і пайшла, а схільнасць мая да гатавання праявілася яшчэ ў школьныя гады. Па першай адукацыі я тэхнік-тэхнолаг грамадскага харчавання. У 2016-ым завочна скончыла ВНУ, атрымаўшы дыплом таваразнаўцы-эксперта. Спадзяюся, што навука мне яшчэ спатрэбіцца ў кар’еры, а пакуль атрымліваю асалоду каля пліты. Люблю гатаваць мясныя стравы і дэсерты. Хочацца дагадзіць густам кожнаму наведвальніку, гарантуючы якасць абеда, эстэтыку падачы і, канечне, смак.

Кафэ наша практычна не пустуе, абслугоўвае шмат розных мерапрыемстваў і па-за яго межамі. Напрыклад, з апошняга для фестывалю “Кліч Палесся” рыхтавалі прысмакі. А зараз я праходжу акрэдытацыю для работы на Еўрапейскіх гульнях, якія летам будзе прымаць Мінск. Хочацца ўдасканальвацца ў прафесіі, расці, таму ў бліжэйшых планах здача экзамена на майстра-повара.

Вы не паверыце, але я люблю гатаваць і дома, толькі не звычайныя катлеты, а нешта эксклюзіўнае. А яшчэ аддаю перавагу актыўнаму адпачынку. Зімою – гэта лыжня.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.