Служыць па кантракту

Камплектаванне вайсковых злучэнняў нашай краіны ажыццяўляецца ў асноўным за кошт салдат тэрміновай службы. Але ўліцца ў армейскія рады можна і па кантракту. Аб тым, як гэта зрабіць, мы гутарым з ваенным камісарам Жыткавіцкага райваенкамата Вячаславам Гарошкам.

— Вячаслаў Леанідавіч, на якія вакансіі ў вайсковых злучэннях могуць прэтэндаваць кантрактнікі?

— Калі браць у разрэзе радоў войск, то ў ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны патрабуюцца вадзіцелі і стралкі, у сухапутныя — механікі-вадзіцелі, вадзіцелі, камандзіры аддзяленняў, у сілы спецыяльных аперацый — разведчыкі, вадзіцелі і камандзіры аддзяленняў.

— Каб стаць ваеннаслужачым-кантрактнікам, што для гэтага неабходна?

— Найперш, звярнуцца ў камісарыят па месцы жыхарства асабіста або па тэлефоне, каб пракансультавацца, паведаміць звесткі аб сабе і той пасадзе і спецыяльнасці, на якой чалавек жадае служыць. Далей сабраць неабходныя дакументы. Іх пералік маецца на сайце Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Пасля падачы заявы прадстаўніку вайсковага злучэння неабходна прайсці медыцынскае абследаванне, прафесійна-псіхалагічны адбор, здаць нарматывы па фізічнай падрыхтоўцы, дачакацца заключэння атэстацыйнай камісіі часці, і калі яно станоўчае, прыбыць ва ўстаноўлены тэрмін і заключыць кантракт.

— Раскажыце, якія патрабаванні  прад’яўляюцца да салдат-кантрактнікаў?

— Пачнем са стану здароўя. Прэтэндэнт павінен быць годным да вайсковай службы або годным да яе з нязначнымі абмежаваннямі. Першы кантракт з мужчынамі заключаецца  у 18-35 гадоў ( з жанчынамі – з 19 гадоў). Гранічны ўзрост — 48 год.  Будучыя кантрактнікі павінны мець адукацыю не ніжэй за сярэднюю, хаця ў пэўных выпадках дапускаецца і наяўнасць пасведчання аб агульнай базавай адукацыі. Наяўнасць дыпломаў аб заканчэнні сярэдня-спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў з’яўляецца добрым падмуркам для  кар’ернага росту ў далейшым.

— Якія сацыяльныя гарантыі  будуць мець тыя салдаты і сяржанты, што пярэйдуць на службу па кантракту?

— Напрыклад, мінімальнае грашовае забеспячэнне для вадзіцеля ўстаноўлена ў памеры 728 рублёў, для старшага вадзіцеля — 742 і для камандзіра аддзялення — 769 рублёў. Акрамя гэтага, штогод выплачваецца аднаразовая дапамога на аздараўленне (два аклады, службовы і па вайсковаму званню грашовага утрымання), а таксама матэрыяльная дапамога: 0,3 аклада. Безумоўна, з часам  усе памеры забеспячэння будуць павялічвацца. У сацыяльным пакеце кантрактнікаў і грашовая кампенсацыя за наём жылля як ім, так і членам сямей. Таксама ваеннаслужачыя забесяпячваюцца рэчамі па ўстаноўленых нормах, харчаваннем пры правядзенні мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі і падчас стацыянарнага лячэння, у іншых выпадках, ім таксама  прадугледжана медыцынскае абследаванне згодна з заканадаўствам краіны, абавязковае страхаванне жыцця і здароўя.

Кантрактнікі маюць магчымасць навучацца ва ўстановах прафесійна- тэхнічнай, сярэдня-спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, акрамя ваенных, на завочнай форме з захаваннем грашовага забеспячэння і іншых гарантый. На маю думку, стаць кантрактнікам для тых грамадзян, хто хоча прысвяціць свой лёс абароне краіны,  даволі прыцягальны варыянт, каб  ажыццявіць уласную мару.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.