У Жыткавіцкай райветстанцыі пастаянна клапоцяцца аб умацаванні матэрыяльнай базы

Дзякуючы гэтым намаганням сёлета ўстанова закупіла апарат ультрагукавога даследавання для дыягностыкі сцельнасці кароў і цялушак. Спецыялісты лячэбніцы новае абсталяванне адразу задзейнічалі па прызначэнні.

Даверылі апарат вопытнаму ветэрынару Уладзіміру Калоська (на здымку). Яго працоўны стаж вымяраецца амаль двума дзясяткамі гадоў. Пачынаў айбалітам у сельгаспрадпрыемствах, а ў 2006 годзе перайшоў у ветстанцыю. Набытая практыка дапамагае Уладзіміру Уладзіміравічу і ў новай справе. Каб дасканала яе асвоіць, Калоська прайшоў спецыяльнае навучанне.

— Абсталяванне дазволіць на ранняй стадыі ( ад трыццаці  да сарака пяці дзён) вызначаць якасць асемянення, а таксама паталогіі каровы. Раней гэта мы маглі выявіць не меней як праз два месяцы, — расказвае галоўны ветэрынарны ўрач раёна Сяргей Ярмош. — Гэта дапаможа нам кантраляваць выніковасць работы тэхнікаў-асемянатараў, а таксама своечасова  прызначаць лячэнне ў выпадку гінекалагічных захворванняў жывёлы.

Для прыкладу, летась жыткавіцкія ветэрынары абследавалі на вышэйзгаданыя  хваробы 10532 каровы. Практычна ў кожнай пятай жывёліны выяўлены праблемы. У выніку амаль паўсотні цялят нарадзіліся мёртвымі.

— Канечне, сучасныя метады дыягностыкі дазволяць  значна палепшыць гэтую статыстыку, — канстатуе Сяргей Уладзіміравіч, — бо новы апарат будзе выкарыстоўвацца выключна на грамадскіх фермах сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.