Жыткавіцкаму ПМС неабходна выканаць падрадных работ на 2500000 рублёў

У бягучым годзе калектыву Жыткавіцкага ПМС неабходна выканаць падрадных работ на два мільёны пяцьсот тысяч рублёў. Але па словах дырэктара прадпрыемства Віктара Палуянава, пры маючых вытворчых магутнасцях і  прафесійным патэнцыяле працаўнікоў арганізацыя здольная  замахнуцца і на значна большыя аб’ёмы. Гэта значыць, што патрабуецца шукаць дадатковыя заказы. Як паказвае практыка, жыткавіцкія меліяратары з пастаўленай задачай спраўляюцца.

Прыкладам выніковай работы ў гэтым накірунку стаў мінулы год.  Дзе толькі спецыялістам прадпрыемства не даводзілася працаваць.  Геаграфія вельмі шырокая. Жыткаўчане ездзілі ў Брагінскі і Рэчыцкі раёны. Выконвалі падрады ААТ “Тураўшчына” і ААТ “Мостабуд”, КУП “Жыткавіцкі камунальнік” многіх іншых арганізацый. 

— Нягледзячы на тое, што  дадатковыя заказы знайсці становіцца ўсё складаней, але пры плане зарабіць на гэтай дзейнасці 414 тысяч рублёў, калектыў перавыканаў яго летась у два разы, — адзначае Віктар Васільевіч. — Несумненна, гэта станоўча адбілася на ўсіх нашых паказчыках. На 2018 нам давялі падрадных работ у аб’ёме 2 мільёны 438 тысяч рублёў, а фактычнае выкананне склала 2 мільёны 950 тысяч, або 121 працэнт да задання і 108,9 працэнта да мінулагодняга ўзроўню.

Станоўчыя дасягненні на вытворчасці  дазваляюць і заробкі павышаць, і матэрыяльную базу ўмацоўваць,  забяспечваць большую сацыяльную абароненасць работнікам, клапаціцца пра іх бяспеку і быт, а самае галоўнае,  занятасць калектыву.

Быць у пастаянным пошуку кіраўніцтва вымушаюць рэаліі часу. Яно добра разумее, што гарантаваных сродкаў для падтрымання развіцця калектыву выдзяляецца недастаткова. У прыватнасці, на цяперашні год іх прадугледжа прыкладна нямногім болей як два мільёны, а патрэбы прадпрыемства вымяраюцца трыма. І гэтую розніцу неабходна перакрыць за кошт падрадаў  з боку. Зразумела, што дадатковыя фінансавыя паступленні працаўнікам прадпрыемства меліярацыйных сістэм даюцца нялёгка. Даволі часта ім даводзіцца выязджаць у працяглыя камандзіроўкі. Але на гэтыя нязручнасці тут не наракаюць.  Жыткавіцкія меліяратары ў сваёй дзейнасці цвёрда трымаюцца прынцыпу, калі ўжо ўзяўся за гуж, то не кажы, што ня дуж. Таму заказы імкнуцца выконваць у тэрмін і з захаваннем усіх тэхналагічных патрабаванняў. І тут найперш праяўляецца самааддача, старанне, і прафесіяналізм кожнага работніка. Без іх трывала замацавацца на рынку немагчыма. Усё ж канкурэнты ў шапку не дрэмлюць.

Разам з тым, асновай свайго дабрабыту  спецыялісты прадпрыемства меліярацыйных сістэм лічаць справы, якія яны ажыццяўляюць на карысць сваёй малой радзімы. Напрыклад, летась імі ўведзена ў абарот  409,5 гектара рэканструяваных земляў. І гэта без уліку розных доглядных работ, якія праводзіліся на аб’ектах далёкіх і блізкіх. Сёлета планы няменшыя. Другое жыццё жыткавіцкія меліяратары мяркуюць удыхнуць больш як у 454 гектары занядбалай глебы. І гэта,  запэўніў дырэктар, па сілах.

Па ўсяму відаць, што паступальнае развіццё жыткавіцкага ПМС куецца ў паўсядзённых клопатах і справах. Так, іх нямала, але і сапраўдных майстроў-прафесіяналаў у арганізацыі таксама вельмі шмат. На гадавым сходзе калектыву не меней дзясятка рабочых і спецыялістаў адзначаны ганаровымі граматамі і падзячнымі лістамі. Высока ацаніў дзейнасць меліяратараў і першы намеснік  старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко. Але самай вялікай і ганаровай пашанай 121 чалавеку , якія цяпер шчыруюць у Жыткавіцкім ПМС, з’яўляецца ўдзячнасць ад тых, каму вынікі іх працы прыносяць карысць.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.