Зямлі новае жыццё надае ПМК — 66

Зараз вялікая ўвага ў нашым раёне надаецца навядзенню парадку на зямлі. Адным з прыярытэтных напрамкаў у гэтай дзейнасці з’яўляецца ўключэнне  надзелаў, якія не прыносілі належнай аддачы аграрыям, у гаспадарчы зварот.  Не стаяць у баку ад такой важнай справы і спецыялісты ПМК-66.

На цяперашні час практычна ўся тэхніка і людзі згаданага калектыву шчыруюць у камунальным сельгаспрадпрыемстве “Чырвоны Бор”. Менавіта ў гэтай гаспадарцы меліяратары плануюць да канца года даць другое жыццё больш як трохстам гектарам  раней асушанай глебы, якая па розных прычынах аказалася занядбалай.  За  амаль больш як саракагадовы перыяд эксплуатацыі палі на сістэме “Жыткавіцкая” зараслі хмызняком, каналы зацягнула багнай і чаротам. Безумоўна, гэта не спрыяла якаснай апрацоўцы глебы, а ў канчатковым выніку высокай ўраджайнасці культур. Але дзякуючы старанню і прафесіяналізму працаўнікоў ПМК-66 усё істотна мяняецца.

– Прыступілі да адраджэння гэтага аб’екта мы яшчэ летась. Канечне, сіл прыклалі нямала, – расказвае начальнік перасоўнай механізаванай калоны Уладзімір Валадзько. – Найперш павысякалі ўвесь хмызняк, павыразалі дрэвы. Прывяду толькі адну лічбу: з гэтай сістэмы мы вывезлі 2400 метраў кубічных дроў. Акрамя таго ачысцілі каналы і пракапалі новыя, выраўнялі іх берагі, зрабілі планіроўку, паклалі дрэнаж, перааралі і перадыскавалі  дзёран. На васьмідзесяці  гектарах ужо хоць зараз пускай агрэгаты і засявай сельскагаспадарчымі культурамі.

Але работу меліяратары не спыняюць. Гэтак жа прафесійна прыступілі да адраджэння  другой чаргі сістэмы.  Наводзіцца парадак ва ўрочышчы планамерна. Спачатку ідуць рабочыя з піламі і сякерамі, потым экскаватары, затым накапаныя імі гуры зямлі разраўноўваюць бульдозеры. Арганізавана вывозяцца і рэшткі расліннасці, якая потым спальваецца ў спецыяльных месцах. Па тым, як капітальна ўстанавілі меліяратары сваю базу, а таксама прыгнанай у гаспадарку вялікай колькасці тэхнікі, адчувалася, што затрымаюцца яны тут яшчэ надоўга.

– Справы  шмат, – гаворыць у час кароткага перакуру бульдазерыст Уладзімір Керазь, і паказваючы ўдалячынь рукою, дадае, – каб усё тут давесці да ладу, толькі адных каналаў трэба пракапаць  і пачысціць некалькі дзясятакаў кіламетраў, ды хмызняку выразаць і выкарчаваць на такой жа адлегласці.

Адрадзіць згаданы ўчастак для меліяратараў гэта не толькі доказ уласнага прафесіяналізму, але з’яўляецца і справай гонару. Некалі ў далёкім 1976 годзе спецыялісты ПМК-66 уласнаручна асушалі тут балотную твань.  Вось і цяпер імкнуцца даць зямлі другое жыццё. І станецца гэта ўжо ў кастрычніку бягучага года. А тыя восемдзясят гектараў, якія гатовыя да сяўбы, кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства «Чырвоны Бор» бягучай вясной мяркуе выкарыстаць пад кукурузу, грэчку і авёс. Несумненна, што на адноўленых палетках вяскоўцам будзе значна лепей працавацца, а завяршэнне меліяратарамі работ па рэканструкцыі сістэмы “Жыткавіцкая” стане аграрыям трывалым падмуркам для новых поспехаў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Усё ж справядліва заўважана, што зямлю не падманіш, яна любіць клапатлівыя і працавітыя рукі. І толькі дзякуючы ім радуе багатым ураджаем.

Сяргей Белка

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.