Героі вызвалення, партызанская друкарня і каханне на ўсё жыццё

Працягваем знаёмства з экспанатамі Тураўскага краязнаўчага музея і сёння зазірнем у залу Вялікай Айчыннай вайны. У сучасным выглядзе яе аформілі ў 1987 годзе. Тут сабрана прыблізна дзве тысячы прадметаў, большасцю друкаваныя матэрыялы і фотаздымкі, што распавядаюць пра акупацыйны перыяд Тураўскага раёна і землякоў, якія змагаліся на франтах і ў падполлі.
Экскурсія пачынаецца з гісторыі 18 пагранічнага атрада, заставы якога дыслацыраваліся на мяжы Заходняй Беларусі ад Малешава да Мілевічаў з 1922 года да жніўня 1941-га. Чырвонаармейцы гэтага злучэння пад камандаваннем лейтэнанта Марка Аканіна аднымі з першых сустрэлі праціўніка, адбіваючы яго атакі на ўсіх участках абароны. За ўзорнае выкананне баявых заданняў і праяўленую доблесць яшчэ падчас вайны атрад, у складзе якога неслі службу каля 900 байцоў, узнагародзілі ордэнам Чырвонага Сцяга.шоў атрад па беразе…

Захаваўся дзяржаўны герб СССР з пагранічнага слупа на Мілевіцкай заставе. Метал, з якога выраблены сімвал, час амаль не крануў. Выдатна выглядае яшчэ адзін цікавы экспанат, што мае дачыненне да тых падзей, – артылерыйская ўстаноўка ИСУ-152, якая граміла фашыстаў на ўсіх франтах. Гэты рарытэт Вялікай Айчыннай – апошні набытак, пры садзейнічанні Міністэрства абароны яго ўстанавілі ў цэнтры Турава летам 2017-га.

У музеі абавязкова раскажуць аб праслаўленых земляках, героях Савецкага Саюза Васілю Кату з Найды, які адзначыўся падчас баёў з мілітарысцкай Японіяй, і запясочанцу Міхаілу Струку, зенітчыку асобнай разведроты Лужскай дывізіі. Між тым, мала хто ведае пра тураўскую камсамолку Энну Шубянок, якая гуртавала мясцовую моладзь на барацьбу супраць ворага. Яна нарадзілася ў Амерыцы, куды ў пошуку лепшай долі з’ехаў бацька, а загінула на беларускай зямлі, стаўшы першай жанчынай, якую ў гады вайны ўзнагародзілі медалём “За адвагу”.

Частка экспазіцый прысвечана партызанскаму руху. Сярод іншых на тэрыторыі Тураўшчыны дзейнічаў 109 атрад на чале з камандзірам В. Прасолавым. Народныя мсціўцы грамілі гітлераўцаў не толькі зброяй, а і словам. На акупіраванай тэрыторыі яны выдавалі газету “Ленінскія заветы”, якая ўздымала патрыятычны дух мясцовага насельніцтва. Адно з самых відных месцаў у зале займае друкарская машына (на здымку), на ёй і тыражыравалі выданне падпольнага райкама партыі. Па словах супрацоўнікаў музея, гэты артэфакт – у гістарычным сэнсе напэўна самы каштоўны.

У адной з вітрын позірк прыцягваюць банкноты, што знаходзіліся ў абарачэнні падчас вайны. Нямецкія акупацыйныя грошы рэйхскамісарыят выпускаў ва ўкраінскім Жытоміры. Іх пакупніцкая здольнасць была надзвычай нізкай. Напрыклад, за пачак запалак аддавалі 50 карбованцаў.
Шмат цікавых рэчаў з ваенным мінулым захоўваецца і ў фондах: рэшткі зброі і абмундзіравання, фатаграфіі, якасць якіх да нашых дзён ніколькі не згубілася, розныя дакументы і пісьмы. Уразіў тэкст аднаго франтавога трохвугольніка. Восьмага жніўня 1944 года Акім Багай лістуе да каханай дзяўчыны Ганны Катлярчук: “Много уже природа своих красок сменила, как я расстался с тобой… Помнишь, когда славный Ковпак прогремел по Полесью, когда немцы приходили в ужас от одного этого грозного имени – Ковпак. Я тебе, Аничка, рассказал всю сущую правду о себе и своих намерениях. Я ушел в партизаны, пожертвовал семьей, чтобы стать на борьбу с фашизмом. Я и ты видели всю эту зверскую картину над людьми. За их смерть я мстил, мщу и буду мстить, пока фашизм не сметем с лица земли, чтобы с победой возвратиться домой. Тогда будем жить вместе с тобой. Я люблю по-прежнему тебя»…
Акім Рыгоравіч быў адным з актыўных удзельнікаў Тураўскай падпольнай камсамольска-маладзёжнай групы, адказваў за распрацоўку аперацый, бесперапынны радыёпрыём і афармленне зводак Савінформбюро. А ў хаце Ганны Фамінічны знаходзілася явачная кватэра народных мсціўцаў. 

Сваё каханне пара пранесла праз усё жыццё, адзначыўшы 57-годдзе шлюбу. Галава сям’і стаў настаўнікам, яго жонка працавала ў дзіцячым садзе. Яны выхавалі пяцёра дзяцей і яшчэ паспелі пабачыць, якімі выраслі дзесяць унукаў. Светлая памяць гэтым сціплым і мужным людзям, усім, каму мы абавязаны сваім існаваннем.

Святлана Шакалян

Фота аўтара

Аўтар удзячны за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу старшаму навуковаму супрацоўніку музея Алегу Вярэнічу.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.