Незвычайная ўрачыстасць адбылася днямі ў акцыянерным таварыстве “Людзяневічы”

Тут віншавалі і ўшаноўвалі жывёлаводаў чатырох гаспадарак, працаўніцы  якія па выніках першага кварталу дабіліся найлепшых вытворчых здабыткаў.

У ліку тых, каму ўручылі ганаровыя дыпломы і каштоўныя падарункі, аператары па вырошчванню маладняку Ганна Агіевіч і Наталля Мацюкевіч з камунальнага сельгаспрадпрыемства “Чырвоны Бор” цялятніца Валянціна Пяшэвіч, і даярка Валянціна Дзярызямля з КСУПа “Коленскае”, аператар машыннага даення Вікторыя Шчур і жывёлавод Вадзім Канапацкі (на здымку). Таксама ў ліку ўзнагароджаных прадстаўнікі малочнай галіны сельгаспрадпрыемства “Бялёў” Ганна Волк і Жанна Козел, якія па прычыне высокай занятасці на вытворчасці не змаглі трапіць на свята. Але яны не застануцца без ушанавання, якое жанчынам будзе аказана пазней. Канечне, поспехі да гэтых майстроў высокіх прываг і надояў прыйшлі не проста так.  З самага ранку і да позняга вечара яны сумленна выконваюць уласныя прафесійныя абавязкі, праяўляючы выключную адданасць абранай справе. Па меркаванні Ганны Агіевіч, каб выгадаваць здаровае цяля, за ім патрэбна пахадзіць, нібы за малым дзіцём. Толькі такім чынам група гадаванцаў парадуе высокай аддчай.

Прайшло ўсё ў вельмі добразычлівай абстаноўцы. Гаспадары пастараліся сустрэць гасцей належна. Канечне ж прапанавалі калегам паглядзець на ўмовы, што створаны ў іх грамадскай жывёлагадоўлі. Усе ацанілі ўзорны парадак і чысціню, якія пануюць на людзяневіцкім малочнатаварным комплексе. Высокую адзнаку мясцовыя працаўнікі атрымалі і за добрыя ўмовы ўтрымання цялятак, іх выдатныя фізіялагічныя кандыцыі. Адным словам, кожны ўдзельнік нарады змог прыдбаць нейкі вопыт, каб прымяніць яго на практыцы ў сябе.

Асноўная ж дзея мерапрыемства прайшла ў чырвоным кутку людзяневіцкага машыннага двара.  Яе ўдзельнікаў павіншавалі намеснік старшыні райвыканкама Леанід Валатоўскі і лідар райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Радавец. Яны не толькі адзначылі важнасць прафесіі аператараў машыннага даення і па вырошчванню маладняку, спецыялістаў зоаветэрынарнай службы ў структуры сельгасвытворчасці, але і запэўнілі, што будуць прымацца вычарпальныя захады для павышэння прэстыжу спецыяльнасцей. У прыватнасці, на гэта накіравана і прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод”, якая праводзіцца ў рэспубліцы. Дарэчы, Рэспубліканская федэрацыя прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу сёлета зрабіла салідны ўнёсак, каб заахвоціць найбольш старанных майстроў галіны. З нагоды стагоддзя мінсельгасхарчу яна набыла больш як сто пуцівак для жыватнаводаў. Гэты клопат адчула на сабе і загадчык МТК “Людзяневічы” Наталля Зумерфельд, якой Уладзімір Радавец на мерапрыемстве ўручыў пуцёўку на аздараўленне ў санаторый.

Свой уклад у святочную атмасферу ўнеслі і самадзейныя артысты народнага ансамбля “Вечарніца” раённага цэнтра фальклору, якія падаравалі жывёлаводам цудоўныя песенныя нумары. Несумненна, што такая ўвага для работнікаў ферм лішняй не бывае, а стане своеасаблівым стымулам для новых поспехаў.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.