У акцыянерным таварыстве “Тураўшчына” палявыя работы ў поўным разгары

Зараз тут асноўныя клопаты механізатараў засяроджаны на тым, каб грунтоўна падрыхтаваць палі пад сяўбу кукурузы.
Згаданую культуру ў сельгаспрадпрыемстве мяркуецца размясціць на трох тысячах ста гектарах. Гэта адзін з самых вялікіх масіваў у раёне. Таму, каб правесці сяўбу на ўсёй плошчы ў аптымальныя тэрміны, мясцовыя земляробы актыўна рыхтуюць глебу. Па стану на дзявятае красавіка пад сяўбу “каралевы палёў” ужо маецца амаль чатырыста гектараў зямлі. У ліку тых, хто задзейнічаны на важным участку, і механізатар Фёдар Мажака. Гэта адзін з вопытнейшых працаўнікоў таварыства. Яго стаж вымяраецца больш як трыццацю гадамі дзейнасці на розных участках сельгасвытворчасці. Таму хлебароб добра разумее важнасць пастаўленай задачы. За дзень на замацаваным энерганасычаным “Беларусу” апрацоўвае больш за сорак гектараў палеткаў, пры норме у трыццаць.
Адной з умоў атрымання высокага ўраджаю кукурузнай масы і зерня для тураўскіх механізатараў з’яўляецца добрая запраўка арганікай палёў пад будучыя пасевы. На палеткі за зіму ў гаспадарцы даставілі сто чатыры тысячы тон такіх угнаенняў. У гэтыя дні спецыяльна створаныя механізаваныя атрады уносяць гной у глебу. Работа спорыцца. Як расказаў яшчэ адзін перадавы механізатар сельгаспрадпрыемства Канстанцін Шкурко, які задзейнічаны на пагрузцы арганікі, за дзень палі атрымліваюць па дзве і болей тысячы тон “элексіру ўрадлівасці. Усяго арганікі ўнесена на грамадскія палеткі таварыства 80 тысяч тон. Вызначаюцца стараннасцю на гэтым участку і Іван Ракавец, Дзмітрый Ляшкевіч і іншыя трактарысты.
Станоўча адаб’ецца на ўраджайнасці кукурузы і тое, што кіраўніцтвам таварыства завезена для сяўбы амаль трыццаць тон элітнага насення культуры.
Аператыўна спрацавалі тураўскія хлебаробы і па догляду за пасевамі азімых каласавых і рапсу. У агульнай колькасці яны падкормлены КАСамі на трох з паловай тысячах гектарах.
Вясна з’яўляецца тою парою, калі земляробу не да адпачынку. Таму кіраўніцтва таварыства на пярыяд палявых работ устанавіла падоўжаную працягласць рабочага дня, які для механізатараў заканчваецца ў сем вечара, наладзіла гарачае харчаванне, давяло расцэнкі за выкананую работу. Адным словам, усё зроблена для плённай працы, якой яшчэ вельмі і вельмі шмат і не толькі на кукурузным палетку, але і на грамадскім агародзе, а таксама на бульбяных плантацыях, што ў гаспадарцы таксама нямала.
Сяргей БЕЛКА
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.