У пляцоўку талентаў ператварылася СШ №2 г. Жыткавічы

Шчодры ўраждай апладысментаў тут збіралі асаблівыя дзеці – выхаванцы інтэгрыраваных груп, класаў і ўстаноў, удзельнікі раённага этапу ХІІ рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”.

Конкурс праходзіць па двух кірунках – сцэнічным і дэкаратыўна-прыкладным. Пакуль юныя артысты рыхтаваліся да выхаду, журы знаёмілася з выставай падзелак. З паперы і гліны, тканіны і прыроднага матэрыялу. Малюнкі, панно, цацкі – усяго звыш двух дзясяткаў сапраўдных шэдэўраў. Ужытае слова не падасца напышлівым, калі ўлічыць, што ўсё гэта зроблена рукамі рабят, якія маюць праблемы са здароўем. Каштоўнасць такой працы найвышэйшая, дастойная ўвагі і безумоўнага ўхвалення.

Пасля прывітальнага слова намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Русая ўручыла ўзнагароды аўтарам лепшых работ. Дыпломамі І ступені адзначаны ў асабістай намінацыі выхаванка ясляў-сада №5 Дарына Трафімовіч і вучаніца СШ №1 г. Жыткавічы Анастасія Тамілава, калектыўнай – цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і яслі-сад №5. Другое месца занялі Марыя Голад з СШ №2 г. Турава, Дар’я Купрыяновіч і Ганна Селязнёва з Браніслаўскага д/с-БШ, а таксама яслі-сад №3 райцэнтра. Трэцімі сталі вучаніца СШ №2 г. Жыткавічы Варвара Рагалевіч і Грэбянёўскі дзіцячы сад.

З 12 разнастайных нумароў складалася конкурсная праграма танцораў, вакалістаў і чытальнікаў. Гэта быў іх зорны час. Пераадольваючы хваляванні, ўсе рабяты вельмі стараліся не збіцца ў рухах і словах. Дапамагала таму прыязнасць аўдыторыі, што падтрымлівала малых дружнымі воплескамі. Усе без выключэння хлопчыкі і дзяўчаты – вялікія малайцы, даставілі шмат задавальнення гледачам.

Па рашэнню арганізатараў конкурсу першае месца прысуджана спявачцы Вікторыі Крывулька (цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі), вакальнаму трыа ў складзе Цімафея Голада, Захара Косырава, Сяргея Чакмянёва (СШ №2 г. Жыткавічы) і выканаўцам зорнага шоу “Залаты пыл” (Грэбянёўскі дзіцячы сад). Другое месца падзялілі артысты дзіцячых садоў – Чырвоненскага, №№1 і 5 райцэнтра. А ўсіх астатніх удзельнікаў заахвоцілі дыпломамі ІІІ ступені.

Дарэчы: “Вясёлкавы карагод” па ініцыятыве Міністэрства адукацыі ладзіцца кожныя тры гады. Яго мэта – духоўна-маральнае і эстэтычнае выхаванне рабят з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, садзейнічанне іх сацыялізацыі ў грамадстве, фарміраванне талерантных адносін да такіх дзяцей.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.