Умеюць актывізавацца працаўнікі КСУП “Коленскае”

Бягучая вясна яскравае таму пацверджанне. Таму і справы на грамадскіх  палях тут ладзяцца нядрэнна.

Мясцовым механізатарам хапіла ўсяго тыдня, каб заштукаваць у глебу насенне ранніх каласавых культур. Па словах агранома-садавода Віктара Пяшэвіча, няхай іх плошча сёлета не такая вялікая (220 гектараў), але пасеялі 288, што складае 131 працэнт да вытворчага задання. Хуткае і якаснае правядзенне згаданых работ забяспечылі Віталій Андрэцкі і Аляксандр Пяшэвіч.

– Вясна сёлета ранняя, але надвор’е як нельга лепей спрыяе нам, – гаворыць Аляксандр Пяшэвіч. – Палі добра падсохлі, таму тэхніка ідзе па іх цудоўна.  На адным толькі полі пабуксаваць прыйшлося, а так усё па плану ідзе.

За час сяўбы гэты механізатар запісаў на ўласны вытворчы рахунак  сто гектараў плошчы, на якой ён дбайна заштукоўваў насенне. Былі такія дні, што і па паўтары-дзве нормы забяспечваў.

– Канечне, вынік мог быць і большым, але кіраўніцтва даверыла падсеў траў, – расказвае пра цяперашнія клопаты Аляксандр Міхайлавіч. – Гэтую справу неабходна выканаць на 250 гектарах. Па маіх падліках ужо зрабіў больш як на сотні.

З агеньчыкам працуюць і механізатары Уладзімір Ярмоліч і Ігар Шакалян. У іх задачу ўваходзіць падкормка азімых зерневых культур.

– Падкормкі правялі практычна на ўсёй плошчы – 1246 гектараў, – акрэслівае  выкананы аб’ём Уладзімір Ярмоліч, – рэшта палеткаў пакуль пераўвільготненая, але думаю, з такой пагодай праз дзень-другі і там закончым.

У чаканні, калі падсохне глеба, Ярмоліч і Шакалян пераключыліся на падкормкі траў і выпасаў, якіх маецца ў гаспадарцы больш за дзве тысячы гектараў.

– Работы нам на ўсё лета хопіць, – называе будучыя планы механізатар. – Закончым падкормкі на каласавых і травах, пачнем хімпраполкі, а там і за ахоўныя мерапрыемы на кукурузных палетках возьмемся.

Стварэнне трывалага падмурку кармавой базы грамадскаму статку для коленскіх аграрыяў з’яўляецца першачарговай задачай. Для гэтага бягучай вясной патрабуецца пасеяць паўтары тысячы гектараў кукурузы.

– Аб’ёмы нам па сілах, – зазначае Віктар Пяшэвіч. – Маем для сяўбы кукурузы чатыры сеялкі, таму зараз, каб забяспечыць эфектыўнае выкарыстанне агрэгатаў, рыхтуем пад будучыя пасевы глебу.

Толькі на яе ворыве задзейнічаны тры трактары. У ліку тых, хто актыўна выконвае важны тэхналагічны прыём, і механізатар Мікалай Юхневіч. Усё ворыва праводзіцца толькі пасля ўнясення на палеткі арганікі. Яе вывезена амаль дваццаць дзевяць тысяч тон, палова з якіх пайшла па прызначэнні.

Веснавыя палявыя работы ў КСУПе “Коленскае” ідуць рытмічна. Спрыяе гэтаму і тое, што з першых дзён устанавілі графік работы для механізатараў, забяспечылі іх гарачым харчаваннем, давялі нормы і расцэнкі. Таму стараюцца людзі, бо менавіта для вяскоўцаў  такая гарачая пара з’яўляецца і часам высокіх заробкаў. Самае важнае, што ў мяцовых працаўнікоў для гэтага хапае ўпэўненасці і прафесіяналізму.

Сяргей Белка

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.