Усё больш гаспадарак раёна прыступаюць да сяўбы кукурузы

Каб атрымаць належны ўраджай культуры, у камунальным сельгаспрадпрыемстве “Коленскае” прайшоў семінар, на якім дэталёва  вывучалі тэхналогію вырошчвання “каралевы палёў”. Па словах першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка райсельгасхарчу Мікалая П’яўко, справіцца з задачамі на кукурузным палетку аграрыям неабходна на высокім узроўні, менавіта ад гэтага будзе залежаць трываласць кармавой базы для грамадскай жывёлагадоўлі. На жаль, як зазначыў Мікалай Мікалаевіч, у шэрагу гаспадарак ужо сутыкнуліся з недахопам кукурузнага сіласу. Таму няварта дапускаць мінулагодніх пралікаў.

Мерапрыемства атрымалася даволі прадстаўнічым па колькасці ўдзельнікаў. Акрамя старшыні райвыканкама Віктара Атліванава і яго першага намесніка Мікалая П’яўко на вучобе прысутнічалі не толькі  кіраўнікі і галоўныя спецыялісты гаспадарак і раённых службаў, але і механізатары. Гаспадары пастараліся стварыць прыстойныя ўмовы для правядзення практычных заняткаў, прадаставіўшы аж тры маркі кукурузных сеялак. Менавіта на іх былі прадэманстраваны асноўныя рэгуліроўкі, у прыватнасці, як правільна ўстанаўліваць нормы высеву і глыбіню заштукоўвання насення ў глебу.  Вялікая ўвага аграрыяў была засяроджана на такіх тэхналагічных момантах, як падрыхтоўка раллі пад сяўбу, правядзенне падкормак і ахоўных мерапрыемстваў на пасевах і іншых.  Як адзначыў галоўны аграном райсельгасхарчу Мікалай Жылан, калі дапусцім агрэхі пры правядзенні гэтых аграпрыёмаў, гэта прывядзе да недаатрымання ўраджаю. Сярод памылак, якія найбольш часта надараюцца на месцах, спецыяліст назваў правядзенне сяўбы па свежаўзаранай зямлі, невытрымліванне тэрмінаў паміж падкормкамі і хімпраполкамі на пасевах. Прычым, з апошняй аперацыяй часта прыпазняюцца і прэпараты прыгнятаюць пераросшыя расліны. Таму кіраўнік аграрнага ведамста рэгіёна запатрабаваў ад кожнага ўдзельніка мерапрыемства якаснай работы  і высокай адказнасці на кукурузных палетках. Толькі такім чынам магчыма дабіцца станоўчага выніку. Тым больш што і аб’ёмы работ даволі ўнушальныя і ў параўнанні з леташнім павялічаны. Вяскоўцам бягучай вясной неабходна пасеяць 11400 гектараў кукурузы, з якіх 2200 на зерне.

Абмеркавалі на семінары і справы па вывазцы і ўнясенні арганікі. Яе ў гаспадарках на палях маецца амаль трыста тысяч тон, восемдзесят працэнтаў гэтай колькасці ўжо заарана ў глебу. Такая пільнасць да працы з гноем  вынікае са склаўшагася дэфіцыту мінеральных угнаенняў, таму да апошніх павінна быць самае беражлівае стаўленне.

Праведзены семінар засведчыў, што асноўныя клопаты ў аграрыяў на кукурузных палетках толькі распачаліся. Таму і кіраўнік раёна Віктар атліванаў, жадаючы ўсім поспехаў, чакае ад вяскоўцаў належнага старання і аддачы.

Несумненна, што карысным стала мерапрыемства для механізатараў КСУПа “Коленскае” Мікалая Дамарада, Аляксандра Пяшэвіча і Мікалая Хільмана (на здымку злева). Менавіта яны прадаставілі сваю тэхніку для навучання калегам з іншых сельгаспрадпрыемстваў. А ў гэтыя дні згаданыя працаўнікі не маюць спачынку, бо на іх ускладзены абавязак па сяўбе кукурузы ў роднай гаспадарцы. Узятыя тэмпы пакуль не расчароўваюць кіраўніцтва. За некалькі дзён насенне “каралевы палёў” у “Коленскім заштукавана на амаль трохстах гектарах. Усяго пасеяць у гаспадарцы сёлета збіраюцца амаль паўтары тысячы гектараў кукурузы. Падрыхтаванасць і настрой тутэйшых трактарыстаў, іх майстэрства, безумоўна,  дапамогуць справіцца з пастаўленай задачай, як і патрабавалася на семінары, з высокай якасцю і ў вызначаныя тэрміны.

Сяргей Белка

На здымку: у час семінару

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.