Доўгi век патрыярха: Жыхару Турава споўнілася 100 гадоў

У старажытным Тураве стала больш на адну славутасць. Імя ёй Аляксандр Яўстаф’евіч Блоцкі. У мінулую сераду ён адзначыў уласнае стагоддзе. “Ветэран. Настаўнік. Чалавек.” Пад такой назвай у мясцовым Доме культуры прайшло ўшанаванне гэтага без перабольшвання ўнікальнага юбіляра.

Аптымізм і любімая праца
Роўная постаць, зацікаўлены позірк ясных вачэй, выдатнейшая памяць і выразная мова. Хіба што са слыхам – адзіная праблема. Гледзячы на гэтага галантнага мужчыну, цяжка не засумнявацца ў сапраўднасці яго ўзросту, настолькі не суадносіцца трохзначная лічба з асобай, якой тычыцца. Дачакацца сотні Аляксандр Яўстаф’евіч паабяцаў яшчэ некалькі год таму, і неверагодным чынам жаданне сваё спраўдзіў.
– Лічу, што мне проста шанцавала, –тураўчанін са сцэны прызнаецца, што дзеля доўгажыхарства не прымаў ніякіх спецыяльных захадаў. – Бадай, галоўны сакрэт вялікага веку заключаецца ў працы, без якой і зараз не абыходзіцца ніводны дзень. Я з маленства стараўся не быць лішнім чалавекам…
Другім складнікам, па словах шматлікіх гасцей, прыйшоўшых на свята, стала неверагоднае жыццялюбства юбіляра. Усе адзначалі яго аптымізм і добразычлівасць, павагу да людзей, пачуццё гумару і шырокі кругазор. Аляксандра Блоцкага па праву лічаць прыкладам і ўзорам чалавечай годнасці. Пры любых абставінах, на працы, у сям’і, сярод сяброў ён – бясспрэчны аўтарытэт, якому шчыра ўдзячна не адно пакаленне землякоў.

Сем гадоў у шынэлі
Між тым, ураджэнцу Верасніцы, удзельніку дзвюх войнаў, выпаў незайздросны лёс. У напаўгалодным паслярэвалюцыйным маленстве ён рана далучыўся да сялянскай працы. Вялікая прага да ведаў пасля сямігодкі прывяла дапытлівага здольнага хлапчука ў педагагагічнае вучылішча. Настаўнікаў на вёсцы тады выключна паважалі. Толькі пасля атрымання дыплому практыка ў Старынскай школе на Петрыкаўшчыне аказалася нядоўгай. Праз тры гады ў трывожным 1939-ым маладога выкладчыка прыродазнаўчых дысцыплін прызвалі на вайсковую службу. Трапіў той у Ленінградскую вобласць. Цікава, што сярод паўсотні беларусаў наш зямляк адзіны меў сярэднюю адукацыю, за што яму даручылі весці палітінфармацыйныя заняткі.
Неўзабаве, праз пару месяцаў пачалася савецка-фінская вайна. Падчас баявых дзеянняў тэлефаніст Блоцкі забяспечваў сувязь паміж штабамі палка і батальёна. А калі падпісалі мірны дагавор, наш чырвонаармеец працягваў службу на паўвостраве Ханка, дзе салдаты займаліся ўзвядзеннем дотаў. У чэрвені 1941-га ён ужо рыхтаваў парадную гімнасцёрку для дэмабілізацыі, але планы зблытаў вераломны напад фашысцкай Германіі на СССР. Разам з таварышамі па зброі вераснюк прымаў удзел у вызваленні калыскі Акцябрскай рэвалюцыі. За прарывам варожага кальца вакол горада на Няве былі баі на Пскоўшчыне. У іх Блоцкі, ужо ў званні лейтэнанта, атрымаў раненне. Адзін са свінцовых асколкаў так і застаўся ў галаве назаўсёды. На радзіму праз сем доўгіх гадоў афіцэр запаса вяртаўся з ардэнамі Айчыннай вайны І ступені і Чырвонай Зоркі, а таксама медалямі “За абарону Ленінграда” і “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне”.
Удзячнасць людская
Яшчэ адзін медаль, “За доблесную працу”, упрыгожыў грудзі ветэрана ў мірны час. Так адзначаны яго ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення і работа ў дзяржаўных органах. Сукупна дзесяць гадоў юбіляр загадваў аргаддзелам мясцовага райкама партыі і працаваў намеснікам старшыні райвыканкама, а звыш 25-ці аддаў любімай прафесіі, якую абраў у маладосці. У школе знайшоў і сваю другую палавінку, Антаніну Іосіфаўну, з якой поруч прайшлі больш за шэсцьдзясят гадоў, узгадаваўшы траіх дзяцей, дачакаўшыся ўнукаў і праўнукаў.
На пенсію Аляксандр Яўстаф’евіч пайшоў з пасады дырэктара Тураўскай сярэдняй школы №2.
Вядучая свята, старшыня ветеранскай арганізацыі Турава Галіна Рыжанкова падлічыла, што атэстаты з рук нашага героя атрымалі па меншай меры паўтары тысячы тураўчан.
Сярод іх і старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Кулеш, якому асабліва прыемна было павіншаваць свайго настаўніка з такой шаноўнай датай. Разам з букетам ён уручыў юбіляру ганаровыя граматы ад раённых і абласных улад. Шмат удзячных людзей – былых калег, суседзяў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, афіцыйных асоб — падыходзілі да мікрафона, каб, не шкадуючы добрых слоў, выказаць сваю пашану мясцовай легендзе. Многім хацелася спрычыніцца да такой рэдкай падзеі, бо ці выпадзе яшчэ калі засведчыць падобны факт.
Асаблівым момантам урачыстасці стала ўзнагароджванне доўгажыхара юбілейным медалём “75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Выконваючы гэту міссію, ваенны камісар Вячаслаў Гарошка адзначыў, што Аляксандр Блоцкі стаў першым яго атрымальнікам у рэспубліцы, перадаў ветэрану яшчэ і грамату ад Міністэрства абароны Беларусі. Начальнік аддзела па грамадзянству і міграцыі РАУС Дзяніс Раманчук сімвалічна уручыў імянінніку новы пашпарт, з наступнай датай абмену праз 25 гадоў.
У гэта цяжка паверыць, але ў сваім узросце Аляксандр Яўстаф’евіч вядзе даволі актыўны лад жыцця – па меры сіл удзельнічае ў грамадскім жыцці горада, рупіцца ў агародзе і на кухні, ходзіць за пакупкамі, па-ранейшаму шмат чытае. І верыць у лепшае…

Штрыхі да партрэта

Соф’я Пятрычыц, калега і былая суседка з Верасніцы:
Аляксандр Яўстаф’евіч на пасадзе дырэктара ніколі не меў паложаных яму 12 гадзін выкладання, таму што ў кагосьці з настаўнікаў не хапала ўрокаў да стаўкі. Аддаючы сваю нагрузку, ён заўсёды казаў: “Мне хопіць”.
Таццяна Струк, загадчык Тураўскай бібліятэкі:
За столькі год знаёмства ён стаў для мяне не проста наведвальнікам, а родным чалавекам. Ніколі не праміне парадаваць свежым анекдотам, параіць, якая кніжка вартая ўвагі. Гэта па-лермантаўску сапраўдны герой нашага часу.
Ганна Аляксандраўна, дачка юбіляра:
На зіму забрала тату да сябе ў Гомель. Ледзь вытрымаў некалькі месяцаў. У красавіку закамандаваў везці назад. Тэлефаную брату, як там справы, дзе бацька? “З матычкай грады сее”, – быў адказ. Такі ён у нас самастойны.

Святлана ШАКАЛЯН
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.