Пытанне ўдасканалення якасці і даступнасці дашкольнай адукацыі было ў цэнтры ўвагі прэзідыума раённага Савета дэпутатаў

Прайшло пасяджэнне ў выязным фармаце на базе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці.

Выступаючы з аналізам дзейнасці па азначанай тэме, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Емельянаў дзяліўся дасягнутымі поспехамі і не хаваў праблем. Сёння ў 25 садках выхоўваецца 1478 рабят, ахоп трох-шасцігадовых дзяцей складае 97,4 працэнта, крытычнага дэфіцыту месцаў няма. Задавальняюцца бацькоўскія запыты на аказанне дадатковых адукацыйных паслуг, назіраецца станоўчая дынаміка забеспячэння навучальнымі сродкамі і гульнявым абсталяваннем, павялічваецца колькасць спецыяльных груп для выхаванцаў з асаблівасцямі развіцця, стабільна нізкім застаецца паказчык пропуску наведвання ўстаноў па прычыне захворваемасці (1,5 дзетадня). Добрых паказчыкаў дабіваюцца дашкольнікі раёна ў розных конкурсах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Па выніках толькі мінулага навучальнага года ў нас шэсць прызавых дыпломаў.

Сярод задач, над якімі яшчэ трэба працаваць, выступоўца адзначыў далейшае ўмацаванне матэрыяльнай базы, павышэнне кваліфікацыйнага ўзроўню кадраў і некаторыя іншыя.

На правах гаспадыні Святлана Міронава, загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці, пазнаёміла гасцей з рознабаковай дзейнасцю ўзначальваемай установы, якая лічыцца ў раёне адной з самых прагрэсіўных. Калектыў прымае шэраг захадаў для стварэння належных умоў выхавання падрастаючага пакалення, імкнецца ўкараняць інавацыйныя методыкі, шмат увагі надае эстэтычнаму аспекту ў рабоце з малышамі. Чаго ў гэтым напрамку дасягнулі маленькія таленты, дэпутаты маглі пабачыць падчас невялікага прадстаўлення.

Для падтрымання належнага функцыянавання ўстановы многа што ўласнаручна робяць і самі яе супрацоўнікі: ад вырабу канцэртных касцюмаў і дыдактычных дапаможнікаў да пасільнага рамонту ў групах і на пляцоўках. Але вырашыць такія, напрыклад, праблемы, як асфальтаванне дарожак ці спілоўванне старых дрэў, самастойна, без удзелу прафесіяналаў, зразумела, яны не здольны.

Пры падвядзенні вынікаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Кулеш выказаў падзяку ўсім работнікам дашкольнай адукацыі за неабыякавасць да даручанай справы і адзначыў, што ў прынятым рашэнні падшэфным арганізацыям вызначаны тэрміны для аказання дапамогі па ўхіленню траўманебяспечных месцаў на тэрыторыі садкоў. Што называецца, у тэму прагучала і ініцыятыва дэпутата Міхаіла Ляўковіча, старшыні раённага савета наймальнікаў, аб арганізацыі ў працоўных калектывах выязных аплочваемых канцэртаў юных зорачак, напрыклад, да прафесійных святаў і чырвоных дат. Прапанову члены прэзідыума падтрымалі.

Святлана ШАКАЛЯН

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.