Багаты каравай КСУПа “Коленскае”

Роўны шнур камбайнаў, якія, нібы караблі, плылі па жытнёваму полю, распаўся ў адно імгненне, як толькі аб зямлю ўдарыліся першыя спорныя струмені дажджу. Механізатары адразу вывелі свае машыны з загонак і накіраваліся калонай у гараж. “Да заўтра ўжо  на палетак не выйсці”, –падсумаваў працоўны дзень адзін з вопытнейшых камбайнераў КСУПа “Коленскае” Мікалай Жук. За свой шматгадовы хлебаробскі стаж яму прыйшлося пераадольваць многія цяжкасці уборачных кампаній, але  заўсёды з пастаўленымі задачамі ў гаспадарцы спраўляліся паспяхова.

Вось і цяпер верныя сялянскай справе коленскія механізатары, паставіўшы камбайны на стаянку, не спяшаліся разыходзіцца па дамах. Кожны працаўнік старанна аглядаў замацаваны за ім агрэгат, падпраўляў выяўленыя непаладкі ў механізмах. Адным словам, рабілі ўсё, каб на наступны дзень выйсці ў поле падрыхтаванымі.

– Каму хочацца круціць гайкі ў полі, калі  кожная хвіліна на вагу золата, – гаворыць галоўны аграном гаспадаркі Іван Кузюр. – Не дае надвор’е пакуль нам развярнуцца на ніве на поўную моц.  Але стараемся тэмпы трымаць.

На жніве ў КСУПе задзейнічаны восем камбайнаў. Яны ўкамплектаваны вопытнымі і спрактыкаванымі кадрамі. Гэта Мікалай Жук, Станіслаў Козел, Мікалай Дамарад, Віталь Андрэцкі, Канстанцін Козел, Анатоль Кіслюк, Мікалай Хільман. Не першы год у гарачы для вяскоўцаў час на дапамогу землякам прыходзіць выратавальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Рыгор Шляга. Дарэчы, сын патомнага хлебароба,  таму добра ведае, што такое сялянская праца мазалёвая. Бесперабойная работа камбайнераў  залежыць і ад таго, наколькі добра наладжана адвозка збажыны з поля на ток. З гэтымі абавязкамі паспяхова спраўляюцца вадзіцелі Міхаіл Жыткавец, Васіль Шакалян, Уладзімір Ханеня, Аляксандр Дрынеўскі. Менавіта  дзякуючы гэтай дружнай камандзе, у гаспадарцы ўжо ўбралі трэцюю частку збажыны, намалаціўшы больш як сямсот тон зерня.

– Ураджайнасць у бягучым годзе вышэйшая за леташнюю, – расказвае галоўны аграном Іван Кузюр. – Зараз у сярэнім на круг атрымліваем 19,3 цэнтнера, але на некаторых палетках аддача гектара была вышэй дваццаці пяці, а то і за трыццаць пераходзіла. Плануем, што запланаваны вал збажыны возьмем.

Для працаўнікоў сельгаспрадпрыемства  не меней важнай справай застаецца не толькі ўбраць ураджай з палеткаў, але і давесці яго да патрэбных кандыцый, каб разлічыцца з дзяржзаказам, стварыць насенныя фонды і запас фуражу на корм грамадскай жывёле. Усе гэтыя клопаты ляжаць на работніках збожжатока, які цяпер дзейнічае ў кругласутачным рэжыме. Кіруе ўсім працэсам на структурным падраздзяленні Алёна Маркевіч.

– Зерня паступае штодня нямала, – расказвае спецыяліст. – Каб яго дапрацаваць, у работу ўключана ўсё сушыльнае абсталяванне, ад напольнага да КЗСа. Стараемся прыбраць прывезеную збажыну да апошняга зернейка. Істотную дапамогу нам у гэтым аказваюць і вучні мясцовай школы. Штодзень іх атрад з дзесяці чалавек старанна працуе на таку, што спрыяе поспеху ў нашай рабоце.

Але ўсё ж асноўная нагрузка на дапрацоўцы збажыны на машыністах КЗСа. Ігар Хільман, Алег Огар, Васіль Шакалян, Уладзімір Мельнік – вось гэтая каманда працаўнікоў, якія дзённа і ночна вядуць дасушку ўраджаю. Вільготнасць зерня, якое паступае з поля, пакуль складае больш як дваццаць працэнтаў. Несумненна, каб яно добра захоўвалася, яго патрэбна прапусціць праз сушылкі і ачысціць.

Нацэлены на працу коленскія хлебаробы даволі сур’ёзна. Кожны стараецца выконваць свае абавязкі з высокай самааддачай і сумленна. Спрыяе  гэтаму і добрая арганізацыя работы. Усе ўдзельнікі жніва забяспечаны гарачым харчаваннем, вырашаны многія пытанні, звязаныя з бяспекай працы. Не забыліся ў гаспадарцы і на маральныя стымулы. Штодня падводзяцца вынікі работы камбайнераў і вадзіцеляў, а раніцай на машынным двары ў гонар перадавікоў узнімаецца сцяг.

Безумоўна, асноўны аб’ём работ на хлебнай ніве ў сельгаспрадпрыемстве “Коленскае” яшчэ наперадзе. І гэтая акалічнасць толькі мабілізуе мясцовых працаўнікоў на новыя дасягненні. Нездарма ж у народзе кажуць, што хлеб усяму галава, і ў гаспадарцы пра тое добра памятаюць і імкнуцца сустрэць дажынкі з багатым караваем.

Сяргей БЕЛКА

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.