Час без дажджу максімальна выкарысталі працаўнікі КСУП“Бялёў”.

Хаця ўборка збажыны сёлета распачалася раней чым у тым годзе, але толькі лічаныя дні за гэты перыяд камбайнеры, вадзіцелі і машыністы сушылак здолелі прадэманстраваць на поўную моц сваё майстэрства.  Час без дажджу  максімальна выкарысталі і працаўнікі камунальнага сельгаспрадпрыемства “Бялёў”. У гаспадарцы ўжо абмалаці 240 гектараў, сабраўшы 595 тон збажыны.

Найперш свае высілкі мясцовыя хлебаробы засяродзілі на жытнёвых палетках. Яны займаюць 250 гектараў. У дзень наведвання  КСУПа камбайнеры практычна завяршалі ўборку азімай культуры.

— Канечне ж, справіліся б з абмалотам жыта і раней, але не дазваляла надвор’е, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Павел Галавач. — Бывалі дні, толькі камбайны з’едуць на поле,  а дожджык тут як тут. Прыходзілася спыняць уборку і вяртацца назад, на машынны двор.

Зразумела, што такая сітуацыя мала радуе бялёўскіх хлебаробаў, а для агранома ўвогуле стварае дадатковыя клопаты. Наступнай раніцай не адзін дзясятак кіламетраў прыходзіцца наматаць спецыялісту, каб падабраць для ўборкі сушэйшае поле, тым самым пазбегнуць вялікіх страт пры абмалоце каласавых. Ды і на ток не раз зазірнуць, каб праверыць якасць дапрацоўкі зерня. Усё ж вільготнасць  збожжа  даходзіць да дваццаці працэнтаў, і такая акалічнасць патрабуе дадатковых высілкаў па ўпарадкаванні вырашчанага ўраджаю.

— Пры добрай пагодзе скасіць зерневыя на палях для нас не праблема, — гаворыць Павел Мікалаевіч. — Уборачная плошча невялікая – сямсот пяцьдзясят гектараў. Задзейнічаны тры камбайны, на якіх працуюць вопытныя механізатары. За плячыма кіраўнікоў экіпажаў не адно жніво, таму тлумачыць ім, наколькі важныя тэмпы і якасць уборкі не патрэбна. Тэхніку механізатары падрыхтавалі надзейна, дзякуючы чаму  дзённы намалот па гаспадарцы даходзіць да сотні  і болей тон.

Настройвае бялёўскіх хлебаробаў на плённую работу і сёлетняя ўраджайнасць. Яна намнога вышэйшая  за мінулагоднюю. Па словах Паўла Галавача, калі ў 2018  аддача кожнага гектара ў сярэднім не перавышала чатырнаццаці-пятнаццаці цэнтнераў, то цяпер на круг выходзіць амаль па дваццаць пяць. На найбольш ураджайных палях збіраюць у гаспадарцы і ўсе трыццаць. Безумоўна, у сельгаспрадпрыемстве і камбайнеры, і спецыялісты спадзяюцца, што, калі прыступяць да ўборкі трыцікале, ураджайнасць яшчэ падрасце. Знешні выгляд пасеваў згаданай культуры дае на гэта надзею.

— Горшымі будуць яравыя, усё ж патрапілі пад засуху, — канстатуе Павел Мікалаевіч, — але як зараз складваецца ў КСУПе жніво задаволены.

Такі настрой спецыялісту ствараюць механізатары  за штурвалам камбайнаў, за рулём аўтамашын і трактароў, якія непасрэдна вядуць абмалот збажыны і дастаўляюць зерне на ток. Па тым, як амаль упрыцірку ідуць  адзін за адным “стэпавыя караблі” па хвалюючым моры спела-жоўтага калосся, адчуваецца, што кожны мясцовы хлебароб нацэлены выканаць уласны прафесійны абавязак толькі на выдатна. Да складанасцей ім не прывыкаць, не раз даказвалі на справе сваё высокае майстэрства. У прыватнасці, гэта тычыцца Аляксандра Гаўрылава, які ўпісаў сваё прозвішча ў летапіс гаспадаркі, як яе першы і пакуль адзіны камбайнер-тысячнік. Ён і сёлета нацэлены на самы высокі вытворчы здабытак. Ёсць такія памкненні і ў Мікалая Чэркаса, які добры задзел па намалоту зрабіў на рапсавых плантацыях, выдаўшы з бункера свайго КЗСа больш як восемдзесят тон алейнага насення. Не збіраецца саступаць калегам і Віталь Чмыхун.  Сёлета ў гэтых вопытных хлебаробаў з’явіліся неменей адказныя памочнікі Дзмітрый Макарэвіч, Генадзь Галавач і Мікалай Агіевіч, што, па словах старшых камбайнераў, намнога спадручней і на полі працаваць, і тэхнічную падрыхтоўку агрэгатаў праводзіць. Каб не прастойвалі калегі, своечасова пад выгрузку намалочанага зерня падаюць транспарт Сяргей Савіч, Міхаіл Савіч, Аляксандр Брынявец, Максім Савіч і Генадзь Жогаль.

Кіпіць праца ў КСУПе не толькі ў полі, але і на збожжатаку. Прычым, у апошнім структурным падраздзяленні работа вядзецца кругласутачна. Дарэчы, у сельгаспрадпрыемстве“Бялёў” даўно склалася добрая традыцыя, калі  ўбіраць хлеб бацькам дапамагаюць дзеці. Вось і сёлета два дзясяткі падлеткаў займаюцца дапрацоўкай каласавых, на напольных сушылках, дзе лапатамі падварушваюць збажыну, каб яна хутчэй сохла. Юнакі і дзяўчаты таксама падтрымліваюць у парадку тэрыторыі, займаюцца ачысткай зерня.

— На працу ходзім з задавальненнем, — адзначаюць  выпускніцы Бялёўскай школы Вольга Неўмяржыцкая і Анастасія Загароўская, якія ўжо не адзін год у гарачую пару аказваюць істотную падтрымку дарослым. — Збіраемся паступаць у медвучылішча, таму ўласназаробленыя грошы лішнімі не будуць.

Іх сяброўка, Алеся Залатоўская, увогуле родам з абласнога цэнтра. Прыехала пагасцяваць да радні, але не захацела сядзець без справы. Гэтае жаданне і прывяло разам з іншымі равеснікамі яе на збожжаток.

— Прыемна, што ў нас дзеці такія малайцы, — хваліць сваіх памагатых начальнік структурнага падраздзялення Марына Жогаль. — Кіраўніцтва гаспадаркі пастаралася распрацаваць для іх такія расцэнкі, каб усе атрымалі па канцу работы годныя заробкі. Асаблівая ўвага нададзена  стварэнню бяспечных умоў на вытворчасці. Усе вучні прайшлі інструктажы, імкнуся не пакідаць іх адных падчас дзейнасці, хаця ўсе адчуваюць сур’ёзнасць моманту.

Штодзённа на таку дапрацоўваецца паўсотні тон збажыны. Змогуць і болей, зараз вядуць рамонт яшчэ аднаго КЗС, што значна пашырыць магчымасці машыністаў комплексу. Зерне ад іх ідзе на склад, дзе адбіраецца на насенныя мэты, а таксама для выканання дзяржзаказу і на корм жывёле. Менавіта дзякуючы належнаму старанню дарослых і дзяцей у сельгаспрадпрыемстве “Бялёў” нацэлены правесці жніво ў адведзеныя тэрміны.

Сяргей БЕЛКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.