Да славы за надоі і прывагі

У аператара па адкорму маладняку з камунальнага сельгаспрадпрыемства “Бялёў” Людмілы Агіевіч параўнальна невялікі працоўны стаж у жывёлагадоўлі. Але гэта жанчына кампенсуе стараннасцю і адказнасцю, з  якімі выконвае свае прафесійныя абавязкі. Таму і дабіваецца высокіх вытворчых здабыткаў.

На пачатку тыдня ў Мозырскім раёне ўрачыста віталі перадавых аператараў машыннага даення і па адкорму маладняку Гомельшчыны. На пасяджэнні абласнога клуба “Майстры высокіх надоеў і прываг” у рамках прафсаюзнай акцыі “Наш жывёлавод” лепшых рупліўцаў грамадскіх ферм па выніках мінулагодняй дзейнасці павіншавалі губернатар вобласці Генадзь Салавей, старшыня Гомельскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Аляксей Нявераў, прадстаўнікі мінсельгасхарчу. Яны і ўручылі заслужаныя ўзнагароды  перадавікам жывёлагадоўчай галіны. Сярод тых, хто прымаў удзел у мерапрыемстве, была і Людміла Іванаўна.

— Для мяне гэта стала поўнай нечаканасцю, — дзеліцца ўражаннямі цялятніца. — Але вельмі прыемнай, бо быць у кагорце лепшых жывёлаводаў вобласці, мяркую, надзвычай ганарова для кожнага з нас.

І гэта сапраўды так. Зараз згаданае аб’яднанне налічвае ў сваіх радах толькі 78 аператараў па догляду за маладняком і 88 спецыялістаў па даенню кароў. Умовы членства ў клубе даволі сур’ёзыя. Для гэтага аператар машыннага даення павінен за год надаіць ад каровы не меней як восем тысяч кілаграмаў малака, а  работнік на адкорме атрымаць сярэднесутачныя прывагі не меней васьміста грамаў. Людміле Іванаўне  ўдалося пераадолець такі значны паказчык, за што да ганаровага звання ўдастоена і  матэрыяльнага заахвочвання. Толькі, каб дабіцца такога прызнання сваіх заслуг, Агіевіч даводзіцца шмат працаваць, прычым даволі нялёгка. Напрыклад, зараз яна даглядае амаль семдзясят цялят. Каб гадаванцы добра прыбаўлялі ў вазе, іх патрэбна найперш належна накарміць і напаіць.  Практычна ўсе кармы раздаюцца ўручную.

— За дзень даводзіцца пераносіць па некалькі соцень кілаграмаў малака, вады канцэнтратаў, — расказвае Людміла Іванаўна. — Канечне, цяжка, але ж, калі адносішся да справы з любоўю, то  на такія нязручнасці ўвагі меней звяртаеш, а імкнешся, атрымаць максімальную аддачу ад прыкладзеных высілкаў.

Даглядчыцы вельмі імпануюць цяляты, у якіх адменны апетыт. Зараз сярод такіх у замацаванай групе і бычок Борка.

— Безумоўна, што гэтым гадаванцам імкнуся больш смачнейшага падкінуць, — дзеліцца сакрэтам аператар. — З кармамі для маладнячку ў нас праблем не маецца, таму ёсць з чаго выбіраць.

У жывёлагадоўлю Людміла Агіевіч прыйшла па ўласным жаданні. Таму на працу заўсёды ідзе з добрым настроем. Дарэчы, як лічыць работніца, гэта таксама адбіваецца на выніку, бо жывёла адчувае, наколькі пазітыўна чалавек адносіцца да яе. З самае раніцы да позняга вечара Людміла іванаўна рупіцца на ферме. Але за гэтымі паўсядзённымі клопатамі не забываецца на см’ю. З нагоды атрымання пасведчання аб уступленні ў абласны клуб “Майстры высокіх надоеў і прываг” знайшла час, каб для родных зладзіць свята са смачным тартом.

У ліку жывёлаводаў з нашага раёна, чыё прозвішча значыцца ў спісе членаў клуба, і аператар машыннага даення з акцыянернага таварыства “Тураўшчына” Алена Глотава. Летась яна ад кожнай каровы надаіла па 8057 кілаграмаў малака. Пра гэтую жанчыну можна смела казаць, што яна сапраўдны прафесіянал ў сваёй справе, таму і вызначаецца яе праца адпаведнымі значнымі вытворчымі паказчыкамі. Прайшоўшае свята ў Мозыры з’яўляецца яшчэ адным пераканаўчым доказам таго, наколькі  высока шануецца і цэніцца ў нашым грамадстве шчырая мазалёвая праца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.