Дзеля роднага краю

Шаснаццаць гадоў таму ў Ігара Андрэйчука з пасёлка Чырвонае надарыліся ў жыцці аж дзве знакавыя падзеі. Найперш ён вызначыўся сваім прафесійным прызначэннем, стаўшы індывідуальным прадпрымальнікам. А, па другое, знайшоў сваё каханне — Людмілу, з якой у хуткім часе пабраліся шлюбам. З таго часу Ігар Анатольевіч і Людміла Канстанцінаўна  разам і ў сямейных справах, і ў бізнесе.

Пачынаў Андрэйчук з развазнога гандлю, калі ажаніўся — сталі працаваць разам з сужанкай. Ён, так бы мовіць, кіраваў, яна была яго намесніцай. Іх магазін на колах штодня наведваўся ў навакольныя вёскі. Аўталаўцы вельмі радаваліся пажылыя жыхары, бо прама каля сваіх хат маглі набыць неабходныя тавары. Больш таго, прадпрымальнік, калі пакупка  аказвалася не такой і малой, ахвотна дапамагаў кліенту занесці яе ў дом. Зразумела, што маладыя гандляры за ўласныя ветлівасць і стараннасць,  а таксама якасныя паслугі хутка замацаваліся на мясцовым рынку, займелі пастаянных пакупнікоў. З цягам часу вырашылі пашырыць  дзейнасць і адкрыць стацыянарную кропку ў пасёлку Чырвонае. Для гэтага хутка знайшлося і пустуючае памяшканне, у якім раней мясціўся бар, але гаспадары зачынілі яго. Андрэйчукі прывялі ўсё ў парадак, навезлі розных тавараў, працаўладкавалі вопытных і спрактыкаваных прадаўцоў  — і новы магазін “Эканом” гасцінна расчыніў дзверы для чырвоненцаў.

— Неабходнасць у такім аб’екце была, бо жыхары мікрараёна даўно звыклі, што ў іх пад самым бокам маецца крама, — расказвае  выконваючы абавязкі старшыні  сельвыканкама Рыгор Агіевіч, — таму, калі ён адрадзіўся занава, усе былі вельмі радыя такой акалічнасці. Тым больш што асартымент тавараў вельмі прыстойны і шырокі, ды і цэны не вельмі “куслівыя”.  Гэта  таксама прываблівае сельскага чалавека.

Кіраўнік улады задаволены не толькі тым, што ўдалося з дапамогай прыватнага бізнесу вырашыць людскую праблему, але  яшчэ і ініцыятыўнасцю прадпрымальнікаў. Рыгор Мікалаевіч па праву лічыць іх сваімі памочнікамі. Не раз Андрэйчукі працягвалі яму руку дапамогі ў паўсядзённай дзейнасці.

— Чаму ж не падтрымаць пачынанні сельвыканкама, — разважае Людміла Канстанцінаўна, якая  дырэктарствуе ў краме. — Такое партнёрства ідзе на карысць нашаму паселішчу, дзе мы пражываем і працуем, дзе нарадзіліся і вучацца нашыя дзеці. Гэта, у пэўнай ступені, сацыяльная адказнасць, якую кожны свядомы грамадзянін павінен несці перад краем, які яго ўзгадаваў.

Дзейнасць сям’і Андрэйчук з’яўляецца яскравым прыкладам таго, як можна ў цяперашні час забяспечваць уласны дабрабыт і прыносіць карысць грамадству.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.