Хвала рукам хлебаробскім

На сёлетнім жніве не адно высокае працоўнае дасягненне вадзіцеляў і камбайнераў не засталося па-за ўвагай райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і раённага аб’яднання прафсаюзных арганізацый. Іх лідары Уладзімір Радавец і Уладзімір Гулюта  не аднойчы наведваліся на грамадскія палеткі, каб належна аддзячыць хлебаробам за іх старанні.

— З мэтай стымулявання аграрыяў на ўборцы прыняты ўмовы раённага саперніцтва, — расказвае старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Радавец. — Канечне, яго пераможцы на  “Дажынках” атрымаюць прапісаныя матэрыяльныя заахвочванні. Але не меней важна і ў разгар кампаніі зацікавіць камбайнераў і вадзіцеляў. І такі настрой на жніве прафсаюзы імкнуцца зрабіць з дапамогай падзячных лістоў і невялікіх сувеніраў, якія ўручаюцца вяскоўцам непасрэдна на палетку.

Кожнае такое мерапрыемства вызначаецца  святочнасцю, каб людзі адчулі ўрачыстасць моманту. Бягучае жніво было надзвычай ураджайным на такія падзеі. Асабліва ў акцыянерным таварыстве  “Тураўшчына”, дзе ўсім раёнам віталі камбайнераў тысячнікаў. А іх колькасць да канца жніва няўхільна прырастала. Нават у апошні дзень уборкі  Уладзіміру Іванавічу і Уладзіміру Мікалаевічу, а таксама першаму сакратару райкама БРСМ Яўгеніі Кахаевай было каго прывітаць  за сумленную працу. Падарункі і падзячныя лісты ад гасцей атрымалі камбайнеры Віталь Сімончык і Аляксей Птушко.

Жніво ў гаспадарцы закончана. Тураўскія хлебаробы сабралі важкі каравай. Сёлета ён дасягнуў амаль пятнаццаці тысяч трохсот тон.  А гэта яшчэ раз нагадвае, наколькі плённа шчыравалі мясцовыя аграрыі. Хаця няпроста складвалася жніво, але іх майстэрства і самааддача прынеслі патрэбны плён. Восем камбайнавых экіпажаў таварыства дабіліся намалоту больш як тысячу тон, а механізатарам Мікалаю Струку і Канстанціну Шкурко скарыўся рубеж і ў дзве тысячы. У чарговы раз высокую працаздольнасць на ніве прадэманстравалі Генадзь Кот і Аляксандр Кот, Іван Ракавец, Яўген Матарас і іншыя.

Па болей як тысяча тон дастаўленай збажыны з поля на ток і ў шасці вадзіцеляў сельгаспрадпрыемства. Найбольш вынікова спрацавалі Уладзімір Клімовіч і Уладзімір Чарнушэвіч. Немалы ўнёсак у агульнагаспадарчы каравай зрабілі і маладыя  шафёры і камбайнеры Віталь Шруб, Міхаіл Акуліч, Аляксандр Леўкавец. З тых, вобразна кажучы, хто малады, але не зялёны, і Аляксей Птушко, які першы год сеў за штурвал “стэпавага карабля”. Хлопец працаваў у адным экіпажы з бацькам Віктарам  Адамавічам. Сямейны тандэм за час жніва выдаў з бункера свайго КЗС-са 1556 тон зерня і рапсу.

Ва ўборачную пару прафсаюзы звярталі ўвагу не толькі на здабыткі хлебаробаў, але і на тое, як на жніве захоўваюцца правілы тэхнікі бяспекі, ці добра арганізавана харчаванне, вырашаны іншыя бытавыя і вытворчыя пытанні. Адназначна, гэта таксама станоўча сказвалася на ходзе работ і на здабытках. Яны ж у аграрыяў Жыткаўшчыны сёлета адны з лепшых у вобласці. З кожнага гектара атрымана па 27,9 цэнтнера зерня. Трэці паказчык на Гомельшчыне пасля Рэчыцкага і Мазырскага раёнаў. Сабрана 32708 тон збажыны, што амаль на трэціну больш мінулагодняга. Каласавыя ў раёне ўбраны на ўсёй плошчы. Хутка вяскоўцы прыступяць да абмалоту грэчкі і проса, а гэта дадатковы ўклад у раённы каравай.

Сяргей БЕЛКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.