Генеральную ўборку правялі на Тураўскім лузе

Генеральную ўборку правялі ў мінулыя выхадныя на Тураўскім лузе валанцёры грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

Добраўпарадкоўваць тэрыторыю заказніка сабраліся больш за 30 чалавек. Гэты летнік, а праводзіцца ён штогод, стаў адным з самых масавых за апошні час. Пераважная колькасць добраахвотнікаў прыехала з Мінску. То даўнія сябры АПБ, удзельнікі нашага Фестывалю кулікоў ды іншых мерапрыемстваў экалагічнага характару. Да сталічных абаронцаў прыроды па закліку сэрца, не пашкадаваўшы ўласныя выхадныя, далучыліся і шэсць работнікаў нафтаперапампоўваючай станцыі “Тураў” на чале з яе дырэктарам Васілём Каральцом.

Як расказала старшыня раённага аддзялення арганізацыі Анастасія Блоцкая, галоўная задача акцыі – вызваліць пойму ад лазовых зараснікаў і травы, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для гнездавання пярнатых. Раней з гэтым паспяхова спраўлялася буйная свойская жывёла, якую актыўна пасвілі на лузе. Зараз жа насельніцтва не трымае кароў і коней, і яе паступова запаланяе расліннасць, што не лепшым чынам адбіваецца на папуляцыі птушак. Тураўскі луг шырока вядомы ў арнітолагаў не толькі Беларусі, а і Еўропы. У перыяд вясенняй міграцыі тут, на беразе Прыпяці, можна сустрэць шмат відаў крылатых прадстаўнікоў фауны, у тым ліку рэдкіх.

У суботу памочнікі з бензапіламі і трымерамі працавалі на запясоцкім балонні, а наступным днём касілі тураўскі луг. Агульнымі намаганнямі ўдалося не толькі вырубіць хмызняк на значнай плошчы, і ачысціць яе ад бытавога смецця, а яшчэ адрамантаваць вышку для назірання за птушкамі. Раз’язждаліся валанцёры з адчуваннем значнасці свайго ўнёску ў карысную справу, узбагачаныя новымі ведамі і адораныя памятнымі сувенірамі. Арганізатары прэзентавалі кожнаму сімвалічнае кальцо з выявай куліка-гальштучніка ў знак таго, што сёлета станцыі кальцавання ў Тураве споўнілася 20 гадоў.

Дарэчы, жадаючыя пабывалі там на экскурсіі.

Святлана Шакалян,

фота АПБ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.