“Новае жыццё” Марыі Катлярчук

Сельскагаспадарчы комплекс зараз развіваецца сямімільнымі крокамі. На змену дзедавым метадам прыходзяць тэхналогіі, якія яшчэ ўчора здаваліся фантастыкай. Між тым не варта забывацца, што падмурак цяперашнім поспехам АПК закладвалі прадстаўнікі старэйшага пакалення, праца якіх па сучасных мерках проста падобна подзвігу.

Дзяўчына з характарам

– Выхоўвалася я ў савецкай школе, – не згаджаецца з такім высокамоўным вызначэннем перадавая калгасніца з Турава Марыя Катлярчук, – а гэта значыць, найперш трэба думаць пра грамадскае, а потым сваё, ўласнае. Калі б прыйшлося зноў выбіраць прафесійны лёс, не раздумваючы згадзілася, каб усё паўтарылася.

У даяркі яна пайшла ў 1979 годзе ад безвыходнасці. На будоўлю разам з мужам (Іван Мікалаевіч усё жыццё працаваў мулярам) трэба было выбірацца зацемна, дзіцячы сад далёка, вадзіць сыноў-пагодкаў – праблема. А Дварэцкая ферма побач, за пяць хвілін дабяжыш. Маладой жанчыне адразу далі 16 кароў, а даілі статак тады яшчэ ўручную.

— Гэта было падобна на іспыт, — той дзень яна помніць як сёння. – Мала хто спадзяваўся, што маладое худзезнае дзяўчо справіцца з такой нагрузкай. Але ж і я з характарам, ды і вопыт мела, маме на ферме дапамагала з маленства. Так пакрысе і прыжылася ў калектыве. Удзячна, што побач было шмат добрых людзей – і начальнікаў, і калег.

Той час, не зважаючы на цяжкасці (і кармілі пагалоў’е самі, і прыбіралі хлявы, і цялят выхажывалі), Марыя Іванаўна лічыць самым шчаслівым і ніколькі не саромяецца, што, як тады жартавалі, “круціла каровам хвасты”. Праз год да іх прыйшоў прагрэс, наладзілі машынную дойку. Группа, паступова павялічваючыся, даходзіла да паўсотні і больш галоў. Зімою статак трымалі ў памяшканні, а пашавы перыяд – у летнім лагеры за ракою, куды дабіраліся на пароме.

– Маладыя былі, ахвочыя да справы. Мы практычна жылі на рабоце, і дзеці побач раслі, – як само сабой кажа субяседніца. – Кіраўнік калгаса “Новае Жыццё” Васіль Іванавіч Страх мудры быў чалавек. Памятаю, хлопцы мае малыя прыбягуць і з гонарам хваляцца: “Мама, з намі старшыня за руку здароўкаўся”.

Шчырая праца жывёлавода не заставалася незаўважанай. Напрыклад, адна са шматлікіх грамат сведчыць, што Марыя Катлярчук атрымала ад кожнай сваёй рагулі па 5 тысяч кілаграмаў малака, стаўшы лепшай даяркай у вобласці. Больш за дзесяць гадоў Марыя Іванаўна займалася самай цяжкай аперацыяй – раздоем нецеляў. Хто не ведае, гэта выключна ручная фізічная праца. За гадаванцамі сачыла не горш за заатэхніка-селекцыянера, вяла спецыяльны сшытак, куды заносіла важную інфармацыю пра стан кожнай рагулі, якую ведала не па нумару на кліпсе, ў літаральна ў “твар”.

 

Песня –

справе памочнік

З прыходам на старшынёўскую пасаду Мікалая Арцюшкі, які захапляўся мастацкай самадзейнасцю, у нашай гераіні …паменшала часу на хатнія справы. Ведаючы пра яе любоў да песні, жанчыну ён запрасіў у калгасны хор другім голасам. Каб усюды паспяваць, завіхалася з падвоенай хуткасцю. Муж (сем год таму яго не стала) хоць і бурчэў праз жончыны адлучкі, у душы не мог не падтрымаць, бо сам заўзятым гарманістам быў. Яны і пазнаёміліся на вяселлі ў Марыінай вёсцы на Століншчыне, куды Івана з братам запрасілі ў якасці музыкаў. Падросшыя сыны Саша і Гена ўзялі на сябе значную частку бытавых абавязкаў, даглядалі ўласную гаспадарку, сваю карову па чарзе даілі. Нашчадкі даўно абзавяліся сем’ямі, абодва засталіся ў Тураве, зрабіўшы маму бабуляй трох унучак, якія падоўжылі род яшчэ трыма дзяўчынкамі.

Народны калектыў “Палессе” спяваў і на палетках, і на самых высокіх сцэнах, яго выступленні запісвалі на тэлебачанні і радыё, тураўскія артысты-аматары шмат гастралявалі.

 

У працоўным

страі

З хорам Марыя Іванаўна развіталася пару год таму, маўляў, трэба саступаць месца маладым. А вось з працай, уявіце сабе, і на парозе сямідзесяцігоддзя не растаецца, разбіваючы стэрэатып аб тым, што на пенсіі працуюць толькі людзі цёплых камфортных кабінетаў.

– Ну, адпачыла я крыху дома ды засумавала, – з усмешкай тлумачыць сваё рашэнне вярнуцца ў строй неўрымслівы ветэран працы. – Год пяць таму аграном “Тураўшчыны” Валянціна Уладзіміраўна Стаўская запрасіла на дапамогу: “У полі столькі работы, хопіць на лаўцы сядзець”.

У брыгаду па дагавору Марыя Іванаўна ходзіць спраўна. За верасень, напрыклад, у яе табелі пазначана 23 працоўных дні. Зімой, канечне, меней будзе, тады і серыялы глядзець паспее. Пакуль ёсць сілы, трэба рухацца, – выдае на развітанне аптымістычную формулу жыцця патомная калгасніца.

 

Дарэчы

Заўтра, 6 кастрычніка, знакамітаму калгасу “Новае жыццё” споўнілася б 90 гадоў. Слава гэтай гаспадаркі грымела не толькі ў Беларусі, а і за яе межамі. Калектыў дабіваўся неймаверных па тым часе ўраджаяў розных культур, атрымліваў важкія прывагі і надоі. Фермы і багатыя гумусам  палі не аднойчы станавіліся эксперыментальнай пляцоўкаю для ўкранення прагрэсіўных метадаў. Калгас даў пуцёўку ў жыццё многім пакаленням. З яго выйшлі два Героі Сацыялістычнай Працы – брыгадзір трактарнай брыгады Мікалай Рудэнка і галоўны аграном Марыя Ісаева. Пераемнікам “Новага жыцця” стала акцыянернае таварыства “Тураўшчына”. Дзесяць год таму яно аб’яднала пяць прылеглых гаспадарак.

Святлана Шакалян

Фота аўтара    

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.