Прайшоў раённы этап конкурсу “Лепшая маладая сям’я Гомельшчыны”

Надзвычай відовішчным атрымаўся раённы этап абласнога конкурсу “Лепшая маладая сям’я Гомельшчыны”, які прайшоў нядаўна ў гарадскім Цэнтры культуры.  Зрабілі гэта тры ячэйкі  з розных паселішчаў Жыткаўшчыны.

Падчас змагання свае таленавітасць, традыцыі, захапленні і ўменні прадэманстравалі Мікалай і Ірына Дамарад з аграгарадка Кольна, Уладзімір і Яўгенія Волк з Сяменчы і Уладзімір і Вольга Рай з Жыткавічаў. Актыўнасць у саперніцтве праяўлялі і дзеці сужанцаў. Здзіўляць гледачоў канкурсанты пачалі прама ў фае ўстановы культуры, дзе арганізавалі выставу “Мая сям’я – маё багацце”.  Якіх толькі экспанатаў там не было: і фотаздымкі, і падзелкі, і дыпломы, і іншыя вырабы – усё, што раскрывала творчы і сямейны патэнцыял. Не меней ярка яго раскрывалі ўдзельнікі саперніцтва і на сцэнічнай пляцоўцы. Песні і танцы, вершы і  тэатралізаваныя пастаноўкі ў выкананні бацькоў і дзетак прыводзілі ў вялікае захапленне гледачоў.  Даспадобы ўсім прыйшоўся і гульнявы этап спаборніцтва, на якім найлепей праявіліся калектывізм і падтрымка, узаемавыручка, што пануюць у згаданых ячэйках грамадства.

Безумоўна, моц кожнай сям’і заключаецца ў каханні, але як засведчыла саперніцтва яшчэ і ў вялікай любові да сваёй малой радзімы. І невыпадкова, што арганізатары прапанавалі канкурсантам прадэманстраваць  непарыўную сувязь і ласку да сэрца мілых мясцін праз прызму цяпла сямейных адносін. Атрымалася ва ўдзельнікаў гэта вельмі пяшчотна і надзвычай прыгожа. А ўсё таму, што шмат якія знакавыя падзеі ў бацькоў і дзяцей звязаныя з родным краем.

Па выніках саперніцтва трэцяе месца заняла сям’я Волк, другое – у сужанцаў Рай, а вось перамогу святкавалі Мікалай і Ірына Дамарад.  Тым самым апошнія зрабілі першы рашучы крок да фінальнай часткі сямейнага змагання, якое ў хуткім часе адбудзецца ў Нароўлі. Прыз жа глядацкіх сімпатый уручылі  Уладзіміру і Вользе Рай. Адным словам, ніхто не застаўся расчараваным, усе пакідалі залу ГЦК у добрым настроі. А канкурсанты ў чарговы раз прадэманстравалі, што  каштоўнасць сямейных традыцый у нашым грамадстве і надалей застаецца катэгорыяй  найгалоўнейшай і вечнай.

Сяргей БЕЛКА

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.