У ААТ “Жыткавічыхімсервіс” праяўляюць клопат пра абнаўленне базы

Дзякуючы гэтаму ў структурным падраздзяленні ўзведзены новы склад для захоўвання мінеральных угнаенняў,  вядзецца рэканструкцыя іншых аб’ектаў.

На будоўлю патрацілі цэлы год. Рабілі ўсё гаспадарчым спосабам, што ў выніку станоўча адбілася на канчатковым сабекошце.

— Стары склад праслужыў нам больш як пяцьдзясят гадоў, — расказвае начальнік базы Марына Атаманчык. — Зразумела, за такі перыяд эксплуатацыі памяшканне практычна выпрацавала рэсурс, таму захоўваць там мінеральныя ўгнаенні стала практычна немагчымым. Прынятае кіраўніцтвам рашэнне аб аднаўленні сховішча правільнае, як і падыходы да справы. Гэта і дазволіла нам выканаць работы хутка і якасна.

Зараз на аб’екце падводзяць апошнія штрыхі. Выконваецца праца мясцовымі будаўнікамі. У складзе брыгады таварыства Дзмітрый Галавач, Сяргей Корж, Ігар Гулюта і Сяргей Шум. Менавіта на іх плечы і выпаў увесь цяжар дзейнасці на будоўлі.

— Выжыльвацца прыходзілася не на жарт, — гавораць спецыялісты. —  Спачатку давялося разабраць да асновы стары склад, правесці дэфектоўку атрыманых матэрыялаў. Дарэчы, большая іх частка была выкарыстана для ўзвядзення новага памяшкання.

Каб справіцца з аб’ёмамі на даручаным участку, будаўнікі не лічыліся з уласным часам. Таму і тэмпы работ забяспечвалі належныя, і здача аб’екта адбылася ў вызначаны тэрмін.

— Дзякуючы таму, што ўсе работы вяліся гаспадарчым спосабам, і шырока выкарыстоўвалі другасныя матэрыялы, будоўля абышлася нам у сорак тысяч рублёў. У асноўным гэтыя грошы патрачаны на піламатэрыялы, металапрофіль, цамент, — не хавае свайго задавальнення дырэктар таварыства Ігар Галавач. — Цяпер мы можам спакойна і з выкананнем усіх патрабаванняў захоўваць на базе прыкладна тры тысячы тон цвёрдых мінеральных угнаенняў.

Не меней адказна паставіліся ў ААТ «Жыткавічыхімсервіс» і да рэканструкцыі ёмістасцей для ўтрымання КАСаў. Сёлета адну з чатырох абнавілі капітальна.

— Напэўна з самага пачатку ўзвядзення гэты аб’ект не бачыў такога рамонту, — адзначае кіраўнік прадпрыемства Ігар Уладзіміравіч. — Ён таксама праслужыў нам амаль паўвека. Таму і ўзяліся за рэканструкцыю. Нанялі спецыялізаваную арганізацыю, выдзелілі неабходную суму грошай — у выніку адна цыстэрна стала нібы новенькая.

Чаму ў арганізацыі пайшлі менавіта па шляху абнаўлення ёмістасцей для захоўвання КАСаў? Адказ на відавоку — фінансаў патрабуецца намнога менш, каб старое абсталяванне яшчэ праслужыла не адзін дзясятак гадоў. Такім чынам пераробяць яшчэ тры бочкі. Яны вельмі запатрабаваны сельгасвытворцамі.

— Штогод на палеткі і сенажаці вяскоўцамі ўносіцца больш як тры з паловай тысячы тон вадкіх азотных угнаенняў. Забяспечанасць па іх складае дзевяноста працэнтаў. — прыводзіць статыстыку першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко. — Захоўваць іх у такой колькасці праблематычна. У гаспадарках неабходнае абсталяванне не ў лепшым выглядзе. Таму і будзем складзіраваць КАСы на базе «Жыткавічыхімсервіса», магутнасці арганізацыі дазваляюць адначасова прымаць паўтары тысячы тон «элексіру ўрадлівасці». Абнаўленне аб’екта — вельмі важны праект, асабліва ў эканамічным плане. Напрыклад, дзень прастоя чыгуначнай цыстэрны каштуе аграрыям дадатковых пяцісот рублёў.

Вышэйзгаданыя будоўлі — не адзінае, да чаго мяркуюць прыкласці рукі ў акцыянерным таварыстве. На чарзе запланавалі абнавіць павець для складзіравання торфу і сапрапелю.  Такія крокі працаўнікоў прадпрыемства сведчаць, што яны закладваюць трывалы падмурак для будучай дзейнасці.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.