Дзесяць балаў па шкале Апгар*

Больш за ўсе святы Наталля Буйко не любіць уласныя імяніны. І не таму, што прыбаўляюцца гады, проста так і не прывыкла быць у цэнтры ўвагі. А між тым, пайшоў ужо сорак другі год яе ўрачэбнага стажу.

Сваю кар’еру педыятр па адукацыі прысвяціла не проста дзецям, а самым маленькім немаўляткам. Яна – нязменны неанатолаг цэнтральнай раённай бальніцы, чалавек, у рукі якога нованароджаны трапляе ў першыя свае хвіліны, застаючыся пад пільным наглядам да выпіскі дадому. Па самых сціплых падліках доктар, вобразна кажучы, выдала пуцёўку ў жыццё не меньш чым 20 тысячам мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак, што ў сукупнасці перавышае цяперашняе насельніцтва Жыткавічаў і Турава.зеці — самыя лепшыя людзі

У выбары спецыяльнасці Наталлі Уладзіміраўне ўдалося некаторым чынам спалучыць бацькоўскія прафесіі, дзяцей і медыцыну. Галіна Емельянаўна была выдатным школьным матэматыкам. Уладзіміра Андрэевіча памятаюць, як вопытнага афтальмолага, больш за дзесяцігоддзе ўзначальваючага ЦРБ. Пэўны адбітак меў той факт, што сям’я Давыдзенка жыла на тэрыторыі бальніцы. І дзяўчына нібы спакваля напітвалася адпаведнай атмасферай, бачыла, як паважліва ставяцца да людзей у белых халатах, на прыкладе бацькі адчуваючы ўсю высокароднасць прафесіі. Чаму менавіта педыятрыя легла на сэрца?

— Дзеці — самыя лепшыя людзі, на якіх трэба звярнуць увагу, — вырашыла будучы неанатолаг, падаючы дакументы на педыятрычны факультэт. — Але стаць студэнткай мне пашанцавала толькі з другой спробы. Рыхтуючыся да экзаменаў, год працавала бетоншчыцай у міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі. А асаблівая любоў да нованарожданых з’явілася падчас практыкі.

Шчасце ў далонях

Дачка ўрача і сужэнца абрала калегу-аднакурсніка. На першае працоўнае месца ў Петрыкаў яна ехала з мужам Уладзімірам Буйко і маленькім сынам, які нарадзіўся падчас вучобы. Пасля адпрацоўкі  пара па кантракту трапіла ў Германію. Тры гады абодва практыкаваліся ў Лейпцыгскім ваенным шпіталі, што абслугоўваў групу савецкіх войскаў. Афіцэры, зразумела, мелі жонак, якія нараджалі дзяцей, а нашы беларусы іх лячылі. Ну, а потым, вярнуўшыся ў Жыткавічы, малой радзіме Наталля Уладзіміраўна больш не здраджвала.

Мінулы час умясціў шмат розных падзей уласнага характару. І сумных (у дарожнай аварыі загінуў муж), і радасных, звязаных з сям’ёй. Малодшы сын працягнуў медыцынскую дынастыю, стаўшы анестэзіёлагам. Дзеці зрабілі жанчыну бабуляй чатырох хлопчыкаў, і яна не губляе надзеі, што нехта з іх мажліва таксама дасць клятву Гіпакрата.

— Праца — маё жыццё, — прызнаецца мікрапедыятр, якая ўжо ратуе немаўлят першых сваіх пацыентак. — Самая вялікая радасць, калі дзіцятка не мае ніякіх адхіленняў. Толькі так адбываецца, на жаль, не заўжды. Гэта цяпер у Жыткавічах нараджаюць цяжарныя без паталогіі ці тыя, хто не паспеў трапіць у спецыялізаваны раддом. Раней выхажвалі ўсіх малышоў на месцы.

У рабоце ўрача здараліся дзеткі па кіло дзвесці, паўтара кг. І нават рэкордная пяцісотграмовая Дзюймовачка, якую паспяхова адхаялі. На хвіліначку, гэта была сярэдзіна васьмідзясятых. Адзін-два разы на год жыткаўчанкі давалі “двайны” план, а ў Петрыкаве ёй прыйшлося рэаніміраваць нават трайню. Наталля Уладзіміраўна прыгадвае, што ў лепшыя часы наша радзільнае аддзяленне штогадова прымала да тысячы немаўлят. Цяпер — разы ў чатыры меней. І не толькі з-за адмоўнай дэмаграфіі. Нямала нашых жанчын становяцца мамамі у Мазыры і Гомелі, дзе для аказання такой дапамогі створаны найспрыяльнейшыя ўмовы, ёсць сучаснае абсталяванне і спецыялісты вышэйшай кваліфікацыі.

Амаль палову з чатырох працоўных дзясяцігоддзяў доктар Буйко сумяшчала практыку з адміністрацыйнай дзейнасцю. Пасада намесніка галоўнага ўрача ЦРБ па медыцынскай частцы вымагала не толькі да наладжвання прадукцыйных стасункаў у калектыве. Як чалавеку, у абавязкі якога ўваходзіў кантроль за аказаннем дапамогі ў стацыянары, ёй прыходзілася ўнікаць ва ўсе сумежныя прафесіі, пастаянна павышаючы ўзровень ведаў. Не пакідаючы любімую неанаталогію, яна некаторы час паралельна загадвала дзіцячым аддзяленнем бальніцы.

Сёння Наталля Уладзіміраўна таксама вядзе некалькі палат, афіцыйна лічыцца раённым педыятрам і па-ранейшаму апякуе новых грамадзян, прыходзячых у гэты свет.

— Рабі, што патрэбна, і здзейсніцца, чаму наканавана быць, — выраз Марка Аўрэлія субяседніца ўзяла за прафесійнае крэда. — Нягледзячы на салідны багаж за плячыма, мне яшчэ цікава працаваць, а запатрабаванасць прыдае стымул, каб заставацца ў страі.

Днямі адміністрацыя і прафсаюзны камітэт цэнтральнай раённай бальніцы цёпла віншавалі Наталлю Уладзіміраўну з юбілеем. Прызнаючыся ў павазе, калегі высока ацэньвалі кваліфікацыйныя і чалавечыя якасці імянінніцы і зычылі ёй здароўя ды прафесійнага даўгалецця.

*Шкала Апгар — сістэма хуткай ацэнкі стану нованароджаных, распрацаваная амерыканскім урачом-анестэзіёлагам Вірджыніяй Апгар. Пад увагу бярэцца сумарны аналіз пяці паказчыкаў: колер скуры дзіцяці, частата сардэчных скарачэнняў, рэфлекторная ўзбуджальнасць, мышачны тонус і дыханне. Вынік ацэньваецца ад 0 да 10 балаў.

Святлана Шакалян,

фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.