Гонар і задавальненне ад зробленага

Аграрыі Жыткаўшчыны сустракаюць сваё прафесійнае свята добрымі вытворчымі здабыткамі. Аб іх карэспандэнт раёнкі папрасіў расказаць першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка райсельгасхарчу Мікалая П’яўко.

????????????????????????????????????

— Мікалай Мікалаевіч, да мінулагодняга ўзроўню па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў грамадскім сектары за дзевяць месяцаў АПК прырос на сем працэнтаў. За кошт чаго забяспечана такая прыбаўка?

— Адразу адзначу, што па тэмпах росту валавай прадукцыі Жыткаўшчына за акрэслены перыяд заняла першае месца ў вобласці. Гэта стала магчымым дзякуючы зладжанай і выніковай рабоце калектываў акцыянерных таварыстваў “Тураўшчына”, “Прыазёрскае-Агра”, “Дзякавічы” аддзялення Хлупін “Агра-Ляскавічы”, сялянскай гаспадаркі М.Р. Шруба. Выдатна спрацавалі вяскоўцы ў раслінаводчай галіне. Мы маем тут прыбаўку да леташняга 6,3 працэнта. У той жа час абласны паказчык складае толькі 93,6 працэнта. У бункернай вазе намалацілі 33,4 тысячы тон збажыны пры ўраджайнасці 27,6 цэнтнера з гектара. У мінулым годзе сабралі зерня на 10 тысяч меней пры аддачы кожнага гектара 23,6 цэнтнера. Найвышэйшая ўраджайнасць збажыны ў сялянскай гаспадарцы М.Р. Шруба (54,5 цэнтнера) і акцыянерным таварыстве “Тураўшчына” (48,3 цэнтнера). Дарэчы, у апошнім прадпрыемстве засяроджана 45,9 працэнта  агульнараённага каравая. Увогуле прырост па валу зерня атрыманы ва ўсіх гаспадарках.

— Сёлета як ніколі аграрыі папрацавалі на кукурузным палетку.

— Гэта так. Толькі зерня з культуры намалацілі амаль дваццаць тысяч тон. Назапашана з “каралевы палёў” амаль сто семдзясят тысяч тон сіласу. Калі гаварыць пра нашу кармавую базу, то з траў маем 47,7 тысячы тон кармавых адзінак, або ў разліку на адну ўмоўную галаву 19,8 цэнтнера. Больш усіх маюць запас фуражу ў ААТ “Агра-Ляскавічы”,  “Дзякавічы”, СГ М.Р. Шруба і ААТ “Прыазёрскае-Агра”. Вось тая аснова, якая дазволіць нам паспяхова шчыраваць у жывёлагадоўлі.

— Канечне, хлеб усяму галава. Разам з тым вялікае значэнне мае для вытворцаў і агародніна. Як склаліся справы на грамадскім агародзе?

— У раёне вырашчана 6229 тон агародніны. Гэты аб’ём атрымалі ў сялянскай гаспадарцы М.Р. Шруба і ААТ “Тураўшчына”.

— Па ўдзельнай вазе вытворчасці сельгаспрадук-цыі 44,1 працэнта дала раслінаводчая галіна і 55,9 жывёлагадоўля. Ацаніце намаганні працаўнікоў ферм.

— Пры падвядзенні вынікаў работы вышэйзгаданай галіны ў зрэзе раёнаў вобласці ў рэйтынгавай табліцы, у якой ацэньваюцца нашы высілкі па адзінаццаці паказчыках, Жыткаўшчына заняла трэцяе месца. Мы саступілі толькі Мазырскаму і Рэчыцкаму раёнам. За студзень–верасень 2019 малака і мяса атрымана на 31,6 мільёна рублёў, што болей на 7,6 працэнта, чым мелася на такі перыяд у мінулым годзе. Па вобласці гэты паказчык 95,9 працэнта. На грамадскіх фермах надоена 38566,3 тоны малака. Прыбаўка склала 459,9 тоны. З прыростам па вытворчасці малака спрацавалі ў акцыянерных таварыствах “Дзякавічы”, “Людзяневічы”, “Прыазёрскае-Агра”, сялянскай гаспадарцы Міхаіла Шруба. Ад адной каровы надоена 3862 кілаграмы малака. Найбольшая прадуктыўнасць статка назіраецца ў СГ М.Р. Шруба (7422 кілаграмы) і ў ААТ “Тураўшчына” (4220).

Нядрэнна абстаяць і справы з рэалізацыяй прадукцыі перапрацоўшчыкам. На Тураўскі камбінат яе пастаўлена 34,9 тысячы тон, дабавіўшы 381,8 тоны і пры таварнасці (90,4 працэнта).

— А якія паказчыкі нашы аграрыі маюць у мясной галіне?

— Мяса буйной рагатай жывёлы атрымана 2950,8 тоны або на 16 працэнтаў болей леташняга. Рэалізавана ялавічыны па ўсіх каналах 2274 тоны (110,7 працэнта). Павялічылася на 24 кілаграмы і сярэдняя маса адной галавы, якую прадалі на перапрацоўку. Сярэднясутачныя прывагі выраслі да 460 грамаў. Прырост па прадуктыўнасці забяспечылі  ў ААТ “Тураўшчына”, аддзяленні Хлупін “Агра-Ляскавічы” і сялянскай гаспадарцы М.Р. Шруба. Сярод станоўчых момантаў у рабоце грамадскай жывёлагадоўлі адзначу: павелічэнне больш як на тысячу галоў колькасці прыплода, зніжэнне падзяжу, атрыманне прыбытку, рост заробкаў і іншае.

— Усё дасягнутае з’яўляецца плёнам працы па ўдасканаленню тэхналагічных працэсаў і ўмацаванні матэрыяльнай базы гаспадарак.  Што ўдалося зрабіць ў згаданым накірунку?

— Пачну з таго, што ў акцыянерным таварыстве “Дзякавічы” ўзводзіцца буйны малочна-таварны комплекс на дзве з паловай тысячы галоў дойнага статка. Будаўніцтва новай фермы плануецца распачаць і ў камунальным сельгаспрадпрыемстве “Чырвоны Бор”. Склад для захоўвання мінеральных угнаенняў закончаны на базе ААТ “Жыткавічыхімсервіс”. За год сельгасарганізацыі атрымалі ў карыстанне больш як сто адзінак разнастайных машын і агрэгатаў. Менавіта такое папаўненне  дазволіла нам працаваць намнога тэхналагічней, у асноўным завяршыць палявыя работы ў вызначаныя тэрміны.

Уплыў на нашы здзяйсненні аказваюць і цесныя партнёрскія сувязі. Не магу не адзначыць старанні меліяратараў з ПМК-66 і Жыткавіцкага ПМС, якія дапамагаюць вяскоўцам уводзіць у сельгасабарот сотні гектараў раней невыкарыстоўваемых зямель. Тэхніка згаданых арганізацый працуе і на іншых участках.

У кожнай кампаніі прымаюць актыўны ўдзел механізатары ААТ «Жыткавічыхімсервіс». Яны ў гаспадарках сеюць, апрацоўваюць палі, убіраюць ураджай, вапнуюць глебу, забяспечваюць вяскоўцаў мінеральнымі ўгнаеннямі.

Узнаўленне тэхнікі сельгас-вытворцаў пастаянна ідзе на базе Жыткавіцкага агратэхсервіса. Знаходзім узаемапаразуменне з калектывам хлебнай базы, Тураўскім малочным камбінатам. Радуе, что адраджаецца рыбная галіна раёна. Сёлета яе працаўнікі выдадуць больш як 700 тон прадукцыі.

А ад кожнай годна выкананай справы атрымліваеш задавальненне і ганарышся.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.