на прылаўку ААТ “Жыткавічыхімсервіс” заўсёды знаходзіцца жывая рыба

На кожным сельскагаспадарчым кірмашы на прылаўку акцыянернага таварыства “Жыткавічыхімсервіс” заўсёды знаходзіцца жывая рыба. Ладных карпоў і шчупакоў з вялікай ахвотай набываюць людзі.  Нават пастаянныя кліенты ўжо з’явіліся. А гэта прыкмета таго, што прадукт прыходзіцца ўсім даспадобы.

Каб дабіцца такога поспеху, працаўнікі таварыства добра стараліся  круглы год, бо згаданая прадукцыя – гэта вынік іх працы. Як вядома, да прадпрыемства далучылі рыбгас-банкрут. На некалькіх сажалках гаспадаркі арганізацыя і пачала вырошчваць рыбу. Закупілі пасадачны матэрыял, які вясной паспяхова  запусцілі ў ваду.  З таго часу і пайшла справа. Малькоў старанна кармілі, праводзілі іншыя тэхналагічныя прыёмы, канечне ж, ахоўвалі ад сквапных бракан’ераў.

– Усё было наладжана на ўзроўні, – расказвае начальнік рыбнай базы Станіслаў Мосін. – Кармоў прадпрыемства выдзяляла дастаткова, як і спецыялістаў для патрулявання. Нямала зроблена і па абнаўленні тэхналагічнага абсталявання,  вытворчых збудаванняў. Таму і атрымалі запланаваныя аб’ёмы рыбы.  Яна ў нас толькі элітная і буйная.

Па словах дырэктара таварыства Ігара Галавача, вялікі ўклад у справу менавіта начальніка базы і рыбавода Віктара Галавача, якія і ажыццяўлялі ўсе доглядныя мерапрыемствы. А вось аблоў калектыў вёў сумеснымі намаганнямі. У якасці рыбакоў выйшлі не толькі рабочыя “Жыткавічыхімсервіса”, але і спецыялісты. Падчас  збору ўраджаю на “блакітнай ніве” выдатна працавалі галоўны інжынер Аляксей Навасялецкі, інжынер па ахове працы і тэхніцы бяспекі Аляксандр Кайчук, рабочыя Уладзімір Піскун, Аляксандр Найдзін і іншыя.  Брыгады займаюцца вылавам не ва ўрон выкананню сваіх асноўных службовых абавязкаў.

– Прыходзіцца разлічваць толькі на ўласныя сілы, – гаворыць Ігар Уладзіміравіч. – Гэта неабходна, каб захаваць канкурэнтаздольнасць нашай прадукцыі. Усё ж мы не спецыялізаваная рыбная гаспадарка,  на прадпрыемства ўскладзены іншыя задачы, але разам з тым шматпрофільнасць вытворчасці дазваляе больш упэўнена трымацца на плаву.

Падчас зарыблення ў акцыянерным таварыстве запланавалі атрымаць больш як шэсцьдзясят тон таварнай рыбы. З заданнем, як засведчыў аблоў, справіліся даволі ўпэўнена. Уся рыба адсартыравана і  размеркавана па садках на зімоўку. Цяпер кіраўніцтва прадпрыемства актыўна шукае пакупнікоў на свой тавар. Рэалізуюць яго пастаянна праз уласныя гандлёвыя кропкі. Як было сказана вышэй, карпы, шчупакі і карасі паспяхова разыходзяцца на кірмашах. Ёсць і іншыя напрацоўкі для паставак. Адным словам, як упэўнены ў арганізацыі, іх рыба не залежыцца, а дасць добры прыбытак.

…На сажалках ААТ “Жыткавічы-хімсервіс” давялося пабываць практычна пад канец збору ураджаю. Наведванне выпала як раз на невялікі тэхналагічны перапынак. Таму работнікі дружна сабраліся ля палявой кухні, каб адведаць наварыстай юшкі. Яна ўдалася на славу, бо заправілі яе рыбай, якую старанна вырасцілі ўласнымі рукамі. Як кажуць, што няма нічога смачнейшага за той хлеб, які зарабіў сам.  Таму ва ўсіх панаваў добры настрой, што асабліва важна  ў любой справе. Іх жа ў калектыва ААТ “Жыткавічыхімсервіс” нямала. І да кожнай тут падыходзяць надзвычай адказна, удумліва і з дакладным разлікам. Напэўна, таму і маюць штогод нямала поспехаў.

Сяргей БЕЛКА

Фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.