У кагорце лепшых бізнесоўцаў

Не злічыць, колькі разоў ААТ “САТУРН-1” станавілася лаўрэатам розных беларускіх і міжнародных змаганняў. Заваяваным узнагародам ужо цесна на сцяне дырэктарскага кабінета. Днямі на гэтай імправізаванай Дошцы гонару забілі яшчэ адзін цвік для чарговага дыплома — за перамогу у Нацыянальным конкурсе “Лепшы прадпрымальнік-2018” ў намінацыі «Стабільны поспех».

Такога пачэснага тытула кіраўнік прадпрыемства Міхаіл Саскевіч удастойваецца больш за дзесяць гадоў. Але падобныя рэгаліі бізнесовец успрымае не як самамэту, а хутчэй прыемны бонус, дадаючы, што трымаць планку заўжды цяжэй, чым дасягнуць яе ўпершыню.

Арганізоўваючы на зары прадпрымальніцтва ўласную справу, як кажуць, на каленцы, наўрад ці мог ён марыць, што за такі кароткі час здолее дасягнуць сапраўдных вяршынь. Пазнавальны стыль, трывалыя традыцыі і дзелавая рэпутацыя — па гэтых складніках жыткавіцкі “САТУРН” сёння пазнаюць у Беларусі і за мяжою.

— Памылкова думаць, што жыццё наша такое бязвоблачнае, — аналізуе пройдзены маршрут дырэктар, — былі свае ўзлёты, і без падзенняў не абыйшлося, але мы ніколі не скараліся цяжкасцям. Аснова любога дасягнення – праца і яшчэ раз праца. Калі аддаеш сябе вытворчасці і патрабуеш таго ад калектыву, тады прыйдзе і прызнанне, і поспех.

Міхаіл Пятровіч заўжды падкрэслівае: у тым, чаго дабіўся, вялізная заслуга яго каманды, дзе кожны — ад кіраўніка да рабочага — уносіць сваю лепту ў агульную скарбонку. У правінцыйнай глыбінцы, ўдалечыні ад прамысловых цэнтраў Саскевічу ўдалося аб’яднаць вакол сябе залатыя кадры, выхаваўшы многіх унікальных спецыялістаў прама на вытворчасці. Ён упэўнены, што пры наяўнасці патэнцыялу, жадання працаваць і старання, усё, як след, атрымаецца нават у чалавека без спецыяльнай адукацыі. Такіх прыкладаў шмат.

Нароўні з умацаваннем прафесіяналізму вялікая ўвага на прадпрыемстве надаецца высокай тэхнічнай аснашчанасці, без чаго нельга выконваць заказы на сучасным узроўні. У цахах ААТ працуе выключна найноўшае абсталяванне. Напрыклад, апошнім набыткам, японскай устаноўкай плазменнай рэзкі металу ў фармаце 3Д, могуць пахваліцца хіба што айчынныя прамысловыя гіганты машынабудавання. Акрамя таго, толькі сёлета кампанія купіла пяць станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем, заканчвае будаўнiцтва прасторнага вытворчага модуля, які ўзвялі ўласнымі сіламі пад забеспячэнне новых заказаў.

А іхні партфель, трэба сказаць, не пустуе. У той час як многія заводы вымушаны датэрмінова завяршаць год, “САТУРН” забяспечаны працай на ўвесь снежань і наступныя два кварталы, уносячы немалы ўклад у дзяржаўную праграму імпартазамяшчэння і знешнеэканамічную дзейнасць.

— Мы цэнім сваіх партнёраў, — дзеліцца стратэгіяй Міхаіл Саскевіч, — таму стараемся выконваць кожны заказ без зацяжных узгадненняў, у максімальна сціслыя тэрміны і не ва ўрон якасці. Прыемна ўсведамляць: ніводнага разу нікога не падвялі. Хаця прадпрыемству часта давяраюць даволі складаныя вырабы, што вымушае шукаць новае канструктыўнае рашэнне, нават вынаходнічаць.

За дзевяць месяцаў кампанія атрымала выручку ад рэалізацыі тавараў і паслуг у памеры амаль дзесяці з паловай мільёнаў рублёў. Чысты прыбытак перавысіў 1 млн. 200 тыс. рублёў. Сярэдняя заработная плата дасягнула 1280 рублёў. Па ўсіх асноўных параметрах назіраецца станоўчая дынаміка. Таму ёсць усе падставы, каб і па выніках гэтага года прэтэндаваць на прадпрымальніцкі Оскар.

Пра конкурс

Лепшых айчынных прадпрымальнікаў пачалі вызначаць з 1997 года. Мэта спаборніцтва — развіццё бізнес-ініцыятывы і стымуляванне дзелавой актыўнасці насельніцтва. Сёлета на конкурс паступіла звыш сотні заявак. Уладальнікамі галоўнага тытулу ў чатырох намінацыях прызналі кіраўнікоў 27 кампаній і аднаго індывідуальнага прадпрымальніка. Узнагароды на мінулым тыдні лаурэатам уручыў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас.

Гісторыя поспеху

ААТ “САТУРН-1” заснавана ў ліпені 1991 года. Зараз спецыялізуецца на выпуску камплектучых  для рухомага саставу чыгункі. Для профільных прадпрыемстваў вырабляецца 75 працэнтаў прадукцыі. Сярод заказчыкаў — вагонабудаўнiчыя i вагонарамонтныя заводы Беларусі, Расіі, Прыбалтыкі, Украіны.

Астатні аб’ём прыпадае на “Беларускалій”, у прыватнасці, заказы на вытворчасць дэталяў для горна-здабываючай тэхнікі, і домабудаўнічыя камбінаты, для якіх жыткаўчане робяць розныя металаканструкцыі. Бярэцца прадпрыемства і за выраб нестандартных форм па індывідуальных чарцяжах.

У штаце знаходзіцца 167 чалавек, з пачатку года ён павялічыўся на 9 рабочых. Акрамя забеспячэння занятасці насельніцтва і папаўнення раённага бюджэту, таварыства ўдзельнічае ў розных сацыяльных праектах. Так, толькі сёлета аказана спонсарская дапамога СШ №3 і двум дзіцячым садкам, а яшчэ сіламі калектыву была добраўпарадкавана тэрыторыя двух памятнікаў.

Імя Міхаіла Саскевіча занесена ў вялікую міжнародную энцыклапедыю «лепшыя людзі» — сумесны праект Расіі, Украіны, Казахстана і Беларусі.

Святлана Шакалян,

фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.